Падрабязнасці камандзіроўкі Прэзідэнта ў Краснапольскі раён
Падрабязнасці камандзіроўкі Прэзідэнта ў Краснапольскі раён
Аляксандр Лукашэнка наведаў рыбгас «Палуж», дзе азнаёміўся з вынікамі работы рыбаводчай галіны ў 2025 годзе і перспектывамі яе развіцця ў бягучай пяцігодцы. Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні даручэнняў, звязаных з перспектывамі развіцця рыбаводчай галіны на Магілёўшчыне. Прэзідэнт наведаў комплекс па вытворчасці рыб каштоўных парод, дзе прадметна азнаёміўся з работай кожнага цэха.
Адразу пасля прыбыцця на краснапольскую зямлю Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся станам спраў у раёне, найперш у сельскай гаспадарцы. Наведваючы рыбгас «Палуж», дзе наладжана вытворчасць вясёлкавай фарэлі, Прэзідэнт нагадаў пра дадзеныя яму раней абяцанні «заваліць краіну рыбай».

Рыбгас «Палуж» — гэта праект, які рэалізаваны ў рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» і Указа аб развіцці паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Прадпрыемства з’яўляецца галаўным для яшчэ дзвюх падобных пляцовак у суседніх раёнах — Хоцімскім і Чэрыкаўскім, дзе да 2028 года плануюць атрымаць да 2 тысяч тон чырвонай рыбы каштоўных парод у год.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках работы рыбаводчай галіны ў 2025 годзе і перспектывах яе развіцця ў бягучай пяцігодцы, уключаючы меры па нарошчванні вытворчасці рыб каштоўных парод. Да нядаўняга часу каштоўнымі пародамі рыб у краіне ўвогуле не займаліся.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў адзначыў, што вытворчасць рыбных рэсурсаў у краіне за 2025 год склала 14,4 тысячы тон, у тым ліку сажалкавай рыбы 12,9 тысячы тон, каштоўных відаў рыб — 0,6 тысячы тон, азёрна-рачной рыбы — 0,9 тысячы тон. Па яго словах, з улікам будаўніцтва аналагічных комплексаў, да 2030 года вытворчасць каштоўных парод рыб разлічваюць нарасціць да 3 тысяч тон.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўдакладніць статыстычныя звесткі для разумення рэальнай сітуацыі ў галіне. «Статыстыку далі, і мы будзем радавацца, што ў нас 20 тысяч дзесьці да 2030 года, а рэальна будзе 15 тысяч», — патлумачыў ён, з чым звязана такое даручэнне.
Усяго дзейнасць па вытворчасці рыбы ў краіне ажыццяўляюць 16 рыбаводчых арганізацый, якія вырабляюць звыш 80 % рыбных рэсурсаў, і больш як 500 суб’ектаў гаспадарання розных форм уласнасці. Вытворчасць каштоўных парод рыб ажыццяўляецца на шасці рыбаводча-індустрыяльных комплексах, на долю якіх прыпадае 97 % агульнага аб’ёму вытворчасці каштоўных парод рыб. Асноўная вытворчасць ажыццяўляецца ў Магілёўскай вобласці на ААТ «Фарэлевая гаспадарка «Лахва». На базе гаспадаркі ў 2025 годзе былі рэалізаваны інвестыцыйныя праекты па будаўніцтве комплексаў па вытворчасці рыб каштоўных парод у Краснапольскім раёне і гарадскім пасёлку Хоцімск вытворчай магутнасцю 1000 тон кожны, а таксама комплекс па вытворчасці аплодненай ікры вясёлкавай фарэлі ў Чэрыкаве.
Юрый Горлаў расказаў аб перспектывах вырошчвання карпа ў спецыяльных садках. Ён патлумачыў, што тэхналогія заснавана на ўтрыманні рыбы ў спецыяльных сетчатых камерах, так званых садках, устаноўленых у вадаёмах з пастаяннай плынню або высокай праточнасцю. Гэта дазваляе забяспечыць высокую шчыльнасць рыбы і выкарыстанне інтэнсіўнага кармлення камбікормам.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ён бачыў такія садкі ў Карэліі: такую тэхналогію вырошчвання карпа на справе беларускаму лідару паказваў яго расійскі калега. «Вельмі прыстойна ўсё гэта выглядае і вельмі ўражвае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб вырошчванні карпа ў спецыяльных садках.

Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, прымяненне гэтай тэхналогіі плануецца пашыраць. Пры ўмове, што яна сябе зарэкамендуе.
«Вядома, зарэкамендуе, — упэўнены Прэзідэнт. — А чаму не? Возера ў возеры — толькі сетка стаіць, каб рыба не разбеглася».
Кіраўнік Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі прадэманстраваў Аляксандру Лукашэнку айчынны корм, спецыяльна распрацаваны для прамысловага вырошчвання рыбы.
«Трэба напоўніць рынак рыбай, — паставіў задачу беларускі лідар у адказ на прапанову пашырыць вытворчасць каштоўных парод рыб. — Тым больш, ёсць магчымасць».
Аляксандр Лукашэнка даручыў пабудаваць не менш як дзесяць комплексаў, аналагічных рыбгасу «Палуж». Гэты вопыт, па яго словах, трэба тыражаваць далей.

У цэхах прадпрыемства Прэзідэнт азнаёміўся з поўным тэхналагічным цыклам вырошчвання вясёлкавай фарэлі, падрабязна цікавіўся кожным з этапаў: ад стадыі ікрынак, малькоў — да дарослых асобін для далейшага продажу і перапрацоўкі. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі гатовую прадукцыю, прыгатаваную з рыбы, якая вырошчваецца на прадпрыемстве. Смакавыя якасці Прэзідэнт ацаніў асабіста.
Вераніка Канюта