Top.Mail.Ru

Цэласны вобраз нашай краіны паказаны ў адным выдавецкім праекце

У адпаведнасці з рашэннем Рэспубліканскага Савета па гістарычнай палітыцы і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі рэалізавана выданне фундаментальнага праекта, накіраванага на захаванне гістарычнай праўды, прэзентацыю культурнай спадчыны і фарміраванне цэласнага вобраза сучаснай Беларусі. У выдавецтве «Беларусь» пабачылі свет кнігі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці са старажытнейшых часоў і да нашых дзён», «Беларусь: трагедыя і праўда памяці: генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Беларусь: культурная і духоўная спадчына», «Беларусь сучасная: краіна і людзі».


Ідэя стварыць кнігі, з якімі будуць працаваць дыпламаты і якія можна выкарыстоўваць пры паездках за мяжу ці пры прыёме замежных дэлегацый, паступіла ад Міністэрства замежных спраў.

Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі, новыя выданні расказваюць не толькі аб гісторыі, яны прадстаўляюць Беларусь.

— У кнігах адлюстравана ўсё тое, чым ганарацца беларусы, — падкрэсліў Дзяніс Езерскі. — Гэта менавіта тая крыніца, дзе ў даступнай форме прадстаўлены канкрэтныя факты, дзе можна знайсці інфармацыю па пытаннях гісторыі, знешняй палітыкі эканомікі, культуры, дзе паказана месца сучаснай Беларусі на карце Еўропы і свету. Гэта выдатны дапаможнік не толькі для дыпламатаў, але і для прадстаўнікоў органаў кіравання. Кнігі могуць выкарыстоўвацца ў прэзентацыйных і адукацыйных мэтах, быць цікавымі сучаснаму пакаленню. Над серыяй працавалі вядучыя спецыялісты і вучоныя. Яна пастараліся адабраць найбольш значныя факты, коратка і даступна падаць іх. 

У выданнях інфармацыя прадстаўлена ў тым ліку і на англійскай мове. Прадумваўся нават фармат — каб кнігі, якія будуць выкарыстоўвацца ў тым ліку ў якасці падарунка замежным гасцям, было зручна браць у дарогу.


Апошнім часам расце колькасць ілжывай інфармацыі аб нашай краіне, якая часам множыцца з-за элементарнай недасведчанасці. Новыя выданні дапамогуць данесці праўду пра нашу краіну, паказаць, як на самай справе ўсё выглядае, чым мы багатыя, якія ў нас перспектывы, лічыць намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта.

— Па сутнасці гэта пропуск у нашу краіну для тых, хто яшчэ не змог тут пабываць і ва ўсім пераканацца асабіста. Яны дазволяць абудзіць цікавасць да краіны . Такія выданні павінны стаць настольнымі ў кожнага дыпламата. Яны дазволяць хутчэй падабраць інфармацыю, дзякуючы якой можна знаходзіць адказы нават на самыя складаныя пытанні, якіх з кожным годам паўстае ўсё больш. Такое адчуванне, што мы павінны пачынаць з асветы. Зноў расказваць пра тое, якім быў свет у пачатку мінулага стагоддзя, што паслужыла прычынамі для пачатку Першай сусветнай вайны, чым скончыўся перадзел свету, што адбывалася ў 1970-80-я і гэтак далей, — заўважыў дыпламат.


Дзякуючы падобнаму праекту можна паказаць на канкрэтных фактах, што ўяўляе сабой Беларусь, колькі яна мае дасягненняў, данесці да сусветнай супольнасці, што наша краіна мае міратворчую, міралюбівую павестку.

— Стварэнне падобных прадуктаў і прасоўваннне праўды пра нашу краіну — гэта не справа аднаго ведамства, толькі Міністэрства замежных спраў. У гэтым павінны ўдзельнічаць усе, асабліва кожны дыпламат. Нават у побытавых зносінах ці знаходзячыся за мяжой у турыстычных мэтах кожны нясе частку культуры, ведаў аб сваёй краіне, — падкрэсліў Ігар Сякрэта.


Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў запэўніў, што ўнікальнае выданне будзе запатрабавана на знешнім контуры, актыўна выкарыстоўвацца парламентарыямі ў рабоце на міжнародных пляцоўках, у прасоўванні парламенцкай дыпламатыі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу, што адна з кніг прысвечана трагедыі беларускага народа. Дзякуючы новаму выданню людзі з іншых краін змогуць больш даведацца пра тое, што прынесла з сабой вайна і чаму Беларусь так цэніць мір.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк стаў адным з аўтараў выдання «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці са старажытнейшых часоў і да нашых дзён». Ён расказаў, што том паказвае не проста гісторыю, а беларускую суб’ектнасць ад моманту ўзнікнення першых дзяржаўных форм і да сучаснасці. Тут прадстаўлены знакавыя імёны, факты, карты якія паказваюць тэрытарыяльныя рэаліі, якія былі ў тыя ці іншыя стагоддзі: «Кніга нясе вывераныя факты, эмпатыю да краіны», а саму серыю ён назваў «Голасам Беларусі».


Нягледзячы на тое, што спачатку серыя прызначалася для выкарыстання замежнымі ведамствамі і рабілася з разлікам на замежнага чытача, ужо сёння можна бачыць, што яна аказалася запатрабаванай унутры Беларусі. За некалькі тыдняў, як яна паступіла ў продаж, рэалізавана 80 % тыражу. Прынята рашэнне павялічыць яго, разглядаюцца пытанні аб выданні кніг і на іншых мовах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю