Top.Mail.Ru

Тры галоўныя «трэба»...

У нашым музеі-сядзібе Пружанскі палацык вельмі шмат цікавых экспанатаў і сярод іх... аўтабіяграфія, якую разам з іншымі дарагімі сэрцу фотаздымкамі, рэчамі перадаў зямляк, ганаровы палярнік, гвардыі падпалкоўнік Канстанцін Сцяпанавіч Рубец.



Нарадзіўся ён 1 лютага 1941 года ў вёсцы Паддубна ў досыць вялікай сялянскай сям’і. Праўда, з 11 дзяцей выжыла толькі шасцёра. Пашчасціла і яму, хоць змалку хапіла і бамбёжак, і холаду, і голаду. Палова дамоў у вёсцы згарэла, людзі жылі ў сырых зямлянках.

Не нашмат палягчэла і пасля вайны. Паводле ўспамінаў Канстанціна Сцяпанавіча, буквар у школе быў адзін на траіх, замест сшыткаў выкарыстоўвалі старыя газеты, партфелем служыла торба ад процівагаза. Першакласнікі насілі на ўрокі палачкі — найчасцей з бярозавых венікаў. Звязвалі іх па 10 штук і потым адымалі, складалі — так вывучалі матэматыку, нягледзячы на тое, што амаль заўсёды хадзілі напаўгалодныя. Адпраўляючы дзяцей у школу (пачатковая размяшчалася непадалёк у пасёлку Гарадзечна), маці выдавала ім па адной аладцы з крухмалу. А ў сямігодку будучы палярнік хадзіў пехатой, праз лес, за сем кіламетраў.

Потым у яго жыцці была армія, праца і вучоба ў вячэрняй школе, у ваенных вучылішчы і акадэміі, завочна — у педагагічным інстытуце, служба ў Пскове і Віцебску, у групе Савецкіх войск у Германіі і нават... у Арктыцы. Тры гады Канстанцін Сцяпанавіч быў камандзірам вайсковай часці, якая абслугоўвала аэрадром і праводзіла дазапраўку самалётаў на востраве Сярэдні, што ў Карскім моры.

Як напісана ў аўтабіяграфіі, служба ў паўночных шыротах вельмі нялёгкая: там і недахоп кіслароду, і дрэнная сувязь з мацерыком, і многае, многае іншае. Жыць, напрыклад, давялося ў так званых цубах (цыліндрычных уніфікаваных блоках). Дзякуючы круглявай форме яны не разбураюцца ад шквалістага ветру, каля іх не ўтвараюцца снежныя намеці, а ўсярэдзіне ўсё абсталявана для жыцця.

Разам з людзьмі на востраве жылі сабакі, якія сваім брэхам адпужвалі белых мядзведзяў (іншага паратунку не было: жывёла занесена ў Чырвоную кнігу). Усё неабходнае ва ўмовах вечнай мерзлаты (у тым ліку фінскае мяса, кітайскія яблыкі, згушчанае малако з нашага Глыбокага...) дастаўлялася з Мурманска ледаколам «Расія». Лісты прыходзілі раз у тры месяцы.

...Пасля зыходу ў адстаўку Канстанцін Сцяпанавіч больш за 30 гадоў жыў у пасёлку Варанцова, што на Пскоўшчыне, працаваў настаўнікам, разам з аднавяскоўцамі пабудаваў храм святога Велікамучаніка і Лекара Панцеляймона.

Цяпер наш слынны зямляк жыве ў Віцебску, цікавіцца гісторыяй роднага краю, падтрымлівае адносіны з землякамі, стараецца перадаць іншым свае галоўныя «трэба»: трэба спяшацца рабіць дабро, бо жыццё не бясконцае; трэба любіць сваю Радзіму і ніколі не падаць духам.

Правілы жыцця, згадзіцеся, вартыя і павагі, і пераймання.

Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы

г. Пружаны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю