Top.Mail.Ru

Цана прамаруджвання — жыццё: гродзенскія анколагі і дэрматолагі пра дыягностыку і лячэнне раку скуры

Злаякасныя новаўтварэнні скуры сёння стабільна займаюць лідарскія пазіцыі ў структуры агульнай анкалагічнай захваральнасці. Пры гэтым скура — адзіны орган, які даступны простаму візуальнаму агляду без складаных маніпуляцый. Галоўная задача спецыялістаў анкалагічнай службы — максімальна скараціць шлях пацыента ад першага падазрэння да дакладнага дыягназу і пачатку лячэння. Падрабязнасці маршрутызацыі і лячэння расказалі на прэс-канферэнцыі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.

Штогод ва ўсім свеце выяўляецца больш за паўтара мільёна выпадкаў раку скуры. Гэта праблема застаецца вострай і для Гродзеншчыны. Штогод у Гродзенскім абласным анкалагічным дыспансеры выяўляецца больш за тысячу выпадкаў раку скуры, уключаючы базаліёмы, пласкаклетачны рак і меланому. Трывогу медыкаў выклікае імклівая дынаміка: за апошнія 50 гадоў захваральнасць у свеце вырасла ў сем разоў. Паводле прагнозаў экспертаў, да 2040 года колькасць новых выпадкаў павялічыцца яшчэ на 50%, што непазбежна пацягне за сабой і рост смяротнасці.

Менавіта таму дактары заклікаюць не адкладваць візіт да ўрача і не баяцца абследаванняў. Пры выяўленні хваробы на першай стадыі пяцігадовая выжывальнасць дасягае 98–99% — фактычна гэта азначае поўнае выздараўленне чалавека.

Якім бывае рак скуры?

У медыцынскай практыцы злаякасныя пухліны скуры дзеляць на дзве вялікія групы: немеланомны рак і меланому. Абсалютным лідарам па распаўсюджанасці з’яўляецца базальнаклетачны рак (базаліёма) — на яго долю прыпадае ад 70% да 80% усіх выпадкаў. Такая пухліна расце павольна і вельмі рэдка дае метастазы, аднак здольная паступова разбураць глыбокія тканкі, храсткі і косці. Другое месца займае пласкаклетачны рак скуры, які складае каля 15–20% выпадкаў. Ён больш агрэсіўны, чым базаліёма: хутчэй расце, схільны да з’яўлення язваў і можа даваць метастазы ў найбліжэйшыя лімфатычныя вузлы.

— Меланома скуры складае ўсяго 5–10% ад усіх злаякасных пухлін скуры, але менавіта яна з’яўляецца галоўнай прычынай смяротнасці ў анкадэрматалогіі. Пухліна развіваецца з пігментных клетак (меланацытаў), валодае высокім патэнцыялам да метастазіравання і патрабуе насцярожанасці. Рэдкія ж формы — такія, як карцынома Меркеля, пухліны прыдаткаў скуры або саркома Капошы — сустракаюцца менш чым у 1–2% выпадкаў, але працякаюць агрэсіўна і патрабуюць удзелу дактароў розных спецыяльнасцяў, — расказала загадчык анкадыспансернага аддзялення Універсітэцкай клінікі Марта Брыштэль.




Сучасная дыягностыка

Спачатку спецыялісты праводзяць светлавую дэрматаскапію — дэталёвы агляд новаўтварэння пад шматразовым павелічэннем. Затым надыходзіць этап марфалагічнай і малекулярна-генетычнай дыягностыкі. «Залатым стандартам» застаецца гісталагічнае даследаванне выдаленага ўтварэння з абавязковым вымярэннем таўшчыні пухліны (па шкале Брэслоу) для меланомы. Пры распаўсюджаных формах дадаткова праводзяць імунагістахімію і ПЛР-тэсціраванне на мутацыі. Калі ёсць падазрэнне, што хвароба распаўсюдзілася, прымяняюцца метады стадыравання. Пацыенту назначаюць УГД рэгіянарных лімфавузлоў, біяпсію вартавога лімфатычнага вузла, а таксама КТ з кантраставаннем, МРТ або ПЭТ-КТ для выключэння аддаленых метастазаў.

— У Гродзенскай вобласці, як і па ўсёй Беларусі, выбудавана дакладная маршрутызацыя пацыентаў. Першым крокам пры любых скаргах або пытаннях наконт радзімак і новаўтварэнняў павінен стаць візіт да ўрача агульнай практыкі. Ацаніўшы сітуацыю, доктар накіруе пацыента да хірурга або анколага. Выбар метаду дапамогі напрамую залежыць ад тыпу пухліны і таго, наколькі своечасова чалавек звярнуўся да ўрача. Пры раннім звароце, на I–II стадыях, асноўным метадам лячэння базаліёмы і пласкаклетачнага раку становіцца хірургічнае выдаленне пухліны ў межах здаровых тканак.

Калі ўтварэнне паверхневае або ў пацыента ёсць супрацьпаказанні да аперацыі, прымяняюць фотадынамічную тэрапію, крыядэструкцыю або блізкафокусную прамянёвую тэрапію. На ранніх стадыях эфектыўнасць лячэння дасягае 95–100%. Пры ранняй меланоме выконваецца шырокае сячэнне пярвічнага ачага, а калі таўшчыня пухліны перавышае 0,8 мм (або ёсць язвы), праводзіцца біяпсія вартавога лімфатычнага вузла для выяўлення схаваных мікраметастазаў.


Пры познім звароце, на III–IV стадыях, калі пашкоджаны лімфавузлы або ёсць аддаленыя метастазы, хірургія адыходзіць на другі план, а асновай становіцца сістэмная тэрапія. Пры наяўнасці мутацыі BRAF назначаюць камбінаваную таргетную тэрапію, якая дае хуткі клінічны адказ. Незалежна ад мутацыйнага статусу прымяняецца сучасная імунатэрапія інгібітарамі кантрольных пунктаў, здольная забяспечыць працяглую рэмісію нават пацыентам з IV стадыяй.

Галоўнае — прафілактыка

Адказваючы на пытанне пра прычыны імклівага росту захваральнасці, урач-анколаг-хірург хірургічнага кабінета ў анкадыспансерным аддзяленні Гродзенскай універсітэцкай клінікі Кацярына Вашкевіч вылучае два галоўныя фактары. З аднаго боку, палепшылася выяўляльнасць: больш насцярожанымі сталі і самі пацыенты, і ўрачы агульнай практыкі, якія пры аглядах своечасова заўважаюць змены на скуры і накіроўваюць людзей да анколагаў. З другога боку, у аснове развіцця злаякасных пухлін скуры па-ранейшаму ляжыць уздзеянне ўльтрафіялету. Паводле слоў доктара, сёння сонца застаецца актыўным незалежна ад пары года, а неабароненая скура рэгулярна атрымлівае пашкоджвальную дозу выпраменьвання.

Каб знізіць рызыкі, анколаг рэкамендуе зрабіць абарону ад сонца штодзённай звычкай. Выбіраць сонцаахоўныя сродкі варта з фактарам абароны (SPF) вышэй за 30, прычым выкарыстоўваць трэба не толькі спецыяльныя крэмы для твару і цела, але і ўвільгатняльную касметыку і бальзамы для вуснаў з SPF. Дадаткова абараніць адкрытыя ўчасткі цела дапамагаюць капелюшы і парасоны. Прычым выконваць гэтыя правілы, падкрэслівае Кацярына Вашкевіч, неабходна круглы год — нават зімой.




Важную ролю ў раннім выяўленні анкалагічных захворванняў скуры адыгрываюць урачы-дэрматавенеролагі, да якіх пацыенты часцей за ўсё прыходзяць пры з’яўленні любых трывожных сімптомаў. Галоўны ўрач Гродзенскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Кацярына Сергіенка адзначыла, што дапамога дэрматавенеролагаў з’яўляецца пярвічнай. Гэта значыць, што пры любых сумненнях або праблемах, звязаных са станам скуры, чалавек можа адразу звярнуцца ў дыспансер і атрымаць кваліфікаваную кансультацыю.

Для дакладнай ацэнкі новаўтварэнняў ва ўстанове выкарыстоўваюць сучаснае аптычнае абсталяванне. У распараджэнні спецыялістаў ёсць як ручныя дэрматаскопы, так і камп’ютарны лічбавы дэрматаскоп. Галоўная перавага лічбавай сістэмы ў тым, што яна дазваляе захоўваць здымкі радзімак і ўтварэнняў у базе даных. Калі пацыент прыходзіць на паўторны прыём праз пэўны час, урач можа наглядна параўнаць выявы і адсачыць нават найменшыя змены ў дынаміцы.

Дактары нагадваюць пра важнасць самадыягностыкі. 

Выкарыстоўвайце правіла брыдкага качаняці. Калі сярод вашых радзімак нейкая адрозніваецца, варта насцярожыцца. Таксама можна скарыстацца алгарытмам «АКОРД». Дзе «А» — гэта асіметрыя, «К» — краі няроўныя, «О» — (окрас) афарбоўка нераўнамерная, «Р» — (размер) памер больш за 6 мм, «Д» — дынамічныя змены (рэзкі рост, змена колеру і г. д.).


Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ 
Фота «Гродзенскай праўды»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю