Выстава ў фае — з фатаграфіямі яркіх спектакляў і вобразаў, са сцэнічнымі касцюмамі і партрэтам гераіні — рыхтавала да вельмі цёплых асабістых зносін. Так адкрываюць сябе добрым сябрам ці блізкім людзям. Далей быў працяг на сцэне, калі галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб прадставіў гераіню, з якой знаёмы яшчэ з часу вучобы ў харэаграфічным каледжы і жыцця ў інтэрнаце.
Размова на роўных — пра патаемнае. Пра любоў да балету, пра тое, што ён дае чалавеку, які прыходзіць у гэтую прафесію. Народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна не толькі сказала. Свой адказ яна пратанцавала ў бенефісным спектаклі «Ганна Карэніна», які адкрыў праект «Жыццё ў прафесіі». Наперадзе сустрэчы з заслужанымі артысткамі нашай краіны Людмілай Хітровай у балеце «Рамэа і Джульета» і Марынай Вежнавец у «Ілюзіях кахання».
— Па жыцці важна казаць «Дзякуй». І ствараць магчымасць публіцы прыходзіць у тэатр не проста на шараговы спектакль, а ствараць для яе нейкія падзеі, — адзначыў аўтар праекта Ігар Колб. — Пачалося ўсё з просьбы Марыны Вежнавец станцаваць Дзяўчыну ў балеце «Ілюзіі кахання».
Я быў здзіўлены, таму што мне падаецца, што гэта не яе амплуа. Але пра сябе падумаў: «А чаму не?» Калі мы сталі лічыць, хто з якога моманту ў прафесіі, то атрымаліся прыгожыя лічбы: 35, 35 (Ірына Яромкіна і Марына Вежнавец — «Зв.») і 25 (Людміла Хітрова — «Зв»). Гэта той этап, калі артыст на піку, шмат умее і сам кіруе сваім творчым жыццём. Сёння мне б хацелася, каб кожная з гэтых балерын мела падтрымку тэатра і маю ў такіх праектах як «Жыццё ў прафесіі».
Галоўны харэограф лічыць, што ў трох вядучых балерын перспектыўная будучыня, якая ў большай ступені залежыць ад рэпертуарнай палітыкі тэатра: кожнай ёсць што сказаць, яны могуць абмяркоўваць, у які бок рухацца ў плане рэпертуару, і не толькі ў класічных спектаклях, агучваць ідэі далейшых спектакляў. У праекце «Жыццё ў прафесіі» ў кожнай балерыны — свая гісторыя ў абраных спектаклях, а для Марыны Вежнавец яна наогул новая.
Ігар Колб лічыць, што ўсе бенефісныя праектныя спектаклі павінныя быць прэм’ернымі. Спадзяюся, што будучыя юбілейныя даты Ірына і Людміла змогуць выбіраць прэм’ерныя спектаклі, каб паказаць сябе інакш і больш поўна раскрыцца. З гэтага пункту гледжання для Ірыны Яромкінай «Ганна Карэніна» — роля-загадка.
— Для артыста тут ёсць над чым падумаць. Заўсёды любую ролю трэба прапусціць праз сябе: што адчуваў персанаж, чаму ён так паступіў, ці быў у яго выбар? Таму што першапачаткова, калі выходзіў гэты спектакль, я ў душы ўвесь час спрачалася сама з сабой. Таму што ў мяне зусім іншае жыццё, — прызнаецца прыма-балерына. — Гераіня, якую трэба было ўвасобіць, — поўная мая супрацьлегласць. Я ўвесь час спрабавала яе зразумець. Артысту цікава сыграць ролі, якія ў жыцці для яго ніколі не адкрываліся. Я ў жыцці ўзорная маці, для мяне найважнейшае — дзеці. У жыцці я не дазволю сабе закахацца, а на сцэне, у спектаклі магу сабе гэта дазволіць. Я зразумела, чаму яна паступіла так: у нейкі момант у чалавека эмоцыі становяцца больш моцныя за яго разуменне жыцця, і ён перастае адчуваць каштоўнасці. З часам я знайшла агульную мову з Ганнай, але толькі на сцэне…
Ірына Яромкіна прызналася, што шмат што ў разуменні гісторыі, што распавядае балет харэографа Вольгі Костэль, залежыць ад партнёра. Свой бенефіс яна ўпершыню танцавала з Канстанцінам Белахвосцікам, які ўвасабляў Уронскага. Таму можна сказаць, што адбылася прэм’ера дуэта. Такія моманты дазваляюць адчуць спектакль нанава не толькі выканаўцам, але і гледачам.
- Яны ацанілі: пасля спектакля ў тэатры адбылася аўтограф-сесія з удзелам Ірыны Яромкінай.