Top.Mail.Ru

Трактарыст-машыніст Валерый Якубіч — аб працы на роднай ніве і ўдзеле ва УНС

Дэлегат ад зямлі


Напярэдадні Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу асабліва хочацца расказваць пра людзей, якія аддаюць жыццё цяжкай вясковай працы. Валерый ЯКУБІЧ — менавіта такі чалавек. 

Ён трактарыст-машыніст сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «АграНіва» Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, дэлегат VІІ Усебеларускага народнага сходу. Першы раз узяў удзел ва УНС у красавіку 2024 года, у 2025-м удзельнічаў у другім пасяджэнні.

«Лепш працаваць, чым ваяваць»

Валерый Сяргеевіч нарадзіўся ў вёсцы Хлебішча, што недалёка ад Камянца. Вучыўся ў ПТВ № 158 на трактарыста-машыніста і больш за 30 гадоў працуе па гэтай спецыяльнасці ў «АграНіве». Яго праца адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі: медалём «За працоўныя заслугі» і ордэнам Пашаны. Менавіта таму Валерыя Якубіча і вылучылі ў дэлегаты — ад прафсаюза АПК.

На пытанне, што найбольш запомнілася з прамовы Прэзідэнта на сходзе, Валерый Сяргеевіч адказаў, што яму асабліва спадабалася шчырая размова кіраўніка дзяржавы аб важнасці сельскай гаспадаркі:

— Запомнілася, як ён параіў: «Устаньце і паглядзіце ў люстэрка, што вы зрабілі для таго, каб лепш жыць». 

І сапраўды, трэба паглядзець на сваю працу, ацаніць, што ты зрабіў, каб жыць лепш. Таксама запомнілася зразумелая ўсім думка Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што лепш працаваць, чым ваяваць.


Словы Прэзідэнта аб працы і адказнасці сталі асабістым арыенцірам для Валерыя Якубіча — трактарыст усё жыццё працуе на зямлі і штодня бачыць іх сэнс на сваім полі.

У гарачы сезон Валерый Сяргеевіч задзейнічаны ва ўсіх відах палявых работ, а зімой — на раздачы кармоў на ферме.

— Усё, што трэба ў калгасе, тое і раблю, — сціпла кажа ён.

А размаўлялі мы з ім падчас завяршэння ўборкі кукурузы на сілас. Механізатар працаваў на кормаўборачным камбайне. Акрамя таго, ён займаецца нарыхтоўкай саломы. На пытанне, ці не хацелася б памяняць працу, адказвае коратка:

— Ну ўжо некалі сыходзіць. Я прывык да фізічнай працы і сваёй гаспадаркі...

Любоў да зямлі — у спадчыну

Дваццацідвухгадовы Дзмітрый, сын нашага суразмоўцы, працягнуў справу бацькі. Ён таксама скончыў Высокаўскае вучылішча (цяпер аграрны каледж) і ўжо два сезоны ўбіраў збожжа на камбайне. Хлопец не пабаяўся цяжкай працы, бо з маленства бачыў, як працуе бацька, катаўся з ім на трактары.

Ёсць у Валерыя Сяргеевіча і дачка — ёй 35 гадоў, скончыла будаўнічы інстытут і працуе ў Брэсце. Падрастае ўнучка, а дома яго чакае любая жонка Ларыса.

Валерыю Якубічу любоў да зямлі перадалася ад бацькоў, якія працавалі ў сельскай гаспадарцы: маці Марыя Акімаўна была паляводам, а бацька Сяргей Сямёнавіч — паштальёнам, развозіў газеты, лісты і пенсіі на кані ў суседнія вёскі. Галоўны ўрок сваіх бацькоў памятае дакладна: «Каб сумленна працаваў, каб было нясорамна паглядзець на вынік сваёй працы».


Валерый Сяргеевіч з дзяцінства марыў ездзіць на трактары: 

— Калі я быў маленькі, ехаў на веласіпедзе да поля, прасіў, каб пакаталі на трактары. Так хацелася гэтага!

Народная ўлада ў дзеянні

На пытанне, наколькі, на яго думку, важны Усебеларускі народны сход для краіны, Валерый Якубіч адказаў па-сялянску проста і дакладна:

— Раз збіраюць, значыць, важна. Ну прыняў бы рашэнне адзін чалавек — і ўсё. А тут збіраюць нават простых рабочых, трактарыстаў, даярак, настаўнікаў... Як вы думаеце, дзеля чаго? Каб усе разам вырашалі важныя для краіны пытанні.

У снежні адбудзецца чарговае пасяджэнне VІІ Усебеларускага народнага сходу. Валерый Сяргеевіч апране парадны касцюм, возьме свой дэлегацкі мандат і паедзе ў Мінск. Але і пасля сходу працы хопіць: зімой, як заўсёды, трэба будзе займацца абслугоўваннем ферм, раздачай кармоў, саломы.

— Ужо завершана ўборка кукурузы, сіласныя траншэі закладзены. Сёлета культура ўрадзіла, ураджай добры, так што будзем з кармамі! — запэўніў аграрый. — А ў сельскай гаспадарцы праца кожны дзень ёсць.

Наша размова з Валерыем Якубічам — дэлегатам УНС і заслужаным працаўніком — яшчэ раз даказвае, што дзяржава трымаецца на людзях, якія штодня робяць сваю справу на зямлі, і што менавіта іх праца, сумленнасць і адказнасць — гэта і ёсць народная ўлада ў дзеянні.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю