23 красавіка 2026 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі стартавала XII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «BIG DATA and Advanced Analytics», якая сабрала больш за 250 удзельнікаў. Маштабнае мерапрыемства аб’яднала дакладчыкаў і слухачоў з Беларусі, Расіі, Кітая, В’етнама, Узбекістана, Казахстана, Таджыкістана, Азербайджана і Туркменістана. Стратэгічнымі партнёрамі канферэнцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ТАА «КБК ТэхЛаб» і кампанія ISsoft Solutions.
У рамках канферэнцыі запланавана насычаная праграма, якая ўключае пленарнае і секцыйнае пасяджэнні, а таксама круглы стол. Удзельнікі абмяркуюць шырокі спектр актуальных пытанняў. У іх ліку, напрыклад, сучасныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця «разумных гарадоў» з дэталёвым аналізам як айчыннага, так і сусветнага вопыту. Шэраг дакладаў быў прысвечаны таксама выкарыстанню штучнага інтэлекту і пытанням яго рэгулявання заканадаўствам.
Па словах рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзіма БОГУША, такая праблематыка сёння вельмі актуальная для міжнароднага абмеркавання:
— Дынаміка вытворчасці даных сёння апісваецца экспаненцыяльнай залежнасцю, — адзначыў Вадзім Богуш. — Гэта значыць, тыя аб’ёмы, якія яшчэ дзясятак гадоў таму можна было хоць неяк апрацоўваць з выкарыстаннем чалавечага патэнцыялу, сёння апрацоўваць без выкарыстання спецыялізаваных алгарытмаў, праграмных сродкаў і абсталявання проста немагчыма.
Яшчэ адна тэндэнцыя лічбавага развіцця, на думку рэктара БДУІР, заключана ў тым, што яно дасягнула ўзроўню, калі тэхналогіі пачынаюць пранікаць не толькі ў вытворчыя працэсы, але і аказваць магутны ўплыў на сацыяльную сферу.
У сувязі з гэтым асаблівую ўвагу на канферэнцыі нададуць пытанням прымянення тэхналогій вялікіх даных (Big Data) у маркетынгу і электроннай камерцыі, а таксама выкарыстанню гэтых інструментаў для аптымізацыі IT-рашэнняў, бізнес- і вытворчых працэсаў. Акрамя гэтага, разгледзяць і сучасныя тэхналогіі і інструментарый для аналітыкі, а таксама спецыфіку ўкаранення Big Data ў такіх крытычна важных сферах, як медыцына і адукацыя. Атрымліваецца, падкрэсліў загадчык кафедры інжынернай і камп’ютарнай графікі БДУІР Сяргей ДЗІК, тэматыка канферэнцыі адпавядае галоўным трэндам сучаснага развіцця навукі і тэхнікі — выкарыстанне камп’ютарных лічбавых тэхналогій, нейронавых сетак, штучнага інтэлекту.
Цікава, што ажно 70 працэнтаў навуковых і практычных артыкулаў прадстаўлены менавіта маладымі даследчыкамі, распрацоўшчыкамі, магістрантамі і аспірантамі, у тым ліку выхаванцамі «Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку». Усяго ж удзельнікі XII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «BIG DATA and Advanced Analytics» падрыхтавалі 109 публікацый, з якіх 41 належыць замежным вучоным і даследчыкам. Па выніках работы выдадзены зборнік артыкулаў, які ўжо ўключаны ў базу Расійскага індэкса навуковага цытавання (РІНЦ), а таксама электронны зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара