Цэнтральнай тэмай XXXIII Мінскай кніжнай выставы-кірмашу стане 35-годдзе СНД. Пра гэта расказаў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі на чарговым пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах Садружнасці ў Мінску, паведамляе БелТА.
«Мерапрыемства з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным кніжным форумам, адыгрывае важную ролю ў захаванні духоўнай спадчыны, актывізацыі дыялогу культур. Уносіць вялікі ўклад у развіццё сяброўскіх, добрасуседскіх адносін, спрыяе папулярызацыі друкаванага слова і чытання, пашырэнню ўзаемавыгадных міжнародных сувязяў у галіне кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі. Штогод у выставе-кірмашы прымаюць удзел каля 400 экспанентаў з 25 краін. Адной з цэнтральных тэм кніжнай выставы гэтага года стане 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Рашэнне аб вызначэнні цэнтральнай тэмы было падтрымана на пасяджэнні Міждзяржаўнага савета па супрацоўніцтве ў галіне перыядычнага друку кнігавыдання, кнігараспаўсюджвання і паліграфіі і ўключана ў план прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД і план мерапрыемстваў, прысвечаных 35-годдзю СНД», — адзначыў Дзяніс Езерскі.
Ён расказаў, што на выставе будзе цэнтральная пляцоўка СНД, дзе кожнай з дзяржаў Садружнасці будзе прадстаўлена выставачная прастора. «Плануецца размясціць фатаграфіі славутасцяў, помнікаў, іншых аб’ектаў, а таксама найбольш знакавыя кнігі. Можна таксама размясціць сувеніры для ўзбагачэння экспазіцыі. Акрамя агульнага стэнда прапануем прыняць удзел асобнымі стэндамі ў рамках „Міжнароднага квартала“. Арганізатарамі выставы бязвыплатна прадастаўляецца ад 6 да 8 кв. м кожнай дзяржаве Садружнасці. Краінавыя стэнды заўсёды выклікаюць вялікую цікавасць і станоўчыя водгукі ўдзельнікаў і наведвальнікаў выставы», — дадаў намеснік міністра інфармацыі.
«Акрамя экспанавання, фарміруецца культурная дзелавая праграма. Штодня будуць праходзіць прэзентацыі, прысвечаныя кожнай дзяржаве Садружнасці. У рамках выставы пройдзе XI Міжнародны сімпозіум літаратараў „Пісьменнік і час“, — дадаў Дзяніс Езерскі.
Намеснік міністра падкрэсліў, што выдавецтвамі сістэмы Міністэрства інфармацыі Беларусі да выставы будуць выпушчаныя дзве кнігі, прысвечаныя 35-годдзю СНД. „У выдавецтве „Мастацкая літаратура“ выйдзе кніга „Казкі народаў СНД“. Вельмі маляўнічае і цікавае выданне. У выдавецтве „Беларусь“ — зборнік твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча на мовах народаў краін СНД“. На выставе яны будуць прэзентаваныя», — растлумачыў ён.
XXXIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе з 17 па 22 сакавіка.