Апазнанне праходзіла ў моргу горада Ош у Кыргызстане, куды ратавальнікі спусцілі два целы загінулых у жніўні альпіністаў
Сваякі апазналі целы загінулых на піку Курумды альпіністаў, паведамляюць СМІ Кыргызстана са спасылкай на УУС Ошскай вобласці.
Апазнанне праходзіла ў моргу горада Ош у Кыргызстане, куды ратавальнікі спусцілі два целы альпіністаў, загінулых у жніўні.
Ва УУС удакладнілі, што адзін з апазнаных — беларус Максім Палянскі, другі — грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў.
«Абодва целы знаходзяцца ў моргу Оша. Іх адправяць на радзіму», — расказалі ва УУС.
Цела трэцяга ўдзельніка ўзыходжання на пік Курумды — беларуса Мікалая Свірыдава — пакуль застаецца ў гарах, бо пошукі спынілі з-за небяспекі для жыццяў ратавальнікаў.