Узорная цыркавая студыя «Фантазёры» з Оршы добра вядомая не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. За дваццаць гадоў існавання яе юныя выхаванцы заваявалі сотні высокіх узнагарод пад кіраўніцтвам стваральніцы — экс-спартсменкі, былой артысткі цырка Святланы Раўкоўскай.
Зусім нядаўна багатая скарбонка ўзнагарод студыі папоўнілася яшчэ адной перамогай: аршанскія цыркачы былі ўдастоены дыплома лаўрэата першай ступені і Гран-Пры адкрытага рэспубліканскага фестывалю-конкурсу цыркавога мастацтва «Арэна-STAR». Сёлета вышэйшыя ўзнагароды студыі дапамагла заваяваць сольная праграма «Падарожжа ў часе». А тры сольныя нумары — гульня з хула-хупамі «Гаспадынькі», палотны «Успышка», эквілібр на шпульках «Шахматная каралева» — сталі лаўрэатамі першай ступені. Дарэчы, канкурэнцыя была даволі высокай — у фестывалі ўзялі ўдзел 20 калектываў з усёй рэспублікі.
У верасні 2024 года на базе цыркавой студыі стаў працаваць падрыхтоўчы калектыў-спутнік «Дзівакі». Малышы таксама прадставілі на фестывалі сольныя нумары, за што атрымалі тры першыя месцы.
Дарэчы, «Фантазёры» забралі галоўны прыз і цэнны падарунак конкурсу і ў мінулым годзе за нумар на рамянях «Дзівак» у выкананні Паліны Балашэнкі.
«У сваёй дзейнасці мы нярэдка сустракаемся з цяжкасцямі рознага кшталту, у тым ліку на арганізацыйным гарадскім узроўні. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, артысты студыі працягваюць са дня ў дзень удасканальваць сваё мастацтва, якое з’яўляецца адным з самых складаных», — заключыла Святлана Раўкоўская.
Фота з архіва цыркавой студыі «Фантазёры».