Жыллёвае будаўніцтва застаецца прыярытэтным кірункам развіцця будаўнічага комплексу Беларусі. Згодна з дзяржаўнай праграмай «Будаўніцтва жылля», якая разлічана на 2026–2030 гады, да канца пяцігодкі ўзровень забяспечанасці насельніцтва жыллём павінен дасягнуць 33 квадратных метраў на чалавека. Пры гэтым будаўніцтва жылля і інжынерна-транспартнай інфраструктуры павінна весціся ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй, дзеючымі нормамі і зацверджанымі графікамі. Ці не дысануюць тэорыя з практыкай?
Кантроль на розных узроўнях
Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Таццяна ВАСІЛЮЧАК, асноўная задача ўдзельнікаў будаўнічага працэсу — рэалізаваць праект у поўнай адпаведнасці з праектнай дакументацыяй, прадугледжаным фінансаваннем і вызначанымі тэрмінамі.
— Асаблівае значэнне пры будаўніцтве жылля і прыёмцы яго ў эксплуатацыю набывае кантроль як з боку заказчыка, так і з боку наглядных органаў, — падкрэсліла яна.
Якасць жылля рэгламентуецца будаўнічымі нормамі, якія вызначаюць патрабаванні на ўсіх этапах — ад планіроўкі ўчастка да аздаблення кватэры. Для жылля, якое будуецца з дзяржаўнай падтрымкай, дзейнічае пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва № 99.
Кантроль за будаўніцтвам ажыццяўляецца на розных узроўнях. У ім задзейнічаны Дзяржаўны будаўнічы нагляд, тэхнічны, аўтарскі і іншыяформы нагляду, а пры прыёмцы аб’ектаў у эксплуатацыю — таксама санітарныя, пажарныя і энергетычныя службы.
Пры гэтым адказнасць паміж удзельнікамі працэсу размяркоўваецца ў залежнасці ад іх функцый. За тэрміны будаўніцтва ў першую чаргу адказвае заказчык, падрадчык таксама нясе адпаведную адказнасць, праекціроўшчык — за правільнасць праектных рашэнняў, а наглядныя органы — за аб’ектыўнасць і паўнату праверак у межах сваіх паўнамоцтваў.
Пра асаблівасці нагляду паведаміў намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Вадзім КАРАЛЕНКА:
— Органы Дзяржбуднагляду правяраюць адпаведнасць будаўнічых аб’ектаў патрабаванням эксплуатацыйнай надзейнасці і бяспекі, а таксама ўстаноўленаму парадку будаўніцтва. На сённяшні дзень у органах Дзяржбуднагляду зарэгістравана больш за 8500 аб’ектаў, на якіх за дзевяць месяцаў было выяўлена больш за 167 тысяч дэфектаў.
Па яго словах, на 73 аб’ектах будаўніцтва давялося прыпыніць праз выяўленыя крытычныя дэфекты.
У жыллёвым будаўніцтве за гэты перыяд зафіксавана больш за 25 тысяч дэфектаў і парушэнняў.
Для павышэння дакладнасці праверак узмоцнены інструментальны кантроль. Інспекцыі выкарыстоўваюць прыборы неразбуральнага кантролю, у тым ліку цеплавізары.
У распараджэнні органаў Дзяржбуднагляду знаходзіцца каля 550 сродкаў вымярэння, якія прымяняюцца падчас тэхнічных мерапрыемстваў.
- Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва штотыдзень адсочвае аб’ёмы выкананых работ, фінансаванне і паказчыкі ўводу жылля. Дарэчы, на 2026 год агульны аб’ём уводу жылля вызначаны на ўзроўні не менш за 4 млн квадратных метраў.
З усім «начыннем»
З 1 ліпеня 2026 года дзейнічаюць новыя патрабаванні да сацыяльна-функцыянальных характарыстык новага арэнднага жылля. У адпаведнсці з пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва № 31 такое жыллё павінна мець аздабленне, убудаваную модульную мэблю і бытавую тэхніку: халадзільнік з маразільнай камерай, мікрахвалевую печ і пральную машыну. Як паведаміў Вадзім Караленка, у верасні ў Мінскай вобласці ўвялі ў эксплуатацыю два жылыя дамы, у якіх 52 кватэры ўжо былі абсталяваныя адпаведнай тэхнікай.
У адным звязку
Неад’емная ўмова своечасовага ўводу шматкватэрных дамоў — гатоўнасць інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Згодна з Кодэксам аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, яе аб’екты павінны прымацца ў эксплуатацыю да ўводу шматкватэрных жылых дамоў. Гэта патрабуе апераджальнага будаўніцтва сетак і транспартных аб’ектаў у новых жылых раёнах.
Фінансаванне інфраструктуры ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама рэсурсаў Міністэрства энергетыкі і Міністэрства сувязі.
Аднак маніторынг Дзяржбуднагляду паказвае, што праблемы з выкананнем графікаў захоўваюцца. Паводле звестак, агучаных Вадзімам Караленкам, на момант аналізу 29 жылых дамоў, запланаваных да ўводу ў 2026 годзе, выклікалі занепакоенасць адносна гатоўнасці. Акрамя таго, з адставаннем будаваліся 18 аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры.
Сярод асноўных прычын — нізкія тэмпы работ, недахоп працоўных рэсурсаў, недастатковае фінансаванне і несвоечасовае ўнясенне змяненняў у праектную дакументацыю. Апошняе можа прыводзіць да прыпынення работ на час карэкціроўкі праектаў.
— На сённяшні дзень дзесяць жылых дамоў маюць перавышэнне праектнай працягласці будаўніцтва, — паведаміў прадстаўнік Дзяржстандарту, адзначыўшы, што на пачатак года такіх дамоў было 13.
Такім чынам, надзейнасць новага жылля залежыць не толькі ад якасці будаўнічых матэрыялаў і выканання тэхнічных патрабаванняў. Важныя таксама своечасовае фінансаванне, захаванне графікаў, эфектыўны нагляд і гатоўнасць інжынерна-транспартнай інфраструктуры да засялення людзей.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ