Top.Mail.Ru

Цесная кааперацыя саюзных станкабудаўнікоў дае штуршок развіццю інавацый і эканамічнаму росту

Узаемавыгадны патэнцыял


У прамысловую кааперацыю, па даных гандлёвага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, уцягнутыя каля 8 тысяч суб’ектаў гаспадарання з абодвух бакоў. У прыватнасці, у нашай краіне зарэгістравана ўжо каля 2,5 тысячы сумесных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з расійскім капіталам. 

Гэта не проста статыстыка, а адлюстраванне жывога працэсу ўмацавання кааперацыйных сувязяў. Асноўны кірунак супрацоўніцтва — імпартазамяшчэнне, перш за ўсё, у стратэгічна важных галінах, уключаючы станкабудаванне. 

Нядаўна вытворцы з розных расійскіх рэгіёнаў наведалі Беларусь у рамках міжнароднага станкабудаўнічага марафону. На шматлікіх дыялогавых пляцоўках абмяркоўваліся актуальныя пытанні абмену тэхналогіямі, мадэрнізацыі, павелічэння прадукцыйнасці і аптымізацыі выдаткаў за кошт укаранення найноўшага абсталявання.

Рабатызацыя — адзін з вядучых трэндаў у машынабудаванні. З дапамогай некалькіх маніпулятараў можна аўтаматызаваць дзейнасць цэлай канвеернай лініі. Для забеспячэння працы шасці робатаў патрабуецца ўсяго адзін аператар. Выкарыстанне рабатызаваных сістэм таксама скарачае верагоднасць браку на 90 %.

— Выкарыстанне робатаў у вытворчасці — гэта пытанне стварэння цэлай самастойнай экасістэмы, — дзеліцца бачаннем працэсу ўкаранення заснавальнік расійскага ТАА «Завод АМО-сталь» Яўген Растоўцаў. — Акрамя самога робата, патрабуецца навясное абсталяванне, аснастка, датчыкі, сістэмы кіравання і бяспекі і многае іншае. Эканамічная мэтазгоднасць — у цэнтры ўвагі. Мы як вытворцы прамысловых аўтаматычных прылад зацікаўлены ў доўгатэрміновым супрацоўніцтве, перш за ўсё, з флагманамі беларускай машынабудаўнічай галіны. У ходзе азнаямленчых візітаў на прадпрыемствы мы бачылі абсталяванне, якое мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Напрыклад, нямецкія станкі, выпушчаныя ў пачатку двухтысячных гадоў. Гэтыя станкі можна будзе эксплуатаваць далей, але ўжо без аператара. Ва ўмовах дэфіцыту працоўных рук — гэта выхад са становішча.

Ідэі расійскіх распрацоўшчыкаў, на думку генеральнага дырэктара беларускай кампаніі «AgroConnect» Анатоля Смалякова, могуць стаць адпраўным пунктам для стварэння сумесных высокатэхналагічных прадуктаў. У прыватнасці, прадпрымальніка зацікавілі рашэнні спецыялістаў завода ў галіне прэдыктыўнай аналітыкі, якія могуць быць дапоўнены айчыннымі напрацоўкамі ў гэтым кірунку і затым ужытыя ў беларускім машынабудаванні.

На прадпрыемствах або асобных участках вытворчасцяў, дзе рабатызацыя або аўтаматызацыя па эканамічных прычынах нерэнтабельная, альтэрнатывай можа стаць функцыянальная механізацыя. Такое рашэнне танней рабатызаваных комплексаў, пры гэтым істотна палягчае працу аператара аўтаматычнай лініі. На думку генеральнага дырэктара расійскай маніпулятарнай кампаніі Максіма Міхайлава, беларускі рынак для нашых суседзяў вельмі прывабны. Патэнцыяльныя партнёры — машынабудаўнічыя і станкабудаўнічыя прадпрыемствы. Для забеспячэння адпаведнага ўзроўню сэрвісу расійскі вытворца выкарыстоўвае кампетэнцыі беларускай кампаніі-дылера, у чые абавязкі, акрамя продажаў, уваходзяць пусканаладачныя работы, мантаж і абслугоўванне тэхнікі. Такога роду калабарацыі істотна палягчаюць доступ нашых прадпрыемстваў да сучаснага і надзейнага абсталявання.

У ходзе абмеркавання перспектыў двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці, адзначалася, што многія створаныя на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы распрацоўкі не саступаюць па якасці не толькі азіяцкім, але і еўрапейскім аналагам. А па цане, дзякуючы кампактнай лагістыцы, — танней у два-тры разы. Дадатковы бонус — адсутнасць праблем з запчасткамі. Узровень лакалізацыі асобных вытворчасцяў дасягае 90 %, што значна спрашчае задачу сэрвіснага абслугоўвання і забяспечвае тэхналагічную бяспеку.

Таццяна ШЧАДРАНОК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю