Top.Mail.Ru

Трэці працоўны семестр — 2025 урачыста адкрылі на плошчы Свабоды ў Мінску

Сёлета ў ім возьмуць удзел тысячы студэнтаў.


У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі гарадской улады, студэнцкія атрады сталіцы і ветэраны руху. Галоўнай часткай цырымоніі стала ўручэнне працоўных пуцёвак сталічным студатрадам.

«Маладыя людзі працягваюць традыцыі, закладзеныя дзясяткі гадоў таму, — падкрэсліў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Хай усё, што запланавана, будзе дасягнута, а праца прынясе сапраўдную карысць гораду».

Падкрэсліў значнасць студатрадаўскага руху і памочнік Прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Юрый Фралоў. Паводле яго слоў, студатрадаўскі рух аб’ядноўвае ініцыятыўных і працавітых дзяцей, якія імкнуцца правесці лета з карысцю для краіны: «Жыццё складаецца з успамінаў. Упэўнены, што вы атрымаеце бясцэнны працоўны вопыт і вопыт зносін. Жадаю поспехаў ва ўсіх пачынаннях, невычэрпнай энергіі, дасягнення пастаўленых мэтаў». 

Сёлета ў працоўным семестры возьмуць удзел тысячы студэнтаў, якія будуць працаваць на аб’ектах добраўпарадкавання, у будаўнічых атрадах і валанцёрскіх праектах. Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Раман Бандарук нагадаў, што студатрады — гэта не проста праца, а важны этап у жыцці кожнага маладога чалавека: «Я ганаруся кожным, хто сёння працуе, — няхай гэта будзе тут, на адкрыцці, або на аб’ектах у сталіцы і за яе межамі. Галоўнае — адчуць, што такое першы працоўны вопыт, знайсці сваю прафесію і працаваць на карысць нашай любімай краіны».

  • Сярод удзельнікаў цырымоніі былі актывісты, для якіх працоўны семестр стаў важнай часткай жыцця. «Наша работа — уклад у будучыню Мінска, — адзначыла баец студэнцкага атрада БДУ Аляксандра Куніцына. — Гэта ўнікальны вопыт, які вучыць працаваць у камандзе, браць адказнасць і бачыць вынік сваёй працы на вуліцах роднага горада».
Прысутнічалі на адкрыцці і ветэраны студатрадаў — людзі, чыя маладосць таксама прайшла пад сцягамі працоўных атрадаў. Адзін з іх, Іван Чэсак, з цеплынёй успомніў сваю маладосць: «Калісьці мы пачыналі сапраўды гэтак жа: з энтузіязмам, з марамі, з адчуваннем, што разам можам многае, — падзяліўся ён. — Я рады, што гэтыя традыцыі працягваюцца ў суверэннай Беларусі».

Далейшая праграма марафону працягнулася не менш насычанымі падзеямі. У кожным раёне Мінска студатрадаўцаў чакалі маладзёжныя працоўныя акцыі «Карысць. ТрудКрут». Байцы выйшлі на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, спартыўных аб’ектаў і іншых гарадскіх зон. Паралельна на стадыёне «Трактар» адкрыліся адукацыйныя пляцоўкі «Студатрад ЛАБ.2025». Там прайшлі трэнінгі і семінары па каманднай працы, лідэрству і камунікацыям. А спартыўная праграма «Фізкульт-Атрад» аб’яднала каманды з розных раёнаў у сяброўскім спаборніцтве.

Фіналам насычанага дня стаў музычны опэн-эйр «У рытме лета 20.25» у студэнцкай вёсцы на вуліцы Чурлёніса. Моладзь чакалі дыджэй-сэты, конкурсы і атмасфера сапраўднага лета.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю