Top.Mail.Ru

Ці будзе вынік ад спартыўнай дыпламатыі?

Размовы аб міжнароднай ізаляцыі беларускага спорту ўсё яшчэ застаюцца актуальнымі. І гэта сумна. Але паступова несправядлівыя і недарэчныя санкцыі з нашага спорту здымаюцца. І гэта добра.


На мінулым тыдні намеснік старшыні камісіі спартсменаў Нацыянальнага алімпійскага камітэта Сяргей Рутэнка ўзяў удзел у XXІІ Міжнародным форуме атлетаў, які прайшоў у Лазане. Сёлета форум аб'яднаў больш за 400 атлетаў і даў магчымасць абмеркаваць самыя актуальныя спартыўныя пытанні. Няцяжка здагадацца, якое з іх для беларускіх спартсменаў самае актуальнае.

На палях форуму Сяргей Рутэнка правёў перагаворы з прадстаўнікамі Камісіі атлетаў Міжнароднага алімпійскага камітэта, яе старшынёй Эмай Тэрхо і дырэктарам дэпартамента па сувязях з НАК Міжнароднага алімпійскага камітэта Джэймсам Маклеодам. Абмяркоўвалі аднаўленне ў правах не толькі беларускіх спартсменаў, але і федэрацый па відах спорту, многія з якіх сёння не могуць прымаць паўнавартасны ўдзел у міжнародным спартыўным жыцці.

«Адхіленне нашых федэрацый, да прыкладу, тэніса, а таксама па гульнявых відах спорту (хакея, гандбола) наносіць шкоду развіццю сусветнага алімпійскага руху і алімпійскіх відаў спорту, бо стварае праблемы для падрыхтоўкі спартсменаў. Асабліва гэта датычыцца юных атлетаў. Федэрацыі пазбаўленыя права праводзіць рэйтынгавыя турніры — як вынік, маладым спартсменам не хапае матывацыі — няма магчымасці набіраць рэйтынгавыя ачкі. З боку Камісіі атлетаў і МАК адзначаецца разуменне сітуацыі, якая склалася, і непазбежнай неабходнасці змяняць яе ў хуткім часе. Пры гэтым удзел беларускіх атлетаў у Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі разглядаецца як адзін з важных крокаў да паступовага поўнага вяртання нашых спартсменаў на міжнародныя турніры», — адзначыў Сяргей Рутэнка ў каментарыі для прэс-службы НАК Беларусі.

А тым часам спартыўны дырэктар МАК Кіт Маконэл ад імя Міжнароднага алімпійскага камітэта падзякаваў спартыўным федэрацыям за допуск беларускіх і расійскіх атлетаў на спаборніцтвы ў нейтральным статусе, паведамляе ТАСС. «Пазіцыя МАК дакладная, яна была паслядоўнай цягам усяго часу — у спартсменаў у адпаведнасці з нейтральным пратаколам павінна быць магчымасць спаборнічаць разам з калегамі з іншых краін», — заявіў ён на Генеральнай Асамблеі Асацыяцыі летніх Алімпійскіх міжнародных федэрацый (ASOІF) у Жэневе.

Аднак далёка не ўсе спартыўныя федэрацыі падзяляюць «дакладную і паслядоўную» пазіцыю МАК па допуску нашых спартсменаў. Напрыклад, да зімовых Алімпійскіх гульняў 2026 года нашых атлетаў дапусціў толькі Міжнародны саюз канькабежцаў, і тое з вялікай колькасцю абмежаванняў і без лідараў каманды. А паколькі перыяд адхілення навучыў не страчваць надзею, сёння ўсе чакаюць пазітыўных перамен ад новага кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта Кірсці Ковентры, якая хутка афіцыйна заступае на пасаду.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота НАК Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю