На мінулым тыдні ў Доме прэсы эксперты абмеркавалі тэмпы ўзвядзення жылля ў Мінску і прыгарадзе, а таксама новыя падыходы да будаўніцтва. Асаблівую ўвагу выклікаў досвед рэалізацыі жылога комплексу «Сакаліны край» у пасёлку Мачулішчы.
Ад мікрараёна да экалагічнай сядзібы
Як расказаў начальнік РУП «Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва» Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Яўген ГАЛІН, іх праект — гэта 21 жылы дом і 10 чэргаў будаўніцтва. Першыя дамы здавалі ў 2021 годзе. На сёння рэалізавана 2 з 10 чэрг — гэта пяць дамоў на 400 кватэр.
«Наперадзе яшчэ шэсць чэрг, дзе будзе пабудавана каля паўтары тысячы кватэр. Акрамя таго, у нас ёсць дзве чаргі будучага будаўніцтва, якія мы называем сацыяльнай інфраструктурай: гандлёвы цэнтр, дзіцячы садок. Побач мясцовымі ўладамі плануецца ўзвядзенне школы», — адзначыў ён.
Чаму «Сакаліны край»? На назву натхніў запаведнік «Сакаліны», які знаходзіцца побач. «Гэта экалагічна чыстае, спакойнае, ціхае месца. Мы прынялі рашэнне не будаваць высокія дамы, каб было шмат святла, паветра і зелені. Нашы слоганы: „Гарадское жыццё за горадам“ і „Гарадскі камфорт за горадам“. Мы не будавалі гмахі на 9 ці 11 паверхаў», — падкрэсліў Яўгеній Галін.

Асобную ўвагу спікер удзяліў транспартнай даступнасці. «У мяне часта пытаюцца: „Мачулішчы — гэта ж доўга, далёка ехаць?“ Ад цэнтра Мінска, нават у час пік, з плошчы Кастрычніцкай — 25–27 хвілін. Маршруткі ходзяць кожныя 15 хвілін. Акрамя таго, у нас ёсць два аўтобусныя маршруты, а таксама можна даехаць на электрычцы непастрэдна ў цэнтр», — расказаў ён.
Лічбы, якія гавораць самі за сябе

Як адзначыў спецыяліст па здзелках спажывецкага кааператыву «Жыллёвы баланс» Уладзіслаў Ульчыц, попыт на жыллё ў сталічным рэгіёне застаецца высокім. «За 2025 год было набыта больш за 670 аб’ектаў нерухомасці ў Мінску, Мінскім раёне і гарадах-спадарожніках. 176 з іх — у прыгарадзе, што складае 26 %. Кожная чацвёртая кватэра была набыта па-за межамі Мінска», — падзяліўся ён лічбамі.
Па выніках першага квартала 2026 года, па словах спецыяліста, цікавасць да прыгарада працягвае расці. Сярэдні кошт кватэры ў сталіцы вырас на 28 тысяч рублёў у параўнанні з папярэднім годам, у Мінскім раёне — на 33,5 тысячы. «Фокус увагі паступова пераключаецца на прыгарад», — адзначыў Уладзіслаў Ульчыц.
Надзея ЗУЕВА