Top.Mail.Ru

Трамп распарадзіўся зняць санкцыі з дызелю РФ, бо гэта выгадна Вашынгтону — дзяржсакратар ЗША

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп распарадзіўся зняць санкцыі з расійскага дызельнага паліва, бо гэта выгадна Вашынгтону. Такую заяву зрабіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.

«Гэта пойдзе на карысць Злучаным Штатам, а таксама іншым краінам. Прэзідэнт прыняў такое рашэнне не таму, што яно выгадна Украіне ці Расіі, а таму, што яно карысна для Амерыкі і важна для Амерыкі», — сказаў Рубіа ў інтэрв’ю парталу Breitbart News.

Дзяржсакратар ЗША падкрэсліў, што попыт на дызельнае паліва ў свеце вырас, і Злучаныя Штаты ўжо аднойчы звярталіся да падобнай меры ў дачыненні да расійскага паліва. «Прэзідэнт вырашыў паўтарыць гэты крок і ўвесці 30-дзённы мараторый на санкцыі, каб дазволіць павялічыць пастаўкі расійскага дызелю на глабальны рынак», — адзначыў ён.

Таксама Рубіа сказаў, што ЗША лічаць, што канфлікт ва Украіне павінен завяршыцца дыпламатычным шляхам. Пры гэтым, паводле яго слоў, у Вашынгтоне прызнаюць, што дасягнуць гэтага ў дадзены момант няпроста. «Такая сітуацыя, якая склалася — яе складана абмяркоўваць на перагаворах і складана ўрэгуляваць. Злучаныя Штаты па-ранейшаму гатовыя і здольныя выступіць у ролі пасрэдніка, калі з’явіцца шанц завяршыць гэту вайну шляхам перагавораў — а менавіта так, мы лічым, і скончыцца гэтая вайна», — выказаў меркаванне амерыканскі дзяржсакратар. Рубіа падкрэсліў, што ЗША працягнуць прыкладаць намаганні для пошуку магчымых рашэнняў, аднак адзначыў, што ў Вашынгтона ёсць і іншыя прыярытэты ў знешняй палітыцы.

Газета The Economic Times цытуе такія словы Рубіа: «Нам прыйшлося адмяніць санкцыі з-за іх уплыву на сусветныя пастаўкі і цэны. Зараз мы спрабуем завяршыць гандлёвае пагадненне з Індыяй, якая з’яўляецца нашым важным саюзнікам і гандлёвым партнёрам. Мы вельмі блізкія да гэтага. Гэта адзін з фактараў, які разам з патрэбамі Індыі ў імпарце расійскай нафты мы ўлічвалі, калі прэзідэнт Трамп прыняў пастанову аб скасаванні санкцый у мэтах нацыянальнай бяспекі».

Дональд Трамп 18 верасня падпісаў прыняты Кангрэсам ЗША законапраект, які прадугледжвае ўзмацненне жорсткасці санкцый у дачыненні да РФ. Згаданы закон прадугледжваў павышэнне пошлін на 500% на пастаўкі тавараў з РФ, а таксама на 100% з краін, якія з’яўляюцца ключавымі пакупнікамі расійскіх энерганосьбітаў. Згодна з законам, Вашынгтонская адміністрацыя можа не прымаць гэтыя меры, калі лічыць, што гэта не адпавядае інтарэсам ЗША. Пазней, 17 кастрычніка, прэзідэнт ЗША падпісаў указ аб тым, што ключавыя палажэнні закона пакуль прымяняцца не будуць. 

9 кастрычніка прэзідэнты Расіі і ЗША Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп правялі тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі ў тым ліку пастаўкі нафтапрадуктаў. Як заявіў лідар РФ, Масква пацвердзіла гатоўнасць пастаўляць нафту і нафтапрадукты на амерыканскі і сусветны рынкі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю