Дзве траціны беларусаў адчуваюць сябе ў бяспецы на тратуарах побач з веласіпедамі і электрасамакатамі. Такія вынікі комплекснага рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання, якія тычацца актуальных пытанняў міжнароднага і ўнутранага парадку дня, паведамляе БелТА.
67,4% рэспандэнтаў адчуваюць сябе ў бяспецы як пешаходы на тратуарах з улікам руху веласіпедаў, электрасамакатаў і іншых сучасных мабільных сродкаў перамяшчэння. Пры гэтым процілеглага пункту гледжання прытрымліваюцца 29% апытаных.
«Паказальна, што ў дачыненні да гэтага пытання значных узроставых адрозненняў не выяўлена. У разрэзе тыпаў населеных пунктаў адрозненні таксама мінімальныя. Сярод гараджан пра бяспеку на ходніках заявілі 68% апытаных, сярод жыхароў сельскай мясцовасці — 64,9%. Сярод рэгіёнаў адзначаюцца асобныя адрозненні: у меншай ступені адчуваюць сябе бяспечна як пешаходы на тратуарах у Мінску (61,2%) і на Брэстчыне (56,6%). У большай ступені адзначаюць бяспеку на тратуарах у Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях — звыш 70%», — сказаў дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Мыслівец.
Сацдаследаванне праводзіў у ліпені — жніўні 2026 года Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі па замове Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД). У ім прынялі ўдзел 2045 рэспандэнтаў з усіх рэгіёнаў краіны. Першую частку вынікаў сацдаследавання, якая датычыцца актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, прэзентавалі ў Мінску 10 верасня. Другая — па грамадска-палітычнай тэматыцы — была прадстаўлена 16 верасня. Сёння сацыёлагі падзяліліся вынікамі трэцяй часткі сацдаследавання, якая тычыцца актуальных пытанняў міжнароднага і ўнутранага парадку дня.