Кітайскія традыцыйныя віды фізічнай актыўнасці, якія раней былі папулярныя пераважна сярод людзей сярэдняга і пажылога ўзросту, зараз заваёўваюць сэрцы моладзі, узбагачаючы спосабы падтрымання фізічнай формы, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Цзян Сі ўжо трэці год публікуе ў сацыяльных сетках відэа з практыкай Бадуаньцзінь — комплексу практыкаванняў цыгун. Яе просты стыль і натуральная падача прыцягнулі тысячы падпісчыкаў.
Бадуаньцзінь, які налічвае больш за восем стагоддзяў гісторыі, традыцыйна быў распаўсюджаны сярод пажылых людзей. Аднак апошнія гады да гэтай і іншых традыцыйных практык усё часцей звяртаецца моладзь. Навучальнае відэа, размешчанае Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах фізкультуры і спорту КНР на платформе Bilibili, набрала звыш 10 мільёнаў праглядаў. Запыт «Пяціхвілінны Бадуаньцзінь для офіса» стаў асабліва папулярны сярод маладых карыстальнікаў.
«Бадуаньцзінь не патрабуе спецыяльнага памяшкання, просты ў засваенні і адрозніваецца высокай эфектыўнасцю, таму стаў новым фаварытам сярод моладзі. Гэта не проста фізічная актыўнасць, а лад жыцця, які дазваляе засяродзіцца на сабе і выхоўваць характар», — кажа Цзян Сі.
Мастацтва тайцзіцюань таксама ўжо даўно перастала быць прэрагатывай выключна пажылых людзей — яно прыцягвае ўсё больш студэнтаў. На спартыўных пляцоўках і ў парках усё часцей можна ўбачыць маладых людзей, якія займаюцца гэтай практыкай.
У кампусе Пекінскага ўніверсітэта прапануецца мноства курсаў тайцзіцюань, развіваюцца клубы і праводзяцца спаборніцтвы. У прыватнасці, заняткі пад кіраўніцтвам Чай Юньлуна, чэмпіёна свету па ушу, карыстаюцца вялікай папулярнасцю. «Тайцзіцюань не толькі ўмацоўвае цела маладых людзей, але і дапамагае рэгуляваць эмоцыі, супакойвае і сілкуе сэрца», — кажа выкладчык.
Згодна з праграмай «Здаровы Кітай-2030», улады падтрымліваюць папулярызацыю тайцзіцюань, цыгун і іншых традыцыйных відаў фізічнай актыўнасці. Сёння гэтыя практыкі ўваходзяць у школьную праграму, дапамагаючы ўсё большай колькасці людзей не толькі ўмацоўваць цела, але і далучацца да традыцыйнай культуры Паднябеснай.