Top.Mail.Ru

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН адзначае стагоддзе

Да залатога юбілею адной з найстарэйшых устаноў Нацыянальнай акадэміі навук была прымеркавана Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Навука. Бібліятэка. Інфармацыя», якая сабрала больш за 200 удзельнікаў — прадстаўнікоў вядучых бібліятэк Беларусі і Расіі, навучальных устаноў, архіваў.


Як расказаў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Станіслаў ЮРЭЦКІ, гісторыя ўстановы непарыўна звязана з гісторыяй акадэмічнай навукі. Фарміраванне кніжных збораў для патрэб Інстытута беларускай культуры і Навуковай тэрміналагічнай камісіі вялося яшчэ ў 1921–1924 гадах. У лютым 1925 года бібліятэка была аформлена як асобнае структурнае падраздзяленне са сваім кіраўніком, штатнымі работнікамі. Спачатку сюды паступалі кнігі па пытаннях беларусазнаўства, фундаментальная даведачная літаратура, выданні, якія былі заказаны па запытах супрацоўнікаў Інстытута беларускай культуры. У 30-я гады ўстанова вяла актыўную работу па набыцці кніжных калекцый вядомых вучоных. Напрыклад, была выкуплена бібліятэка Эпімах Шыпілы. Таксама ў даваенных фондах былі кнігі, якія раней належалі знакамітым родам. Так, тут захоўвалася бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, у тым ліку і ўнікальныя выданні ХV—ХVІІІ стагоддзяў. Наогул даваенны фонд налічваў 345 тысяч адзінак захоўвання.

У гады Вялікай Айчыннай вайны акадэмічная бібліятэка была разрабавана захопнікамі, большасць кніг вывезлі на тэрыторыю Трэцяга рэйха, страты фонду склалі 90 працэнтаў. Працу па аднаўленні бібліятэкі яе супрацоўнікі, якія знаходзіліся ў эвакуацыі, распачалі яшчэ ў 1943 годзе, а да 1948-га яе фонды колькасна ўжо былі большымі за даваенныя. Сёння навуковая бібліятэка мае каля 4 мільёнаў адзінак захоўвання. Тут знаходзіцца самы вялікі ў краіне збор ва многім унікальнай замежнай навуковай літаратуры. Асаблівы гонар установы — 74 фонды дзеячаў культуры і навукі.

Акадэмічная бібліятэка мае і шыкоўную калекцыю старадрукаў і рукапісных выданняў. Некаторыя з іх былі прадстаўлены падчас работы канферэнцыі.

«У аснове нашага супрацоўніцтва — вывучэнне старажытных кніг, — падзяліўся дырэктар Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі Міхаіл Афанасьеў, які прыехаў з Масквы. — У нашых фондах ёсць кнігі з прыватных бібліятэк дзеячаў Беларусі, альбо ў Акадэмічнай бібліятэцы ёсць з тых бібліятэк выданні, якія захоўваюцца ў нас. Мы абменьваемся вопытам, маем агульныя праграмы, звязаныя з вывучэннем такіх калекцый. Напрыклад, кнігі Караля Гутэн Чапскага — чалавека, які пакінуў след і ў Беларусі, і ў Расіі, — ёсць у абедзвюх краінах, сабраць іх разам фізічна немагчыма, тым больш што ў кожнага выдання — свая гісторыя. Затое можна зрабіць агульны бібліяграфічны спіс і нават віртуальную калекцыю, як гэта сёння акадэмічная бібліятэка робіць з Радзівілаўскай бібліятэкай, калі па розных краінах шукае кнігі ды аблічбоўвае іх».

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю