Не так даўно на ўрачыстае адкрыццё новага фельчарска-акушэрскага пункта сабралася ледзь не ўся вёска Зарэчка Драгічынскага раёна. Яно і зразумела. Увядзенне ў строй будынка вясковай медустановы важна для ўсіх, бо паспрыяе павышэнню якасці абслугоўвання кожнага пацыента, а таксама паляпшэнню ўмоў работы персаналу ФАПа.
Наваселле ў Зарэчцы
Павіншаваць з гэтай падзеяй вясковых жыхароў прыехала нямала гасцей. Старшыня Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір НЕРАД нагадаў, што рамонтам і добраўпарадкаваннем аб’ектаў аховы здароўя ў раёне актыўна займаюцца ўжо некалькі гадоў. А ў Зарэчцы прынялі рашэнне замяніць былы прыстасаваны будынак на новы модульны ФАП.
Галоўны ўрач Драгічынскай раённай бальніцы Аляксандр ПРАТАСЕВІЧ паведаміў, што на ўзвядзенне гэтага ФАПа пайшло 150 тысяч рублёў з абласнога бюджэту. Работу правялі спецыялісты прадпрыемства «Брэстжылбуд». Неабходнае абсталяванне закуплена на суму 14 тысяч рублёў са сродкаў раённага бюджэту. А яшчэ да добрай справы далучыліся спонсары. На набыццё мэблі, прыстасаванняў дапамогу аказалі СВК «Асавецкі», ААТ «Аляксеевічы-Агра», КСУП «Племянны завод Заказельскі». У іх адрас таксама прагучалі словы падзякі падчас адкрыцця.
Загадвае новым утульным ФАПам Вольга Сідарэвіч. Яна расказала карэспандэнту газеты, што ўмовы работы змяніліся да непазнавальнасці:
— У старым не было ніякіх выгод. Калі рукі памыеш у прыстасаваным умывальніку, то ваду трэба было выносіць. А цяпер на месцы ўсе зручнасці, ёсць халодная і гарачая вада. У памяшканні цёпла. І галоўнае, што ўся мэбля новая, новае абсталяванне. Проста прыемна працаваць. І людзі, што прыходзяць на прыём, адзначаюць прыгажосць і зручнасць новай установы.
Вольга Сідарэвіч — малады спецыяліст, на работу ў Зарэчку дзяўчына прыехала ў жніўні мінулага года па размеркаванні пасля заканчэння Пінскага медыцынскага каледжа. Расказала, што работа ёй падабаецца. Спраў, як у любога вясковага медыка, хапае. Да ФАПа прыпісана 570 жыхароў з трох вёсак. У іх ліку 79 дзяцей.
З 8 да 12 гадзін фельчар прымае пацыентаў у сваім кабінеце, а потым работа працягваецца ў форме абслугоўвання выклікаў, патранажу, медработнік наведвае пацыентаў па месцы жыхарства. Фельчарска-акушэрскі пункт адносіцца да Папінскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Раз на тыдзень па графіку прыём на ФАПе вядзе ўрач. Цяпер і доктару стала больш камфортна працаваць у новых умовах.
У размове з карэспандэнтам газеты старшыня Драгічынскага раённага
Савета дэпутатаў Уладзімір Нерад сказаў, што людзі засталіся задаволены: «Падчас адкрыцця прагучала нямала ўдзячных слоў, асабліва ад пенсіянераў. Хораша выказаўся ветэран працы Віктар Грушко. Віктар Фёдаравіч сказаў аб тым, што чакаць прыёму з камфортам, нават зайсці ціск памераць у цёплым утульным памяшканні — гэта ўжо сведчанне клопату ўлады аб людзях».
Новае слова ў справе медабслугоўвання вяскоўцаў
Модульныя ФАПы, несумненна, уяўляюць сабой новае слова ў справе медабслугоўвання вясковых жыхароў. Гэта бюджэтны праект у параўнанні з узвядзеннем капітальнай пабудовы і разам з тым магчымасць забяспечыць вёску кампактнай і зручнай медустановай. А кампактнасць мае яшчэ адну перавагу — ФАП можна размясціць у любым месцы, часцей іх устанаўліваюць у цэнтральнай частцы населеных пунктаў побач з гандлёвымі пунктамі, сацыяльнымі аб’ектамі.
Першая спроба рэалізацыі падобнага праекта на Брэстчыне была ажыццёўлена ў канцы мінулага года ў пасёлку Птушкафабрыка каля Кобрына. Менавіта там расказвалі аўтару гэтых радкоў аб перавагах такога будаўніцтва. У прыватнасці, як ужо было згадана, хуткасць і эканамічнасць. На загадзя падрыхтаваны падмурак ставяцца два модулі, якія нагадваюць вагончыкі. Затым падводзяцца вада, каналізацыя, электрычнасць. З асноўнай работай спецыялісты спраўляюцца звычайна за тыдзень-два. А далей ідуць унутраная аддзелка, добраўпарадкаванне, на якія таксама не патрабуецца шмат часу з-за невялікіх аб’ёмаў. І ўсё — ФАП гатовы, застаецца завезці абсталяванне, прыбраць ды можна пераразаць чырвоную стужку, як гэта зрабілі ў Зарэчцы.
Варта дадаць, што перад Зарэчкай новы модульны ФАП адкрылі ў Івацэвіцкім раёне. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый ГАРАГЛЯД паведаміў, што ў гэтым годзе плануецца ўзвядзенне яшчэ чатырох тыпавых модульных фельчарска-акушэрскіх пунктаў у Іванаўскім, Баранавіцкім, Ганцавіцкім раёнах.