Top.Mail.Ru

«Тры пляцоўкі на гэтым этапе раўназначныя». Эксперт аб выбары месца для пункта пахавання РАА

Усе тры пляцоўкі, выбраныя як перспектыўныя для пункта пахавання радыеактыўных адходаў, раўназначныя. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «СТБ» заявіў дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАА) Міхаіл Кісель.

«На гэтым этапе ўсе тры пляцоўкі раўназначныя. У групах крытэрыяў разглядаецца шмат рэчаў: сацыяльная прымальнасць, гэта значыць меркаванне насельніцтва, наяўнасць працоўных рэсурсаў, пытанні даўгачаснай бяспекі, таму што аб’ект разлічваецца не на адзін дзясятак гадоў, а на некалькі стагоддзяў. Ён павінен забяспечыць фінальную ізаляцыю РАА бяспечна, гэта значыць важны інжынерныя рашэнні, канструкцыі і матэрыялы. Гэтыя пытанні адлюстраваны ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Далей гэта ўжо будзе пытанне канкрэтнага канструявання будаўнічай канструкцыі, выканання работ і кантролю за выкананнем», — расказаў Міхаіл Кісель.

Паводле яго слоў, калі ў 2024-2025 гадах пачыналіся першыя пытанні, пляцоўка ў Мсціславе адрознівалася тым, што ў яе слабы грунт. У час выпадання атмасферных ападкаў там не маглі прайсці нават поўнапрыводныя грузавікі. Цяпер у Мсціславе мясцовыя прадпрыемствы вядуць меліярацыйныя работы. У Астраўцы праводзяцца даследчыя работы. Яны прайшлі ўжо на мсціслаўскай і хойніцкай пляцоўках (завяршыліся ў ліпені).

«Зразумела, палявыя работы былі, але гэта не той аб’ём. Калі выйдзем на этап архітэктурнага праектавання, палявыя работы прадоўжацца па прыярытэтнай пляцоўцы, якая будзе вызначана ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пакуль мы знаходзімся на мяжы так званай перадпраектнай стадыі, у рамках якой распрацоўваецца справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе. Калі мы разглядаем стратэгію па абыходжанні з РАА ў Беларусі, то гэты аб’ект павінен быць да канца 2030 года», — падкрэсліў Міхаіл Кісель.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю