Новыя падрабязнасці інтэрв’ю Прэзідэнта французскаму выданню Le Poіnt.
Новыя падрабязнасці інтэрв’ю Прэзідэнта французскаму выданню Le Poіnt.
На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Poіnt. Гэта адно са штотыднёвых грамадска-палітычных выданняў Францыі, якія найбольш праглядаюцца. У якасці інтэрв’юера выступіла карэспандэнт часопіса і пісьменніца Ан Ніва. Яна цікавілася ў беларускага лідара пра глабальную палітыку, перспектывы ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту і новую архітэктуру бяспекі ў Еўропе.
Французская журналістка пацікавілася ў кіраўніка беларускай дзяржавы, ці гатовы ён сустрэцца з украінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
«Я нават больш за тое. Вось Пуцін неяк гаварыў (ну, вядома, жорсткае патрабаванне): „Хоча Зяленскі (сустрэцца. — „Зв.“) — няхай прыязджае ў Маскву“. Вось мы з Валодзем Зяленскім маглі б сесці і прыляцець у Маскву. Разумееце, вось удвух. Я як гарант яго бяспекі і іншае, мог бы з ім сесці і прыляцець у Маскву. Сесці і пагаварыць», — адказаў беларускі лідар.
Ан Ніва ў сваю чаргу выказала сумненне, што Уладзімір Зяленскі пагодзіцца з гэтай прапановай. «Ну не пагодзіцца — няхай тады ваюе. Няхай адпраўляецца сам на фронт з аўтаматам і ваюе. Яго згода, нязгода... Вайна ідзе! Яе трэба спыніць, і мы маглі б дамовіцца, — перакананы Прэзідэнт. — Усё роўна мы ўтрох вызначым, якая ў нас будзе будучыня: ва Украіны, Беларусі і Расіі. Мы, тры славянскія народы. Наша (рашэнне. — „Зв.“) галоўнае будзе».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што краіны ЕС таксама хочуць уплываць на рашэнні па Украіне. «Я не адмаўляю вас (краіны Захаду. — „Зв.“). Вы магутныя, вы хочаце ўплываць... Структура будучай бяспекі ў Еўропе, як вы сказалі, залежыць шмат у чым ад Францыі больш, чым ад Беларусі.
Але тут або ў гэтым рэгіёне тры галоўныя славянскія народы — гістарычна і цяпер — будуць вырашаць, як жыць далей», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што лідары Беларусі, Расіі і Украіны маглі б дамовіцца і ўрэгуляваць гэты канфлікт. «І я ўпэўнены: мы хутчэй бы дамовіліся, чым з вамі (заходнімі краінамі. — „Зв.“), аб заканчэнні гэтай вайны і пра будучае ўладкаванне і гэтак далей. І людзі б гэта ўспрынялі», — перакананы Аляксандр Лукашэнка, які заўважыў пры гэтым, што Расія, як бы там ні было, перамагае на фронце.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Поўная версія інтэрв’ю будзе апублікавана 25 лістапада.