У гэтай сям’і агульны педагагічны стаж — 145 гадоў. Яе члены перакананы: настаўнік — самая лепшая, творчая, запатрабаваная прафесія.
Я сустрэлася з прадстаўніцамі трох пакаленняў настаўнікаў, каб даведацца: якія каштоўнасці перадаюцца ў ёй ад пакалення да пакалення? Чым даражаць гэтыя жанчыны ў прафесіі, адносінах, жыцці?
Хацела быць, як мама
Рэгіна Станіславаўна Кузьміч. Працавала настаўнікам пачатковых класаў, старшай піянерважатай у школах Ашмянскага раёна. Пазней — старшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі ВАВ, інспектарам, загадчыкам аддзела, начальнікам упраўлення сацыяльнай абароны Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Узнагароджана: Ордэнам Пашаны, знакам «Выдатнік сацыяльнай абароны», памятным медалём Фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне», медалём «За доблесную працу».
Адлік настаўніцкай дынастыі ў гэтай сям’і вядуць ад Альдоны Людвікаўны Ісайчук. 20 гадоў (з 1955-1975) яна працавала ў школе для глухіх і са слабым слыхам дзяцей у Ашмянах: спачатку — настаўнікам, пазней — намеснікам дырэктара.
— Маючы пяцярых дзяцей, мама ўмудралася працаваць, паспяваць па гаспадарцы, а на выхадныя запрашала дадому сваіх вучняў, сярод якіх былі сіроты, каб яны маглі сагрэцца сямейным цяплом, пабыць па-за школьнымі сценамі, — распавядае Рэгіна Кузьміч. — Калі мы пераехалі ў Мінск, маміны былыя вучні, ужо дарослыя самастойныя людзі, наведваліся да яе ў госці, і гэта заўсёды былі кранальныя эмацыйныя сустрэчы: з кветкамі і словамі падзякі.
Прыклад маці, яе любоў да дзяцей вызначыў прафесійны выбар Рэгіны Станіславаўны.
— Так склалася жыццё, што ў школах я прапрацавала ўсяго 6 гадоў, — распавядае Рэгіна Кузьміч. — Большая частка маёй працоўнай біяграфіі звязана з сацыяльнай сферай. Спачатку займалася дзецьмі-інвалідамі, цяжкімі падлеткамі, пазней — ветэранамі. Але педагагічная адукацыя, «маміны ўрокі», прыроджаная актыўнасць выручалі заўсёды. Я не проста выконвала свае абавязкі, а старалася зрабіць нешта карыснае для людзей.
У свой час, калі адчуваўся недахоп падрыхтаваных кадраў, у Рэгіны Кузьміч узнікла ідэя Школы сацыяльнага работніка. Гэты наватарскі досвед атрымаў тады падтрымку і распаўсюджванне. Сёння Рэгіне Станіславаўне 75 гадоў, але сядзець дома ў яе не атрымліваецца. Яна намеснік Мінскай абласной ветэранскай арганізацыі.
— Прывыкла быць сярод людзей. Пакуль дазваляе здароўе, хочацца ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, — тлумачыць сваю няўрымслівасць Рэгіна Кузьміч. — Мы стараемся ўцягнуць людзей залатога ўзросту ў розныя гурткі ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, палацах культуры, аб’яднаць іх, разнастаіць вольны час, падтрымаць цікавасць да жыцця.

Выхаванне творчасцю
Алена Міхайлаўна Міхайлідзі — дырэктар сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк». «Жанчына года — 2015» у намінацыі «Паспяховы старт і надзея Беларускага саюза жанчын». Лаўрэат II гарадскога фестывалю педагагічных дынастый. Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падзячнымі пісьмамі Прэзідэнта Беларусі і адміністрацыі Ленінскага раёна. Педагагічны стаж — 29 гадоў.
— У Алены з ранніх гадоў відавочна праявіліся лідарскія якасці, арганізатарскія здольнасці. Яна часта гуляла ў школу, праводзіла ўрокі матэматыкі і спеваў для суседскіх дзяцей, арганізоўвала канцэрты для сяброў і сваякоў, — успамінае Рэгіна Кузьміч пра сваю старэйшую дачку. — Калі Алена вырашыла паступаць у педагагічны, я ўзрадавалася і падтрымала яе.
Перш чым узначаліць ЦДАДіМ «Маяк» Алена Міхайлідзі паспела папрацаваць настаўнікам музыкі, пачатковых класаў, завучам у школе і ўсюды памятала: важна не проста надзяліць дзяцей ведамі, але і выхаваць іх годнымі, гарманічна развітымі людзьмі.
— У мяне самой было вельмі актыўнае і шчаслівае дзяцінства, — кажа дырэктар ЦДАДіМ «Маяк» Алена Міхайлідзі. — Апроч школы з музычным ухілам, займалася тэнісам, дзюдо, ёгай, гандболам, лыжамі, лёгкай атлетыкай, у тэатральнай студыі. У «Маяку» (у гады майго дзяцінства гэта быў Дом піянераў) наведвала танцавальны гурток. І, вядома, мне хочацца, каб сучасныя дзеці маглі развіваць у сабе свае здольнасці, у тым ліку тыя, якія не ўдаецца праявіць у школе. Да таго ж спорт і творчасць — гэта альтэрнатыва гаджэтам, дзіцячая залежнасць ад якіх турбуе сёння бацькоў.
Алена Міхайлідзі — патрабавальны, амбіцыйны і разам з тым чулы кіраўнік, які шануе захопленых супрацоўнікаў. Яна сама — сапраўдны генератар ідэй. Калі «захворвае» чарговым новым праектам, «заражае» гэтым сваіх намеснікаў, і неўзабаве «вірусы творчасці» ахопліваюць увесь калектыў. Сама часта піша сцэнарыі творчых конкурсаў, мерапрыемстваў і дабіваецца таго, каб яны сталі святам для дзяцей і дарослых. Па выніках 2024 года «Маяк» прызнаны лепшай установай дадатковай адукацыі Мінска, адзначаны «Знакам якасці сістэмы адукацыі Мінска» і занесены на гарадскую дошку Гонару камітэта па адукацыі.

Школьнае прыцягненне
Актыўнасць, жыццярадаснасць, адказнасць, добразычлівае стаўленне да людзей перадалося ў спадчыну і дачцэ Алены Міхайлаўны — Ганне. Яна скончыла БДУ, і за 9 гадоў у школе не расчаравалася ў сваёй прафесіі.
— Мне цікава працаваць у школе, — прызнаецца выкладчык біялогіі СШ № 51 Мінска Ганна Гарнашэвіч. — Інтэрактыўныя метады навучання дазваляюць зрабіць урокі больш займальнымі і дынамічнымі. І, вядома, вечная крыніца натхнення ў нашай прафесіі — дзеці: яны ўсе розныя, з імі ніколі не засумуеш.
Сёння для Ганны Дзмітрыеўны школа — другі дом. Тут яна адчувае сябе спакойна і ўпэўнена. Але «на старце», адразу пасля ўніверсітэта часта раілася з Аленай Міхайлаўнай у розных сітуацыях, і мамін вопыт, паводле яе слоў, вельмі дапамагаў.
— Для любога настаўніка недастаткова ведаць свой прадмет, — упэўнена Ганна Гарнашэвіч. — Людзі нашай прафесіі фарміруюць асобу: яны павінны бачыць патэнцыял дзіцяці, умець раскрыць індывідуальнасць, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Часам падлетак з бацькамі не рашаецца абмеркаваць нейкія праблемы, а звяртаецца да настаўніка, якому давярае. І гэта вельмі каштоўна і адказна.
Каштоўнасць дынастый
Калі педагогі «трох пакаленняў» збіраюцца разам, то ведаюць загадзя: з чаго б яны ні пачалі размаўляць, у рэшце рэшт непазбежна стануць абмяркоўваць вечныя і любімыя тэмы: школы, выхавання, адукацыі. «Мужчынская палова» сям’і з іх смяецца: «У нашых настаўніц зноў педсавет». Сваю «прафдэфармацыю» жанчыны прызнаюць, але ўсё роўна перакананыя: гэта толькі на карысць, у сям’і, як нідзе, зацікаўлены ў асобасным і прафесійным развіцці адна адной. Досвед і веды тут перадаюцца ўвесь час, ненадакучліва, мудра. І ў гэтым сэнсе прафесійныя дынастыі — безумоўна, сацыяльны капітал любога грамадства.
Усе трое жанчын аднадушныя ў тым, што чалавек павінен вучыцца на працягу ўсяго жыцця.
— Бабуля пражыла 97 гадоў. Да апошняга дня цікавілася нашымі справамі і поспехамі, заахвочвала да развіцця, самаўдасканалення. І сама не губляла цікавасці да ўсяго новага. У 80 гадоў асвоіла камп’ютар, — успамінае Алена Міхайлідзі.
Сама Алена Міхайлаўна ў 40 гадоў атрымала правы кіроўцы, імкнецца не адставаць і асвойваць новыя тэхналогіі. Рэгіна Станіславаўна ў 50 гадоў самастойна навучылася граць на гітары. І Рэгіна Станіславаўна, і Алена Міхайлаўна, і Ганна шчыра хвалююцца з нагоды таго, што праца з дзецьмі сёння не такая прэстыжная і папулярная, як раней. Усе трое лічаць: у педагогіку павінны прыходзіць лепшыя з лепшых; роля настаўніка ў станаўленні Чалавека незаменная. І ўсе мае суразмоўцы перакананыя ў тым, што штучны інтэлект не ўяўляе пагрозы для людзей іх прафесіі: дапамагчы настаўніку ён можа, выцесніць яго — не здолее.
Так што, калі малодшанькая ў гэтай сям’і — 5-гадовая Алена, дачка Ганны, вырашыць працягнуць педагагічную дынастыю, то ніхто пярэчыць не стане.

Сямейнае выхаванне
З пакалення ў пакаленне ў гэтай сям’і перадаецца павага да старэйшых. Па словах маіх суразмоўніц, самыя галоўныя ўрокі яны атрымалі ад родных па крыві людзей. Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Іванавіч і Альдона Людвікаўна Ісайчукі былі бясспрэчным аўтарытэтам не толькі для дзяцей, але і для ўнукаў, праўнукаў.
— Бацькі заўсёды нам паўтаралі: вы павінны адно аднаго падтрымліваць. Калі ў кагосьці радасць — падзяліце яе, калі праблемы, гора, бяда — прыйдзіце на дапамогу, падстаўце плячо. І мы ўсе гэты ўрок засвоілі на ўсё жыццё, — падкрэслівае Рэгіна Станіславаўна.
Асабісты прыклад старэйшых сваякоў, іх звычкі, словы, паводзіны ў побыце, адносіны да людзей паволі ўплываюць на кожнае дзіця, фарміруючы яго.
— Мне запомнілася, як бабуля казала: «Цані і радуйся кожнаму дню. Прачнуўся, падзякуй Богу і прымайся за справу», — дзеліцца Алена Міхайлідзі.
— Гэта, безумоўна, вялікае шанцаванне мець родных, якія служаць для цябе ўзорам, у якіх ёсць чаму вучыцца. Напрыклад, прабабуля Альдона да апошніх дзён жыцця сачыла за сабой, заўсёды выглядала дагледжанай, ахайнай, па-сапраўднаму інтэлігентнай жанчынай, — дапаўняе Ганна Гарнашэвіч.
Алена Міхайлаўна адзначае: на жаль, сёння многія маці і таты мала часу прысвячаюць дзецям. Зразумела, што большасць напружана працуе. Але калі чалавек становіцца бацькам, ён павінен знаходзіць час на сваіх нашчадкаў.
— І бацька, і мама таксама шмат працавалі, — заўважае Алена Міхайлідзі. — Але мы з малодшай сястрой заўсёды адчувалі іх клопат. Тата правяраў у нас з Янай урокі. Разам з бацькамі па суботах рабілі прыборку, гатавалі ежу, хадзілі ў краму, пральню. Тата вадзіў нас у кіно, а бабуля і мама — у парк Горкага, тэатры, канцэрты, цырк. Зімой мы жаночай кампаніяй каталіся на лыжах.
Традыцыя ўвагі да выхавання дзяцей у сям’і захоўваецца свята. Нядзіўна, што пад трайным настаўніцкім уплывам малодшая ў сям’і Алена — самастойнае і развітое дзіця: танчыць, спявае, малюе, вучыцца гуляць у шахматы.
— Вельмі люблю праводзіць час з унучкай, — прызнаецца Алена Міхайлаўна. — Мы з ёй разам наводзім дома парадак, рыхтуем абед, «лечым» катоў, гуляем у дзіцячы сад, дзе яна — выхавальнік, а я — дзіця. А яшчэ з задавальненнем глядзім фільмы і мультфільмы, чытаем кніжкі, а потым абмяркоўваем. Алена зараз задае шмат пытанняў, і я імкнуся на іх адказваць — гэта фарміруе светапогляд дзіцяці.
Усе члены гэтай сям’і жывуць у Ленінскім раёне сталіцы. Калі выдаецца вольная хвілінка, імкнуцца забегчы ў госці адно да аднаго. Ну, а ўжо святы — гэта заўсёды нагода сабрацца разам. Калі ў сям’і ўсе спяваюць і іграюць на музычных інструментах, то адным застоллем, зразумела, сустрэчы ніколі не абмяжоўваюцца.
— Музыка, спевы суправаджалі нас заўсёды, — кажа Рэгіна Станіславаўна. — Пасля вайны ўсім жылося няпроста. Але бацькі назапасілі грошай і купілі фартэпіяна, каб далучыць нас да музыкі. Тата спяваў у Оперным тэатры, у яго быў вельмі прыгожы барытон. І калі мы збіраліся, то звычайна ён пачынаў спяваць, астатнія падхоплівалі, а Лена акампаніравала на фартэпіяна. І вось бацькоў ужо няма, але традыцыя засталася. Мы ідзём па жыцці з песняй.
Рэпертуар у гэтай сям’і вельмі разнастайны. Адна з любімых песень дзяцей і дарослых — «Дарога дабра». Дарогаю дабра ў гэтай сям’і і крочаць.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ