Эксперты аб тым, чаму супрацоўніцтву Беларусі з расійскімі рэгіёнамі Прэзідэнт удзяляе асаблівую ўвагу.
Расійскія губернатары ў Палацы Незалежнасці — частыя госці: гэтыя сустрэчы важныя для развязвання мноства вузлоў, якія з’явіліся ў выніку санкцыйнай палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі і Расіі. Саюзніцкія адносіны і на ўзроўні рэгіёнаў даказалі сваю эфектыўнасць. Вось і днямі на сустрэчы з беларускім лідарам Аляксандрам Лукашэнкам быў губернатар Калінінградскай вобласці Аляксей Бяспрозванных. Гэты насамрэч не радавы візіт — у фокусе ўвагі нашых экспертаў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Мы гатовыя заўсёды падставіць вам плячо. Мы жывём у суверэнных незалежных дзяржавах, але ў мяне заўсёды гэта пачуццё, калі я даўным-даўно бываў у Калінінградскай вобласці і калі да мяне прыязджаюць людзі з Калінінградскай вобласці... Я, паверце, адчуваю сваю адказнасць, як і беларусы, за гэты куток нашай агульнай Айчыны. Таму вы можаце на нас спадзявацца ў тым, на што мы здольныя ў Беларусі.
(Падчас сустрэчы з губернатарам калінінградскай вобласці расіі аляксеем бяспрозванных, 9 чэрвеня 2025 г.)
Няма невырашальных пытанняў
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў на сумеснай прэс-канферэнцыі са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым заявіў журналістам, што ў адносінах Беларусі і Расіі няма пытанняў, якія не вырашаюцца.
— Высокую планку двухбаковага дыялогу задаюць лідары нашых дзяржаў, а знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін забяспечваюць яго эфектыўную рэалізацыю ва ўсіх даступных вымярэннях: ад міжпарламенцкага да міжрэгіянальнага. Невырашальных пытанняў у нашых адносінах няма, роўна як няма і пытанняў, якія б мы не абмяркоўвалі і не маглі б знайсці нейкія рашэнні, — прыводзіць словы кіраўніка знешнепалітычнага ведамства БелТА.
Максім Рыжанкоў адзначыў:
— Беспрэцэдэнтныя санкцыі з боку былых міжнародных партнёраў па бізнесе, прамыя ваенныя пагрозы ад НАТА, якая зноў здабыла сэнс свайго існавання, інфармацыйная вайна за сэрцы і розумы нашай моладзі — гэта ўсё, па задуме заходніх стратэгаў, павінна было нас задушыць і пасварыць. Але ў рэальнасці гэта зрабіла нас толькі мацнейшымі і яшчэ больш паспрыяла развіццю інтэграцыйных сувязяў паміж нашымі дзяржавамі.
Узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў імя будучыні
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Жук так ацаніў візіт губернатара Калінінградскай вобласці ў Беларусь:

— Сустрэча прайшла ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення і была сфакусіравана на вырашэнні канкрэтных, жыццёва важных задач для грамадзян нашых краін. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў унікальную ролю Калінінградскай вобласці, назваўшы яе жыхароў «нашымі людзьмі», што ўскладае на абодва бакі асаблівую адказнасць за эфектыўнасць і надзейнасць узаемнага партнёрства.
Сенатар нагадаў, што цэнтральнай тэмай перагавораў, як і чакалася, стала пытанне бесперабойных паставак беларускіх тавараў.
— Паспяховасць нашых сумесных намаганняў тут напрамую вызначае ўзровень жыцця ў рэгіёне, — падкрэсліў ён. — Беларусь уваходзіць у першую тройку краін — эканамічных партнёраў Калінінградскай вобласці пасля Кітая і Бразіліі. Наяўнасць такога ёмістага і надзейнага рынку збыту — магутны драйвер для беларускіх вытворцаў і экспарцёраў, і бакі аднадушна нацэлены на далейшае нарошчванне гэтых аб’ёмаў. Губернатар агучыў агульную мэту — аднавіць дасанкцыйны ўзровень тавараабароту (да паўмільёна долараў ЗША).
Ігар Жук выказаў упэўненасць, што пастаўленыя кіраўніком дзяржавы задачы і дасягнутыя дамоўленасці будуць выкананы на самым высокім узроўні.
Выгада — частка агульнай ідэі
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Алена Патапава выказала сваё меркаванне адносна асаблівай увагі да расійскіх рэгіёнаў з боку беларускага лідара:

— Усё цалкам вытлумачальна, калі паглядзець на геаграфічную карту і зразумець аб’ёмы некаторых асобных рэгіёнаў Расіі. І калі ўспомніць аб тым, што і Уладзімір Пуцін не сам наўпрост кіруе гэтымі рэгіёнамі, для гэтага ёсць губернатары і федэратыўнае ўстройства. Таму цалкам лагічна і натуральна, што невялікая па сваіх памерах Беларусь можа будаваць узаемадзеянне з асобнымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, але ў рамках агульных падыходаў і ў рамках агульнай канцэпцыі ўзаемадзеяння, збліжэння эканомік і палітычных інтарэсаў нашых краін.
На думку парламентарыя, лагічна выбудоўваць адносіны напрамую з улікам таго, што ў кожным з гэтых рэгіёнаў ёсць свая разыначка, асабліва прывабная для Беларусі.
— Навошта нам нейкімі складанымі, доўгімі абходнымі шляхамі прыходзіць да сваёй мэты, калі мы загадзя ведаем галоўнае — мы сябруем, гандлюем, выбудоўваем агульную палітыку і эканоміку, а далей трэба ісці кароткім шляхам, там, дзе няма лішніх перашкод. А паміж Расіяй і Беларуссю іх няма.
Парламентарый падкрэсліла: давер, узаемная павага і адкрытасць у палітычных і эканамічных адносінах для нашых дзяржаў не менш важныя, чым канчатковы вынік здзелкі.
— Калі мы назіраем за палітыкамі, эканамістамі, кіраўнікамі заходніх краін, то там адно з ключавых слоў — здзелка. Жорсткая здзелка, — заўважае яна. — І ўсё, што звязана з гэтым, — інтарэсы, якія пераследуюцца здзелкай, гэта значыць выгада. Для нас выгада — ужо прыемны, важны, вельмі патрэбны, але не асноўны вынік. Для нас гэта частка нашай агульнай ідэі.
Насуперак усім перашкодам
— Наш кіраўнік дзяржавы, беларускія ўлады працуюць кропкава, спрабуючы наладжваць узаемаадносіны па канкрэтных напрамках з кожным рэгіёнам паасобку. Расія — краіна вельмі вялікая, таму пытанні гандлёва-эканамічных адносін будуюцца на сярэднім узроўні кіраўніцтва, — адзначыў дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё».

Эксперт лічыць, што Калінінградскі рэгіён вельмі важны і для Расіі, і для нашай краіны, у яго ёсць пэўная стратэгічная значнасць. У сувязі з увядзеннем санкцый зносіны Беларусі з гэтым рэгіёнам моцна аслаблі. Паводле яго слоў, з-за парушэння лагістыкі трэцімі краінамі моцна пацярпеў узаемны тавараабарот Беларусі і Калінінградскай вобласці:
— Сёння ідуць пошукі шляхоў вырашэння праблемы. Беларусы пераарыентавалі дастаўку сваёй прадукцыі — мы карыстаемся партамі Расійскай Федэрацыі. Адлегласць ад пункта дастаўкі да пункта назначэння — так званае лагістычнае плячо — рэзка вырасла. Пры гэтым беларусы, каб Калінінградская вобласць атрымлівала забеспячэнне ўсім неабходным, згаджаюцца атрымліваць менш прыбытку. Мы гатовы падтрымліваць гэтую тэрыторыю Расіі, бо разумеем яе значнасць.
У нашай краіны і гэтага расійскага рэгіёна шырокія магчымасці для супрацоўніцтва, дадаў Аляксей Бяляеў:
— Прэзідэнт абазначыў, што мы можам забяспечваць Калінінградскую вобласць грамадскім транспартам, узаемадзейнічаць у галіне станкабудавання, пастаўляць прадукты харчавання. Было б зручней, калі б існаваў карацейшы лагістычны калідор. Беларусь і Калінінградская вобласць працуюць над тым, каб пашыраць, развіваць і павялічваць супрацоўніцтва, нягледзячы на ўсе перашкоды.
Палітолаг нагадаў, што, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь у пэўнай ступені нясе адказнасць за Калінінградскую вобласць:
— У Сувалкскім калідоры краіны НАТА збіраюць вялікія ваенныя сілы, Польшча і Літва засяроджваюць свае ваенныя падраздзяленні. У нас сур’ёзная задача ў галіне абароны Саюзнай дзяржавы, стратэгічная мэта — абарона гэтай прасторы, недапушчэнне павелічэння ваеннай моцы НАТА. Беларусь адказная за захаванне Калінінградскай вобласці ва ўмовах ваенных дзеянняў у выпадку, калі яны пачнуцца.