Урад Беларусі не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у час наведвання «Камунаркі», паведаміла БелТА.
«Што датычыцца цэн і цэнаўтварэння — гэта ўсё пад кантролем урада. І мы адназначна не дапусцім неабгрунтаванага росту цэн», — сказаў Аляксандр Турчын.
Паводле слоў Прэм’ер-міністра, урадам раней прынята пастанова, якой істотна скарочаны пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай. Пры гэтым урад прадаўжае кантроль па пытаннях фарміравання цэн у краіне вытворцамі, імпарцёрамі і суб’ектамі гандлю. «Акрамя інфармацыі Белстата, аналізуецца цэнавая сітуацыя з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу рознічных цэн. У выпадку выяўлення неабгрунтаванага завышэння цэн на выключаныя з пераліку пазіцыі ўрад пакідае за сабой права аператыўнага вяртання гэтых тавараў пад дзяржаўнае рэгуляванне ў адпаведнасці з механізмам, прадугледжаным пастановай № 713», — адзначыў ён.
«Мы спадзяёмся на адказны падыход суб’ектаў гаспадарання», — падкрэсліў кіраўнік урада.