Top.Mail.Ru

Ці будуць зніжацца цэны на кватэры ў Мінску, расказалі ў кадастравым агенцтве

У Нацыянальным кадастравым агенцтве расказалі, ці будуць зніжацца цэны на кватэры ў Мінску, паведамляе БелТА.


За трэці квартал гэтага года ў Мінску зарэгістравана 3,8 тыс. здзелак куплі-продажу кватэр. У ліпені і жніўні здзейснена па 1,3 тыс. здзелак, а верасень стаў самым спакойным месяцам пасля студзеня — 1067 здзелак. Вераснёўскае зніжэнне актыўнасці можа быць наступствам павелічэння ставак па папулярных для масавага пакупніка крэдытах у жніўні.

«Услед за зніжэннем колькасці здзелак чакалася запаволенне росту цэн, якога ў трэцім квартале не адбылося. Улічваючы нізкую колькасць здзелак у верасні, можна выказаць здагадку, што чацвёрты квартал не будзе больш актыўны за сваіх папярэднікаў. Аднак у пачатку кастрычніка адзін з галоўных банкаў краіны аб’явіў аб зніжэнні стаўкі на будаўніцтва або набыццё гатовых кватэр у забудоўшчыкаў да канца кастрычніка, што разам з ростам даходаў насельніцтва і стабільнасцю нацыянальнай валюты можа павысіць пакупніцкую здольнасць і павялічыць колькасць здзелак на першасным рынку ў чацвёртым квартале. Такім чынам, у найбліжэйшай перспектыве зніжэння цэн не чакаецца. Нават калі выказаць здагадку, што максімальныя значэнні цэн ужо дасягнуты, рынак з уласцівай яму інэртнасцю будзе знаходзіцца ў стане плато да канца года», — растлумачылі ў Нацыянальным кадастравым агенцтве.

На другасным рынку сярэдняя цана на аднапакаёвыя кватэры дасягнула $ 2 тыс. за кв. м (+6 % да другога квартала). Аднапакаёвыя кватэры ў 2025 годзе даражэюць больш інтэнсіўна, чым двух- і трохпакаёвыя, — рост на $ 90-120 за кв. м у квартал. Двухпакаёвыя кватэры прадаваліся ў сярэднім за $ 1750 за кв. м (+5 % да другога квартала), трохпакаёвыя — $ 1640 за кв. м (+6 % да другога квартала). 

На першасным рынку сярэднія цэны значна вагаюцца ад перыяду да перыяду, што звязана з нізкай доляй здзелак з кватэрамі ў новабудоўлях, прадстаўленых у рэестры цэн, — 11 % ад агульнай колькасці (статыстыка прадстаўлена без уліку кватэр, набытых праз удзел у долевым будаўніцтве). Пры гэтым на сярэднюю цану ў кожным перыядзе можа ўплываць продаж кватэр у пэўных дамах ці жылых комплексах, што прыводзіць да штучных скачкоў цэн, але не кажа аб тэндэнцыях на першасным рынку ў цэлым.

Самай дарогай па агульнай цане і цане квадратнага метра стала здзелка з чатырохпакаёвай кватэрай у новым жылым комплексе ў цэнтры Мінска плошчай каля 121 кв. м: $ 770 тыс., або $ 6353 за кв. м. Найбольшая колькасць кватэр прададзена за $60-80 тыс. (39 % ад агульнай колькасці), што супастаўна з папярэднімі кварталамі. Доля здзелак з цаной вышэй за $ 100 тыс. павялічылася да 28 %, што больш на 5 працэнтных пунктаў да другога квартала. Пакупнікі сталі часцей выбіраць двухпакаёвыя і трохпакаёвыя кватэры замест аднапакаёвых, якія застаюцца самымі хуткарослымі ў цане. Больш за ўсё кватэр за ліпень — верасень прададзена ў дамах пасля 2020 года пабудовы — 25 % ад агульнай колькасці здзелак (940 кватэр). Цана кожнай трэцяй прададзенай кватэры перавысіла $1,9 тыс. за кв. м.

Больш за ўсё здзелак у трэцім квартале здзейснена ў Кастрычніцкім раёне Мінска — 730. У найменш актыўным па колькасці здзелак Партызанскім раёне праведзена 151 здзелка. У Кастрычніцкім раёне сярэдняе значэнне цаны пераважна сфарміравана здзелкамі з кватэрамі ў новым жылым комплексе на месцы старога аэрапорта. Самы дарагі раён Мінска — Цэнтральны, сярэдняя цана за квадратны метр тут павялічылася да першага квартала на 5 %.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю