«Качыны востраў» у Фрунзенскім раёне
Маляўнічы куток з’явіўся ў Фрунзенскім раёне сталіцы паблізу мікрараёнаў Чырвоны Бор і Захад. Калі дакладней — у скверы Брыкету на скрыжаванні з вуліцай акадэміка Вышалескага.
Там на месцы балотца вырас прыродны аазіс «Качыны востраў». У скверы ўладкавалі сажалку з плывучымі хаткамі для качак. А на дрэвах развесілі кармушкі для вавёрак.
На адным з астраўкоў устанавілі назіральную пляцоўку з мастком. З берага можна не толькі паназіраць за насельнікаў вады — качкамі, выдрамі і чарапахамі, але і парыбачыць.
Акрамя таго, тэрыторыю абсталявалі драўлянымі насціламі, пірсамі. Ёсць магчымасць адпачыць у шэзлонгах і на арэлях. Пра дзяцей таксама не забыліся: для іх падрыхтавалі эка-пляцоўку і варкаўт-зону для спорту.
Фотагалерэя пад адкрытым небам у Маскоўскім раёне
Новая рэкрэацыйная зона размясцілася на вуліцы Сяргея Ясеніна. На тэрыторыі ўстаноўлены дзесяць стэндаў з рэтра-фатаграфіямі, у якіх ажывае гісторыя раёна. Па іх можна прасачыць, як старая вёска Малінаўка ператварылася ў сучасны мікрараён.
Таксама для наведвальнікаў устанавілі спартыўную пляцоўку з вулічнымі трэнажорамі і фотазону для здымак.
А адпачыць можна на дызайнерскіх лаўках, якіх на тэрыторыі сквера амаль два дзясяткі.
«Любімыя казкі» ў Ленінскім раёне
Тэрыторыя для сямейнага адпачынку з такой назвай з’явілася ўздоўж вуліцы Віктара Турава. Галоўная фішка зялёнай зоны — фігуры казачных персанажаў з дрэва і металу. Напрыклад, пацешная Муха-Цакатуха з самаварам або Залатая Рыбка.
Для павольных прагулак у скверы праклалі пешаходную дарожку. Яе працягласць — 565 метраў. Уздоўж маршруту можна зазірнуць на дзіцячую пляцоўку і пакатацца на арэлях.
А для паўнавартаснага сямейнага адпачынку тут абсталявалі альтанкі з мангаламі. Каб пасмажыць шашлыкі, жыхарам раёна не абавязкова выязджаць за горад.