Маргарыта Маскяліене, уладальніца тытула «Лэдзі Беларусь — 2025» і шматдзетная мама, стала чацвёртай віцэ-міс на 49-м міжнародным конкурсе прыгажосці «Місіс Сусвету». Фінал прайшоў у Каломба (Шры-Ланка) і сабраў больш за 120 удзельніц з усяго свету.
Акрамя звання чацвёртай віцэ-міс, Маргарыта заваявала яшчэ два прэстыжныя тытулы — Mrs Universe Beauty і Mrs Universe Sport. У школе прыгажосці падкрэслілі: «Гэта не проста тытулы, а тры кароны, па адной ад кожнага звання. Уваходжанне ў топ-25 і заслужанае месца ў топ-5 — вынік велізарнай працы, сілы духу, прыгажосці і харызмы».
Сама канкурсантка прызналася, што поспех стаў вынікам упартай падрыхтоўкі на працягу года. «Уражанні неверагодныя. Мы пражылі асобнае маленькае жыццё. Усе дзяўчаты былі прыгожымі, адукаванымі і інтэлігентнымі. Мне ўдалося знайсці агульную мову з усімі ўдзельніцамі. Кожны дзень быў распісаны з раніцы: праграма пачыналася ў шэсць, а ўставаць даводзілася ў чатыры-пяць, каб паспець прывесці сябе ў парадак. У суткі я спала не больш за паўтары гадзіны», — расказала Маргарыта.
Па яе словах, захаваць самавалоданне дапамаглі ўнутраная сабранасць, духоўная гармонія і спакой. На конкурсе яна старалася заставацца сабой — шчырай, адкрытай і добразычлівай.

Фінал складаўся з двух этапаў: удзельніцы прадстаўлялі нацыянальныя касцюмы, а затым вячэрнія сукенкі. «Фінал быў проста грандыёзным. Усе адзначылі неверагодную вытанчанасць маёй вячэрняй сукенкі: яна зрабіла вялікае ўражанне на журы, гледачоў і саміх удзельніц. Штодзённы вобраз з аксесуарамі я мяняла па два-тры разы. Мая падрыхтоўка была прызнана і ацэнена па заслугах», — дадала Маргарыта Маскяліене.
Пераможцай «Місіс Сусвету — 2026» стала прадстаўніца Манака Ісідора Ранковіч.
Ягор ЧУРЫК