Top.Mail.Ru

Ці абавязкова знаходзіцца дома падчас дыстанцыйнай работы?

З 2024 года ў Працоўны кодэкс былі ўнесены змены, частка іх, у прыватнасці, датычылася ўстанаўлення або адмены дыстанцыйнай работы. Такім чынам, работнікі, якім наймальнік устанаўлівае такі рэжым, могуць працаваць дома. Аднак у гэтай рабоце ёсць шэраг нюансаў. Напрыклад, ці трэба знаходзіцца менавіта дома падчас такой работы і ці адносіцца траўма, атрыманая падчас дыстанцыйнай работы, да вытворчага траўматызму? На топ-5 пытанняў пра дыстанцыйную работу адказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


— Ці абавязкова быць дома падчас дыстанцыйнай работы?

— Не. Наймальнік не абсталёўвае і не замацоўвае «дыстанцыйшчыку» працоўнае месца. Таму такі работнік сам мае права вызначаць месцы, дзе ён ажыццяўляе сваю працоўную дзейнасць: дома, у кафэ, парку і інш.

— Ці паўплывае дыстанцыйная работа на стаж і пенсію?

— Не. Такі рэжым не ўплывае на парадак вылічэння працоўнага стажу і налічэнне пенсіі.

— Ці ўстанаўліваецца «дыстанцыйшчыку» перапынак на абед па часе, пазначаным у працоўным дагаворы/кантракце, або ён магчымы ў любы зручны час?

— Графік працы і перапынкі для адпачынку і харчавання ўзгадняюцца з наймальнікам і прапісваюцца ў працоўным дагаворы.

— Калі атрымаў траўму, працуючы дома, гэта лічыцца вытворчым траўматызмам?

— Не кожны выпадак траўмы падчас дыстанцыйнай работы прызнаецца вытворчым, аднак у Беларусі з 2024 года ёсць магчымасць расследавання такіх няшчасных выпадкаў. Яно праводзіцца на падставе заявы аб няшчасным выпадку ад работніка або яго сваякоў. Няшчасным выпадкам на вытворчасці лічыцца той, што здарыўся з работнікам, які выконвае дыстанцыйную работу, дома пры выкананні ім працоўных абавязкаў або работы па заданні наймальніка з выкарыстаннем абсталявання, інструментаў, механізмаў і прыстасаванняў, дадзеных страхавальнікам.

Пры адмове работніка, які выконвае дыстанцыйную работу, даць асобам, якія праводзяць расследаванне, магчымасць агляду прыналежных яму (арандаваных ім) жылых памяшканняў або іншых законных уладанняў, дзе адбыўся няшчасны выпадак, няшчасны выпадак афармляецца актам службовага расследавання ў адвольнай форме і, адпаведна, не з’яўляецца вытворчай траўмай.

— Ці абавязаны наймальнік выдаваць ноўтбук/камп’ютар для работы на дыстанцыйцы? І ці можна працаваць на сваёй прыладзе?

— Наймальнік забяспечвае дыстанцыйнага супрацоўніка неабходным для выканання ім працоўнай функцыі абсталяваннем, калі такі абавязак прадугледжаны працоўным дагаворам. А калі дыстанцыйны работнік выкарыстоўвае ў рабоце ўласныя або арандаваныя ім абсталяванне і сродкі, то ён мае права на кампенсацыю, калі яна таксама была прадугледжана працоўным дагаворам.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю