Трэці блок на БелАЭС, які вырашана будаваць у дадатак да двух дзейных, запатрабуе больш за 1 тыс. чалавек дадатковага персаналу. Пра гэта па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы заявіў журналістам генеральны дырэктар Беларускай атамнай станцыі Сяргей Бабовіч, паведаміла БелТА.
Адказваючы на пытанне, колькі чалавек можа спатрэбіцца пад пашырэнне станцыі, Сяргей Бабовіч сказаў: «Думаю, што больш за тысячу».
«Ён падкрэсліў, што на прадпрыемстве рады такому рашэнню. «Жыццё паказала, што сама рэалізацыя праекта і сумесная работа над тым, як станцыя эксплуатуецца, дазваляе сёння нам рухацца далей», — сказаў гендырэктар.
Цяпер БелАЭС цалкам укамплектаваная неабходнымі кадрамі. «Мы сёння папаўняемся выпускнікамі ВНУ, ССНУ. Неабходнасці ў прытоку пры рабоце на двух блоках у нас няма. Ну і зразумела, што цяпер з развіццём далейшай атамнай энергетыкі адной з асноўных задач будзе падрыхтоўка персаналу ўжо для трэцяга блока», — расказаў Сяргей Бабовіч.
Ён заявіў, што БелАЭС працуе стабільна і надзейна, у штатным рэжыме. У цяперашні момант адзін з блокаў ужо знаходзіцца на планава-папераджальным рамонце і будзе ў ім да пачатку студзеня. Другі блок знаходзіцца на намінальнай нагрузцы.