Пазбавілася 32 000 рублёў.
У Савецкае РУУС днямі звярнулася 73-гадовая жыхарка Мінска, якая, як высветлілася, стала ахвярай аферыстаў, піша тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».
Ёй у месенджэры патэлефанаваў невядомы мужчына, які назваўся брокерам з Лондана і прапанаваў павялічыць уласны капітал, зарабіўшфы на біржы. Спачатку з цікавасці жанчына пагадзілася і ўклала свае грошы. А затым уцягнулася ў авантуру.
Па словах старшага інспектара ДІГС Савецкага РУУС Анастасіі Кавалеўскай, на працягу трох месяцаў мінчанка прытрымлівалася ўказанняў «памочніка» і думала, што інвесціруе свае сродкі ў акцыі вядомых еўрапейскіх кампаній. А калі куратар настаяў, што неабходна павышаць стаўкі, бо ўсё добра складваецца, пенсіянерка ўзяла буйныя сумы ў доўг у сваякоў.
Агульная сума ўкладанняў склала не менш як 32 тысячы рублёў.
Праз нейкі час аб захапленні жанчыны даведаўся яе сын, які паведаміў маці, што зарабляе на «біржы» не яна, а ашуканцы, і настаяў на тым, каб звярнуцца ў міліцыю.
Распачата крымінальная справа па факце махлярства.
Міліцыя нагадвае: вядзіце перапіску і здзяйсняйце здзелкі толькі на афіцыйных біржах.