Камянец 22–26 ліпеня адзначыць сваё 750-годдзе. Пра гэта паведамілі падчас прэс-канферэнцыі ў Камянецкім райвыканкаме, перадае БелТА.
Абарончая вежа-крэпасць, вакол якой узнік Камянец, была пабудавана ў 1276 годзе па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча на левым беразе ракі Лясной для ўмацавання паўночных межаў княства. Згадваецца пра гэта ў Іпацьеўскім летапісе. Да юбілею ў гонар заснавальніка горада плануюць стварыць мурал. Яго нанясуць на сцяну жылога дома на вуліцы Брэсцкай. Уладзімір Васількавіч будзе намаляваны на фоне ракі Лясной і Камянецкай вежы. Да свята рыхтуюць яшчэ адзін сюрпрыз, ідэя якога нарадзілася з трэнду. Турысты любяць фатаграфавацца каля Камянецкай вежы з банкнотай у 5 рублёў, на адным з бакоў якой нанесена гістарычная славутасць. Кампазіцыю назвалі «Гістарычны гаманец». Яе зробяць у выглядзе партаманета з пяцірублёвай купюрай, якая тырчыць, і некалькімі высыпанымі манетамі. У вышыню арт-аб’ект будзе каля 2,5 м.
«Пастараліся зрабіць мерапрыемствы запамінальнымі. Кожны зможа знайсці забавы на свой густ», — адзначыў намеснік старшыні Камянецкага райвыканкама Дзяніс Шпак. Ён дадаў, што горад-юбіляр сёлета змяніўся.

Святкаванне 750-годдзя Камянца пачнецца 22 ліпеня — у Дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адбудзецца мітынг каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан. Затым на плошчы каля гарадскога Дома культуры ваенна-гістарычныя рэканструктары ўзнавяць эпізоды баёў за вызваленне райцэнтра ў 1944 годзе. У тэатралізаваным паказе прымуць удзел больш за 50 чалавек, задзейнічаюць тэхніку і ўзбраенне. Яшчэ адзін яркі пункт у праграме — міжнародная філатэлістычная выстава. Яна размесціцца ў фае Дома культуры. Свае калекцыі прадставяць больш за 100 удзельнікаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы правядуць цырымонію гашэння спецыяльнай паштовай маркі ў гонар юбілею Камянца.
Наступны дзень свята прысвяцілі Году беларускай жанчыны. Увечары на сцэнічнай пляцоўцы каля Камянецкай вежы разгорнецца ток-шоу пра выдатных жанчын горада. Затым арганізатары прапануюць жыхарам і гасцям атрымаць асалоду ад танцавальнага рэтра-вечара з выкананнем хітоў 1970–1980-х гадоў.
Ва ўладу фестывалю харэаграфічнага і вакальнага мастацтва «Зоркі над Вежай» аддадуць 24 ліпеня. Ён аб’яднае больш за 100 удзельнікаў — калектывы і салістаў з Брэсцкай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі. Выступленні ацэніць прафесійнае журы.

Асноўны дзень святкавання прыпадае на 25 ліпеня. Так, на стадыёне «Колас» можна будзе ўбачыць супрацьстаянне зорак беларускага футбола і каманды зорак футбола Брэста. У самім горадзе разгорнецца мноства лакацый. Напрыклад, каля сцен Камянецкай вежы можна будзе сутыкнуцца з эпохай Сярэднявечча і яго культурай. Выступяць ансамбль гусляроў, рыцарскі клуб, аркестр сярэднявечнай музыкі.
У іншых лакацыях наведвальнікаў будуць чакаць выстава дасягненняў Камянецкага раёна, горад майстроў, выстава рамеснікаў і мастакоў, фудкорты, пляцоўка ваеннай тэхнікі і ўзбраення з рэтра- і сучаснымі экзэмплярамі. На плошчы гарадскога Дома культуры адкрыецца дзіцячы парк забаў з атракцыёнамі, гандлёвымі пунктамі, крафтавымі сямейнымі гульнямі, інтэрактыўнымі забаўляльнымі праграмамі.
На асноўнай сцэне праграма пачнецца а 14:00 з ваенна-гістарычнай рэканструкцыі нараджэння і станаўлення Камянца. На працягу гадзіны артысты адлюструюць усе грані гістарычнага шляху горада аж да нашых дзён. Працягнецца свята ўрачыстай цырымоніяй, падчас якой у тым ліку абвесцяць імя ганаровага грамадзяніна Камянецкага раёна. Гасцей чакаюць вялікі канцэрт, праекцыйнае шоу на сценах Камянецкай вежы, феерверк і дыскатэка.
Фінальным штрыхом стане 26 ліпеня. Беларуская федэрацыя футбола арганізуе на стадыёне «Колас» вялікае рэспубліканскае свята «Тата, мама, я — футбольная сям’я». У ім прымуць удзел не менш за 30 сем’яў.