Top.Mail.Ru

Трэцяя перамога запар і траўма Калініна. Ганчарэнка аб выступленні зборнай Беларусі ў Лізе нацый

Футбольная зборная Беларусі ўпершыню ў сваёй гісторыі выйграла тры запар афіцыйныя паядынкі і здабыла шостую вікторыю за год. Перамога над камандай Сан-Марына забяспечыла беларусам як мінімум другое месца ў групе і ўдзел у пераходных матчах, паведамляе БелТА.


Пасля сустрэчы ў Серавале, у якой беларусы перамаглі з лікам 2:0, галоўны трэнер нашай каманды Віктар Ганчарэнка адзначыў, што выйгрыш парадаваў, але ёсць і непрыемныя моманты. Галоўнае засмучэнне — траўма ключавога абаронцы Уладзіслава Калініна, які пасля няўдачнага сутыкнення з сапернікам у сярэдзіне другога тайма пакінуў поле на насілках. Паводле слоў трэнера, 15 лістапада ў Будапешце ў заключным паядынку з лідарам групы камандай Албаніі яго падапечныя будуць гуляць на перамогу, таму што выйгрыш дасць магчымасць беларусам заняць першае месца і ўпершыню падняцца ў другі дывізіён Лігі нацый — лігу В.

У гэтым сезоне беларусы выступаюць у трэцім па рангу дывізіёне. У групе С1 яны двойчы абыгралі санмарынцаў — 4:0 і 2:0, у першым матчы з фінамі згулялі ўнічыю — 0:0, а потым выйгралі 1:0. А вось у стартавым паядынку турніру ўступілі ў Тыране албанцам з лікам 0:2 і цяпер 15 лістапада ў венгерскай сталіцы паспрабуюць узяць рэванш. Турнірнае становішча пасля пяці дзён гульні: Албанія — 12 ачкоў, Беларусь — 10, Фінляндыя — 7, Сан-Марына — 0.

У мацнейшым дывізіёне Лігі нацый за тур да фінішу вядомы тры з васьмі ўдзельнікаў чвэрцьфінальнай стадыі. З групы А3 у плэй-оф ужо выйшлі зборныя Англіі і Іспаніі, а з квартэта А4 далей ідуць дзеючыя пераможцы ЛН футбалісты Партугаліі.

Групавыя этапы ва ўсіх дывізіёнах Лігі нацый завершацца 17 лістапада. Вясной 2027 года барацьбу за ўзнагароды прадоўжаць каманды, якія зоймуць 1-2 месцы ў чатырох квартэтах лігі A. Чвэрцьфіналы адбудуцца ў сакавіку, потым чатыры лепшыя зборныя выйдуць у фінальную стадыю, якая пройдзе ў чэрвені.

Пераможцы лігі B выйдуць у лігу A, чатыры лепшыя каманды лігі C пяройдуць у лігу B. Акрамя таго, у сувязі са змяненнем фармату турніру ўсе каманды лігі D атрымаюць пропускі ў лігу C. Пачынаючы з сезона-2028/29 удзельнікі Лігі нацый УЕФА будуць падзелены на тры лігі. У кожным з трох дывізіёнаў A, B, C будзе сфарміравана па тры групы з шасці каманд.

Трыумфатарам Лігі нацый двойчы станавілася зборная Партугаліі (2019, 2025), па адным разе яе выйгравалі футбалісты Францыі (2021) і Іспаніі (2023).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю