Цэнтр жаночага здароўя плануюць стварыць на базе раддома 3-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску. Пра гэта паведаміў старшыня Камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч на нарадзе ў Мінгарвыканкаме, перадае БелТА.
«Камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама плануецца стварэнне на базе раддома 3-й гарадской клінічнай бальніцы Цэнтра жаночага здароўя па аналогіі з Цэнтрам мужчынскага здароўя, які эфектыўна працуе з 2018 года», — сказаў Юрый Горбіч. Гэта ў тым ліку дазволіць аказваць дапамогу па пытаннях рэпрадукталогіі і захворванняў, якія абмяжоўваюць наступленне цяжарнасці.
Ён дадаў, што ў Цэнтр мужчынскага здароўя, які працуе на базе Мінскага клінічнага кансультатыўна-дыягнастычнага цэнтра, з пытаннямі, звязанымі з мужчынскім бясплоддзем, штогод звяртаюцца 3,5 тыс. мужчын. 30 % з іх — мужчыны ва ўзросце да 30 гадоў. Эфектыўнасць дапамогі, якая ім аказваецца, складае 60-70 % з задзейнічаннем усіх сучасных тэхналогій.
«Пытанні дэмаграфічнай бяспекі на самай справе знаходзяцца ў топе ўсіх магчымых пытанняў, таму што дазваляюць вызначыць магчымасці развіцця эканомікі, аховы здароўя і іншых сфер жыцця. Тут вылучаюцца дзве класічныя групы пытанняў: першыя — нараджальнасці, другія — смяротнасці і працягласці здаровага, актыўнага жыцця. На частку з гэтых працэсаў медыцына можа паўплываць, на частку яна паўплываць не можа», — адзначыў Юрый Горбіч.
Акрамя таго, праводзіцца асветніцкая дзейнасць, звязаная з пытаннямі здароўя, накіраванымі на прафілактыку інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, і сітуацый, звязаных з захворваннямі і станамі, якія перашкаджаюць цяжарнасці. У раёнах ёсць цэнтры дружалюбнага стаўлення да падлеткаў, дзе для дзяўчат арганізавана кансультатыўная і асветніцкая работа ўрачаміі-гінеколагамі, а на базе жаночых кансультацый працуюць дзіцячыя акушэры-гінеколагі.
Юрый Горбіч таксама акцэнтаваў увагу: «Не губляе сваю важнасць дыспансерызацыя. За год дыспансерызацыі ўпершыню выяўлена 31 тыс. выпадкаў хвароб сістэмы кровазвароту і 4,2 тыс. анкалагічных хвароб. Пры гэтым на дыспансерызацыю прыходзяць людзі, якія лічаць сябе здаровымі, гэта значыць мы выявілі 4,2 тыс. новых выпадкаў анкалогіі на ранніх стадыях, калі яе прасцей лячыць, што дазваляе ў абсалютнай большасці выпадкаў вярнуць чалавека да актыўнага жыцця без якіх-небудзь наступстваў. Гэта той шлях прафілактыкі і ранняй дыягностыкі, на якім працуе і будзе працягваць працаваць сістэма аховы здароўя горада».