Пажаніўшыся, гэтыя маладыя (як многія ці нават усе!) сталі дружна віць сваё сямейнае гняздзечка. Абое працавалі тады ў саўгасе, разам гатавалі ежу (хто б ведаў, як гэтыя навыкі потым спатрэбяцца — прычым гаспадару!), пакрысе абжываліся... У сям’і адно за адным нараджаліся дзеці.
Сказаць, што бацькі для іх сталі ўзорам паводзін, неяк не выпадае. Маці асабліва «не ўпіралася» — не песціла малых увагай ды клопатам («мышы ў халадзільніку віселі часта»). Бацька не адставаў: па маладосці зрэдку, а потым усё часцей і часцей стаў зазіраць у бутэльку. Але дзеці пры іх неяк гадаваліся (яно ж і хібны прыклад бывае на карысць), раз’язджаліся па гарадах, як ні цяжка было, выходзілі ў людзі.
Што да бацькоўскага сямейнага чоўна, то ён без «пасажыраў» ледзь-ледзь трымаўся на плаву. Гаспадара — досыць прыгожага, статнага мужчыну — сагнула і высушыла гарэлка, гаспадыня (у вёсцы нічога не схаваеш) усё меней і меней бывала дома, усё часцей бегала некуды «налева». Апошнім часам і наогул ставіла рэкорды хуткасці: паспявала матнуцца да каханка (за 20 вёрст) і потым вярнуцца дахаты.
...Ніхто не ведае, колькі яшчэ вілася б гэта вяровачка, але ж канец знайшоўся: не тое на аўтобус кабета спазнілася, не тое, затрымалася ў гасцях — у вёску прыехала толькі раніцай.
І ведае ж, гулёна, што нідзе не дзенецца, што трэба ісці дадому, а ногі зусім не слухаюць — і ў той бок не нясуць!
Зайшла да сваёй сяброўкі. Папрасіла: выручы, маўляў. Схадзі са мной разам, для падстрахоўкі, бо мой жа зараз вэрхал уздыме, можа, нават біцца пачне... Дык ты — калі што якое — хоць міліцыю выклічаш. Альбо «хуткую».
Удзвюх гэтыя жанчыны дайшлі да хаты. Сяброўка — як дамаўляліся — засталася на дварэ пад вокнамі, гаспадыня пакіравала «на святло» — адчыніла дзверы ў кухню.
Муж стаяў ля пліты.
Жонка, павітаўшыся, спытала, што ён робіць? «Ды во, — кажа, — клёцкі вару. Табе ж на работу зараз... Як ты галодная пойдзеш?»
Кабету ад гэтых слоў нібы токам ударыла, бо чакала чаго заўгодна — толькі не гэтага! Пачырванела, бедная, заплакала, выскачыла на двор. А ўжо там...
Адправіла дамоў сяброўку-падстрахоўшчыцу — сказала, што ўсё ў яе ў парадку.
І сама ў хату пайшла, праўда, пачакаўшы: пасля таго як зарок дала, што больш — аніякіх аўтобусаў і ніякіх каханкаў... Трэба «дома бываць часцей» і свайго чалавека трымацца.
...Што дзіўна, ён пасля гэтага жончынага «загула» стаў радзей зазіраць у чарку. Хату падладзіў (гаспадыня ў ёй парадак трымае), дрывотню з лазняй пабудаваў. Дзецям цяпер прыемна прыязджаць да бацькоў, а потым, дасць бог, і ўнукаў да іх прывозіць.
Аляксандр ПАЗНЯКОЎ
Расонскі раён