Фермерская гаспадарка «Баўкуновіч СУ» на Случчыне працуе дзявяты сезон. Пакуль гэта адзіная арганізацыя ў раёне, якая вырошчвае клубніцы ў прамысловых маштабах. Да таго ж яна адна з найбуйнейшых у краіне сярод тых, хто займаецца гэтай культурай. Цяпер тут агулам апрацоўваюць каля 100 гектараў зямлі, ураджай збіраюць з 20, яшчэ пяць — пад матачнымі кустамі.
Ягады на саломе
Астатнія плошчы таксама працуюць на садовыя суніцы: для севазвароту і паляпшэння характарыстык глебы на 20 гектарах расце лубін, 55 гектараў займае пшаніца, але не для збожжа, якое з’яўляецца ў гаспадарцы пабочным прадуктам, а для... саломы! Дарэчы, з англійскай мовы слова «клубніцы» — strawberry — перакладаецца як «ягада на саломе». Сяргей Баўкуновіч не проста так прытрымліваецца класікі.

«Галоўная роля саломы — захаваць ягаду чыстай, — тлумачыць фермер. — Цяпер па якасці вялікія патрабаванні ўсюды — і ў Беларусі, і ў Расіі. Таму мы салому самі нарыхтоўваем, накрываем спецыяльным палатном, каб была сухая і добра драбнілася, вясной уносім на клубніцы. Гэта самы экалагічны матэрыял»
З клубніцамі ў Сяргея адносіны з гісторыяй. Ён родам з Лунінеччыны і лічыць сябе спецыялістам па гэтай культуры ў трэцім пакаленні. Але фермерскую гаспадарку на Случчыне, дзе, па яго словах, аказаўся выпадкова, адкрываў не для клубніц. Можа, таму што з дзяцінства гэту ягаду не есць. Нават водару не адчувае. За гэтым фактам, мяркую, стаіць шмат гадоў цяжкой працы. Гэта той выпадак, калі чалавек «наеўся» ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
Пачынаў Баўкуновіч з... нуля рублёў уласных грошай, вялікага доўгу, 30 гектараў зямлі і... таматаў. Менавіта таматы, на якія ў 2016 годзе была добрая цана, дазволілі яму вярнуць доўг і мець сродкі, каб прадоўжыць. А вось зямлі для севазвароту не хапіла. І тады Сяргей вярнуўся да сваёй старой, такой добра знаёмай спецыялізацыі.
На Лунінеччыне яго бацькі вырошчвалі ягаду на плошчы ў два гектары. З трох ва ўласнай гаспадарцы пад Слуцкам пачынаў Сяргей. Паступова плошчу павялічваў, бо ніколі за гады фермерства не быў у мінусе — шанцавала. Цяперашніх 100 гектараў, кажа ён, хапае для севазвароту ўпрытык. Баўкуновіч хацеў бы плошчы павялічыць.
Яраслаў БАЎКУНОВІЧ ва ўсім дапамагае бацьку.
Умовы знешнія і ўнутраныя
Але менавіта землі — адно з самых складаных пытанняў для фермера. Сяргей вельмі ўдзячны мясцовым уладам за тое, што ўчасткі, якія яму выдзяляюць, размешчаны кампактна. Для вырошчвання клубніц гэта прынцыпова важна. Тут адзін з самых вызначальных фактараў — час. Ягада далікатная, з поля яе трэба везці акуратна і на прылавак даставіць як мага хутчэй. Калі б плантацыі былі раскіданыя па розных мясцінах, прапанаваць спажыўцу якасны прадукт было б немагчыма.
Сяргей цэніць, што стаўленне да фермераў у Слуцкім райвыканкаме не залежыць ад асобы чыноўніка — падыход канструктыўны і дзелавы, які б чалавек ні быў на службовай пасадзе. «Не магу згадаць пытанне, якое мы б ні вырашылі, — кажа ён. — А пытанні ўзнікаюць розныя, з якіх зямельныя — самыя частыя і складаныя. Такія могуць вырашацца доўга, але і яны вырашаюцца. Сярод іншых — выдзяленне квот пад угнаенні, аналізы, вапнаванне глебы і шмат яшчэ чаго. Мы ўвесь час на сувязі з самымі рознымі структурамі райвыканкама. Напрыклад, аддзел землеўпарадкавання сочыць, каб дадзеныя нам участкі выкарыстоўваліся па прызначэнні, каб не было безгаспадарлівасці, цяпер гэтаму ўдзяляецца асаблівая ўвага».

«Баўкуновіч СУ» з першага дня свайго існавання імкнецца наводзіць парадак на тэрыторыі, дзе знаходзяцца плантацыі. На неабноўленых спадарожнікавых здымках яшчэ можна ўбачыць кінутыя дамы і непралазны зараснік там, дзе цяпер акуратныя грады з салодкай ягадай. Гаспадарка выкарчавала дрэвы і пасадзіла клубніцы прыкладна на 20 гектарах зямлі, якую дзесяцігоддзямі ніхто не выкарыстоўваў
«Мы стараемся штогод хоць бы адзін-два гектары ўвесці ў севазварот, — расказвае Сяргей. — І гэту працу робім разам з аддзелам землеўпарадкавання, яны ствараюць для нас карты, ёсць адпаведны пяцігадовы план. Нешта робім самі. Купілі невялікі экскаватар, каб карчаваць дрэвы».
Сёлетні год для клубніц неспрыяльны. Раннія сарты з-за майскіх маразоў страцілі да 70% будучага ўраджаю. Познія захаваліся лепш.
«Дыверсіфікацыя сартоў — наш спосаб выжывання, — заўважае суразмоўца. — Сельская гаспадарка — гэта цэх пад адкрытым небам. Чым даўжэйшы сезон, тым больш устойлівая эканоміка. Сёлета пацярпелі раннія сарты, у іншы год, з-за дажджу, напрыклад, — познія. Таму тыя, хто вырошчвае ягаду ў вялікіх аб’ёмах, мае, як мінімум, пяць-шэсць сартоў»
Мацвей Дзікун з вёскі Славін Слуцкага раёна падпрацоўвае на фермерскіх палетках пад час канікулаў
Фермер называе яго любімыя, але падкрэслівае: гэта досыць суб’ектыўнае меркаванне. «З ранніх сартоў прыгожая і дастаткова смачная „Лючыя“, вельмі смачная, але не буйная — „Арыяна“, з сярэдніх, найбольш масавых — „Азія“, „Тэя“, „Апрыка“, — пералічвае ён. — З позніх — „Скала“, „Фларэнцыя“. Ад „Мальвіны“ адмовіліся: не спадабалася...»
Папярэднія гады дазвалялі гаспадарцы не толькі на працягу года жыць за кошт ураджаю клубніц, плаціць заробак васьмі супрацоўнікам, але і
развівацца: закупляць тэхніку, будаваць склад, вяртаць у севазварот землі. Сёлета, кажа фермер, пра развіццё размова не ідзе, задача — выжыць.

Калі форма не мае значэння
Фермерская гаспадарка актыўна карыстаецца дзяржаўнай падтрымкай. Цяпер аформілі льготны крэдыт (пад 3%) на ўгнаенні і паліва, падобны крэдыт на набыццё тэхнікі ўжо пагашаны. На мехдвары прыватніка чатыры трактары, усе неабходныя агрэгаты, камбайн, пагрузчык, два грузавікі, мікрааўтобус. «Мы карыстаемся цалкам тымі ж ільготамі, якімі карыстаецца любы вытворца сельскай прадукцыі, у Беларусі няма падзелу па форме ўласнасці, — тлумачыць суразмоўнік. — Калі хочаш развівацца і ў цябе не хапае абаротных сродкаў, ты можаш скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай. Асабліва гэта датычыцца беларускай тэхнікі, якая сёння забяспечвае 99% патрэб у сельскай гаспадарцы».

Сяргей Баўкуновіч лічыць, што санкцыйная палітыка падштурхнула развіццё айчыннага машынабудавання ў сферы АПК. «Раней навясныя апырсквальнікі не рабіліся ў Беларусі, а месяц таму мы прывезлі сучасны агрэгат з камп’ютарам, які вырабляюць у Горках Магілёўскай вобласці. Ён не саступае па якасці і больш чым удвая таннейшы за еўрапейскі аналаг, — радуецца прыватнік. — На Гродзеншчыне вырабляюць фрэзерныя культыватары для апрацоўкі міжраддзя, купілі такіх два, і падобных прыкладаў шмат».
Адгрузка лета
Прыкладна 95% вырашчанай прадукцыі фермер экспартуе ў Расію. Клубніцы збіраюць уручную сезонныя работнікі, з году ў год гэта ў асноўным адны і тыя ж людзі. Працуюць з 5 гадзін раніцы да адной гадзіны дня раз на тыдзень на працягу месяца. Я назірала, як гэта робіцца. Першае ўражанне — водар, другое — настрой. Праца не з лёгкіх, але людзі ўсміхаюцца і жартуюць. І тон задае, як мне падалося, кіраўнік. З вёдзер ягады перасыпаюць у невысокія аднаразовыя драўляныя скрыні, узважваюць, загружаюць у машыны. Мора клубніц — гэта яшчэ адно моцнае ўражанне. І яно таксама стварае настрой.
Потым ягады вязуць у раённую інспекцыю па насенняводстве, абароне і каранціне раслін, якая выдае фітасанітарны сертыфікат. «Мы на кожную машыну здаём аналізы. Інспекцыя правярае, каб не было нітратаў і шкоднікаў. Глядзіць упакоўку на адпаведнасць патрабаванням, яна павінна быць новая і чыстая. З дакументамі машына едзе на расійскую мытню, якая правярае сапраўднасць сертыфіката, адпаведнасць ужо іх патрабаванням. Хоць усё быццам бы ўніфікавана, але кожны сезон з’яўляецца нешта новае, — смяецца суразмоўца. — Крэатыву кантралёрам хапае. Пасля гэтага машыны едуць на рынак альбо на базу ў розных гарадах. Ужо раніцай наступнага пасля збору ягады дня клубніцы ляжаць на гандлёвых прылаўках»
Пасля ўборкі ўраджаю ягаднік, які пакідаецца на наступны год, скошваецца. Усё прыбіраецца, фрэзуюцца міжраддзі. Траціна плантацыі пераворваецца. На новым участку раскладаецца кропельны паліў, уносяцца ўгнаенні. Потым фермерская гаспадарка прыбірае збожжа, уносіць на палі арганіку, сее азімыя і саджае новую плантацыю клубніц. «Саджаем толькі ўвосень, — расказвае кіраўнік. — У першую вясну зразаем кветкі, на другі і трэці гады збіраем ураджай».

«Сярод вясновых клопатаў таксама апрацоўка міжраддзя, барацьба з пустазеллем, прафілактыка хвароб, падкормкі... І так бясконца, — весела падсумоўвае Сяргей. — Клубніцы — культура, якая патрабуе вялікай увагі і працы»
Сын і дачка фермера, у адрозненне ад бацькі, клубніцы ядуць. Дачка яшчэ малая, а Яраслаў скончыў 10 класаў і ўжо дапамагае на канікулах у полі. Сяргей Баўкуновіч спадзяецца, што ён прадоўжыць сямейную справу, да таго ж і сельгасакадэмія ў Горках, і БДАТУ прапаноўваюць адпаведныя спецыяльнасці — на стыку агранаміі і эканомікі. Сам фермер па прафесіі — інжынер-праграміст, што ў дакладным земляробстве, якім займаецца, спатрэбілася.

- А галоўнае — спатрэбіўся на сваёй зямлі ён сам, са сваёй здольнасцю і жаданнем працаваць, смеласцю і любоўю да жыцця. Зямля дзякуе за клопат салодкім і духмяным прадуктам — бяры і напаўняй скрыні сакавітым летам, вязі людзям, дзяліся радасцю!
У ТЭМУ
Першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама Марына Пракаповіч:
«У Слуцкім раёне цяпер працуюць 28 фермерскіх гаспадарак. Агульная плошча, якую яны займаюць, — 2058 гектараў, у тым ліку ворных зямель — 1400 гектараў. Летась кошт валавой прадукцыі, якую вырабілі фермеры, склаў каля 8 мільёнаў рублёў, гэта 1,5 % ад усяго кошту валавой прадукцыі раёна. У асноўным займаюцца раслінаводствам. У 2024-м фермеры вырасцілі 3700 тон збожжа (2 % ад агульнай вытворчасці ў раёне), цукровых буракоў — 6000 тон (3,5 %), бульбы — 2190 тон (60 %), агародніны — 5000 тон (98 %). Садовыя суніцы вырошчвае ў раёне адзіная гаспадарка — «Баўкуновіч СУ».
Штогод з'яўляюцца новыя гаспадаркі, але іх агульная колькасць апошнім часам не змяняецца, бо некаторыя закрываюцца. Праца на зямлі цяжкая, не ўсе адэкватна ацэньваюць свае сілы. У Слуцкім раёне землі добрыя, але фермеры пераважна бяруцца за складаныя культуры, якія патрабуюць вялікай увагі».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, фота аўтара.
Слуцкі раён.