Top.Mail.Ru

«Трэці Спас — хлеба прыпас»

29 жніўня вернікі святкуюць дзень Спаса Нерукатворнага, або Арэхавы (Хлебны) Спас — апошні з трох жнівенькіх спасаў



З гісторыі свята 

У царкоўным календары 29 жніўня пазначана як Перанясенне Нерукатворнага Абраза Госпада з Эдэсы ў Канстанцінопаль. Адбылася гэта падзея ў далёкім 944 годзе. У аснову свята пакладзена паданне аб дзівосным вылячэнні Аўгара — цара горада Эдэсы (цяпер — тэрыторыя сучаснай Турцыі).

Правіцель з Блізкага Усходу захварэў на праказу. Пазбавіць яго ад каварнай хваробы не змог ніводны з прыдворных лекараў. Аўгар ужо амаль страціў надзею, але людская гаворка данесла да яго чуткі аб цудах Ісуса Хрыста. Аўгар вырашыў адправіць да Месіі свайго пасланца, каб той намаляваў і прывёз партрэт Збавіцеля.

Жывапісец заспеў Ісуса Хрыста ў Іерусаліме падчас пропаведзі сярод натоўпу людзей, і партрэт у яго ніяк не атрымліваўся. Месія вырашыў дапамагчы бядзе царскага слугі. Ён папрасіў прынесці збан з вадой і ўбрус (палатно або адрэз тканіны), якім Збавіцель выцер твар, і здарыўся цуд! На палатне захавалася нерукатворнае аблічча Сына Божага.

Рэліквію даставілі Аўгару. Той прыклаўся да святыні і вылечыўся ад праказы. У знак падзякі за дзівосную перамогу над хваробай правіцель загадаў змясціць убрус з абліччам Сына Божага ў нішы над гарадскімі варотамі і прапаведаваць Евангелле ўсім жыхарам Эдэсы.

Лічыцца, што першыя абразы Збавіцеля напісаны менавіта з гэтага палатна. Працяглы час святыню захоўвалі ў Эдэсе, затым перанеслі ў Канстанцінопаль... 

У выніку за святам замацавалася адна з назваў — Спас Нерукатворны (Спас на палатне).

І сёння абразы з выявай Спаса Нерукатворнага натхняюць нас на справы міласэрныя.

Традыцыі 

Дзень урачысты, у які пяклі першы бохан са збожжа новага ўраджаю і дзякавалі Госпаду за хлеб надзённы. Уборка на палях ўжо скончана, а ў лесе якраз паспявалі арэхі. 

У гэты дзень нашы продкі збіралі арэхі, гандлявалі на кірмашах ільняным палатном. У народзе казалі: «Першы Спас — на вадзе стаяць; Другі Спас — яблыкі ядуць; Трэці Спас — на зялёных гарах палотны прадаюць».

Арэхавы Спас — мабыць, самая народная назва гэтага свята. Лічылася, што менавіта ў гэты дзень арэхі даспяваюць і можна пачынаць іх збор. Ураджай неслі ў царкву, асвячалі і рабілі пасля нарыхтоўкі на зіму.

Святкавалі Арэхавы Спас ужо не з такім размахам, як Яблычны і Мядовы. Лета заканчвалася, пачыналіся халады. І людзі імкнуліся хутчэй нарыхтаваць ежу ў сваіх свіранах. Гаспадыні ткалі палотны, каб забяспечыць свае сем’і адзеннем.

Што ж датычыцца дамашніх трапез, то двухтыднёвы Успенскі пост закончыўся, а значыць дазвалялася есці скаромную ежу.

Было прынята на стол ставіць настойку на аснове грэцкіх арэхаў, а таксама хлеб і пірагі.

Ну і заканчвалі дзень мыццём у лазні. Людзі рабілі венікі з ляшчыны, якая, як верылі, абараняла іх ад хвароб і сурокаў.

«Арэхавыя» прыметы

  • Лічыцца, што да Трэцяга Спаса паспяваюць арэхі, і менавіта з 29 жніўня іх можна збіраць. На арэхах ладзілі няхітрую варажбу. Выбіраеш сабе плод, загадваеш жаданне і ламаеш шкарлупіну. Калі арэх акажацца спелым, усё здзейсніцца. Калі гнілым ці пустым — жаданню не наканавана спраўдзіцца.

  • Багаты ўраджай арэхаў у гэтым годзе — да багатага ўраджаю пшаніцы ў наступным.

  • Першы арэх у гэты дзень з’еш сам, другі аддай каму-небудзь іншаму — тады ніякія сурокі і псота не будуць страшныя.

Шампіньёны з арэхамі і сырам

Інгрэдыенты: шампіньёны (буйныя) — 10 шт.; сыр — 150 г; часнок — 2-3 зубкі; грэцкія арэхі — паўшклянкі; вяршкі — 4 ст. л.

Дзясятак шампіньёнаў вымыць і высушыць. Выцягнуць з іх ножкі і вельмі дробна нарэзаць. Шляпкі злёгку абсмажыць на алеі з двух бакоў. На буйной тарцы надзерці 150 г сыру, дробна нарэзаць часнок. Грэцкія арэхі здрабніць, затым падсушыць на патэльні без алею. У агульную міску змясціць надзёрты сыр, здробненыя арэхі, часнок і ножкі шампіньёнаў. Дадаць у сумесь вяршкі і добра перамяшаць. Атрыманай масай начыніць шляпкі грыбоў і выкласці іх на бляху, засланую пергаментам. Паставіць закуску ў разагрэтую да 200 градусаў духоўку на 5-10 хвілін.

Гарбузовыя мафіны з грэцкімі арэхамі і карыцай

Інгрэдыенты: гарбуз —200 г; цукар — 125 г; курынае яйка — 2 шт.; алей — 85 мл; пшанічная мука — 150 г; соль на смак; разрыхляльнік — 10 г; карыца — 5 г; здробненыя грэцкія арэхі — 50 г

  1. Гарбуз прабіць блэндарам да кансістэнцыі пюрэ. Дадаць цукар, яйкі і алей. Старанна змяшаць з дапамогай блэндара. Дадаць сухія інгрэдыенты і змяшаць.

  2. Атрыманую масу выкласці ў форму для мафінаў прыкладна на 2/3 вышыні. Выпякаць пры тэмпературы 180 градусаў на працягу 40 хвілін.

  3. Падаваць, упрыгожыўшы ўзбітымі вяршкамі і дэкаратыўнымі элементамі.

Арэхавы торт без выпечкі

Інгрэдыенты: шакалад — 100 г; вяршкі — 100 г; сметанковае масла — 50 г; печыва — 150 г; арэхі — 1 шк. (любыя арэхі, а лепш — асарці)

  1. Шакалад здрабніць на кавалачкі, арэхі ачысціць, калі трэба, а печыва здрабніць у крошку.

  2. Змяшаць крошку з растопленым сметанковым маслам, сфармаваць корж, крыху заходзячы на борцікі формы.

  3. Шакалад растапіць на вадзяной лазні ці ў мікрахвалеўцы.

  4. Дадаць вяршкі, змяшаць.

  5. Выліць сумесь на корж і шчодра пасыпаць арэхамі. Можна паставіць у халадзільнік для ахаладжэння, а можна падаваць з яшчэ цёплай шакаладнай начынкай!


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю