Сярод іх — дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Сыранкоў, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч, індывідуальны прадпрымальнік Ганна Канапацкая. Зарэгістраваным кандыдатам у Прэзідэнты, а таксама іх прадстаўнікам уручылі адпаведныя пасведчанні.
Па выніках праверкі дакладнасці подпісаў у падпісных лістах, на падставе пратаколаў абласных, Мінскай гарадской камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб устанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, ЦВК Беларусі ўстаноўлена колькасць выбаршчыкаў па Рэспубліцы Беларусь, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
За Аляксандра Лукашэнку подпісы паставілі 2 518 145 чалавек, Сяргея Сыранкова — 125 577, Аляксандра Хіжняка — 112 779, Алега Гайдукевіча — 134 472, Ганну Канапацкую — 121 077.
5325 участкаў для галасавання
Як адзначыў падчас пасяджэння ЦВК старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзіць у адпаведнасці з тэрмінамі, устаноўленымі заканадаўствам. «Завяршыўся этап вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, — канстатаваў ён. — Па інфармацыі тэрытарыяльных камісій, збор подпісаў ажыццяўляўся ва ўстаноўленым законам парадку. У ЦВК скаргі не паступалі. Выбаршчыкі звярталіся ў інфармацыйна-даведачны цэнтр Цэнтральнай выбарчай камісіі з пытаннямі аб месцы правядзення пікетаў па зборы подпісаў, дакументах, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы членаў ініцыятыўных груп, аб магчымасці паставіць подпіс пры прад’яўленні іншага, акрамя пашпарта або ідэнтыфікацыйнай карты, дакумента».
Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, ва ўстаноўленыя законам тэрміны ўтвораны ўчасткі для галасавання ў колькасці 5325. У такой жа колькасці не пазней за 26 снежня будуць утвораны ўчастковыя камісіі. Да 30 снежня на сайце ЦВК будзе запушчана праца сэрвісу па пошуку ўчастка для галасавання.
«Пры тэрытарыяльных камісіях ужо акрэдытаваны 951 нацыянальны наглядальнік, — звярнуў увагу Ігар Карпенка. — Для ажыццяўлення назірання за выбарамі ў краіне ўжо акрэдытаваны 93 замежныя (міжнародныя) наглядальнікі, Сярод іх — наглядальнікі місіі ад СНД, парламентарыі, прадстаўнікі Маладзёжнай арганізацыі Руху недалучэння, выбарчых органаў замежных дзяржаў, незалежныя наглядальнікі».
Нагадаем, 18 снежня адбылася сустрэча старшыні Цэнтрвыбаркама з кіраўніком Місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым. «Сяргей Мікалаевіч паведаміў, што ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску пачаў работу штаб місіі, у якім будуць працаваць больш як 50 доўгатэрміновых наглядальнікаў, — адзначыў Ігар Карпенка. — За дзень-два да выбараў у Беларусь прыбудзе яшчэ каля 150 наглядальнікаў. Агульная колькаснасць Місіі — парадку 200 чалавек».
Цэнтральная выбарчая камісія працягвае акрэдытацыю замежных (міжнародных) наглядальнікаў.
Форма бюлетэня і эфірны час
Акрамя рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, на пасяджэнні ЦВК разгледзелі пытанне аб устанаўленні формы і тэксту бюлетэня для галасавання. Ён будзе ўтрымліваць прозвішча, імя і імя па бацьку ў алфавітным парадку, іншыя даныя ўсіх кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у бюлетэнь будуць уключаны тлумачальная інфармацыя аб парадку яго запаўнення. Нагадаюць выбаршчыкам і аб тым, што выдадзены бюлетэнь забараняецца выносіць за межы памяшкання для галасавання, забаронена ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня. Зацверджана, што тэкст бюлетэня будзе на беларускай мове.
На пасяджэнні ЦВК таксама разгледжана пытанне аб арганізацыі галасавання асобных катэгорый грамадзян. Размова аб беларусах, якія пражываюць за мяжой. Яны таксама змогуць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, але толькі на тэрыторыі нашай краіны — адпаведныя ўчасткі будуць арганізаваны ў Мінску і кожным абласным цэнтры (адрасы гэтых участкаў змешчаны на сайце і тэлеграм-канале Цэнтрвыбаркама, будуць апублікаваны ў СМІ). Як нагадалі ў ЦВК, бюлетэнь для галасавання будзе выдавацца на адным з указаных участкаў па прад’яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карты, біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Вызначаны даты і час перадвыбарных выступленняў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыё — адпаведная жараб’ёўка была праведзена падчас пасяджэння ЦВК. 9 студзеня 2025 года па тэлебачанні выступленні будуць трансліравацца ў наступным парадку: Ганна Канапацкая, Сяргей Сыранкоў, Аляксандр Хіжняк, Алег Гайдукевіч. 16 студзеня першым выступіць Аляксандр Хіжняк, затым — Ганна Канапацкая, Сяргей Сыранкоў і Алег Гайдукевіч. У радыёэфіры выступленні будуць трансліравацца ў наступным парадку: 8 студзеня — Алег Гайдукевіч і Аляксандр Хіжняк, 10 студзеня — Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў, 15 студзеня — Сяргей Сыранкоў і Ганна Канапацкая, 17 студзеня — Алег Гайдукевіч і Аляксандр Хіжняк. Аляксандр Лукашэнка адмовіўся ад перадвыбарных выступленняў па тэлебачанні і радыё.
У размове з журналістамі Ігар Карпенка выказаў падзяку людзям, якія працавалі ў ініцыятыўных групах патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты. «Вынік праверкі подпісаў і ў цэлым гэты працэс быў дастаткова якаснымі, — рэзюмаваў ён. — Усе прэтэндэнты набралі тую колькасць подпісаў, якая неабходная па законе для вылучэння, падалі ўсе дакументы. Усе пяць прэтэндэнтаў адпавядаюць патрабаванням заканадаўства, якія вызначаны да кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь».
З 1 да 25 студзеня 2025 года пройдзе перадвыбарная агітацыя. Выбары Прэзідэнта Беларусі прызначаны на 26 студзеня 2025 года. Грамадзян, якія будуць галасаваць упершыню, чакае падарунак ад Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Фота БелТА