Top.Mail.Ru

Ці ўдасца «ўтаймаваць» самакатчыкаў?

З надыходам вясны жыхары і госці сталіцы сталі актыўна карыстацца сродкамі персанальнай мабільнасці. У сувязі з гэтым павялічылася і колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, выпадкаў траўматызму, у тым ліку з удзелам непаўналетніх. На мінулым тыдні «Звязда» разам з Фрунзенскім аддзелам Дзяржаўтаінспекцыі горада Мінска ўжо ўздымала надзённую тэму электрасамакатчыкаў, якія ў большасці выпадкаў і становяцца віноўнікамі здарэнняў. Тым не менш абстаноўка застаецца напружанай. Аднак гэтай балючай тэме ўсё ж такі быў дадзены ход! Днямі ў беларускай сталіцы прайшло пашыранае пасяджэнне дзвюх пастаянных камісій Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў з удзелам прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі, Мінскага гарвыканкама, арганізацый, якія аказваюць паслугі пракату электрасамакатаў, грамадскасці. Карэспандэнт «Звязды» разам з упаўнаважанымі асобамі пастараўся разабрацца, як можна супакоіць ліхачоў на сродках індывідуальнай мабільнасці.


Выязное пашыранае пасяджэнне пастаянных камісій Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў прайшло ў Мінскім гарадскім тэхнапарку. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі праблемы бяспекі руху на сродках персанальнай мабільнасці ў сталіцы. Акрамя гэтага, для іх была арганізавана міні-экскурсія па Мотавелазаводзе, каб азнаёміцца са сродкамі мабільнасці, якія выпускаюцца ў сталіцы.

Што яшчэ можна зрабіць?

«Выкарыстанне сродкаў персанальнай мабільнасці паказала ў папярэднія два гады досыць сур’ёзны рост ДТЗ, асабліва сярод непаўналетніх. Працэнт выкарыстання арандаваных сродкаў персанальнай мабільнасці быў павялічаны практычна ледзь не ў два разы, — адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём ЦУРАН. — І, вядома, з года ў год назіраецца павелічэнне колькасці веласіпедыстаў, якія таксама выкарыстоўваюць веласіпеды не як прагулачны сродак, а як транспарт. Вядома, наша асноўная задача — выпрацаваць прапановы, што трэба яшчэ зрабіць для таго, каб гэты спосаб перамяшчэння па горадзе Мінску стаў больш бяспечным».

У сакавіку 2023 года на чарговай сесіі Мінгарсавета адобрылі пілотны праект па кіраванні бяспекай дарожнага руху пры ажыццяўленні камерцыйнай дзейнасці па пракаце сродкаў персанальнай мабільнасці, які вызначае правілы размяшчэння парковак і зоны, што абмяжоўваюць хуткасць або забараняюць рух гэтых сродкаў. Аднак, як заўважыў намеснік начальніка УДАІ Мінскага гарвыканкама Дзяніс ЛІВАНОВІЧ, гэта не вырашыла існуючыя праблемы цалкам.

«Па выніках 2024 года колькасць аварый з удзелам грамадзян, што перамяшчаліся на сродках персанальнай мабільнасці, вырасла ў параўнанні з 2023-м, — удакладніў Дзяніс Лівановіч. — Таму сумесна з Мінскім гарвыканкамам распрацаваны новы праект рашэння, які будзе вызначаць правілы па эксплуатацыі гэтых сродкаў, што прадстаўляюцца для перамяшчэння камерцыйнымі арганізацыямі».

Памяншэнне хуткасці — павелічэнне бяспечнасці

  • Што ж прапанавалі па выніках пасяджэння? Напрыклад, захаваецца падзел Мінска на хуткасныя зоны. Але калі раней гэта былі зоны, дзе дапускалася хуткасць 25, 20 і 15 кіламетраў у гадзіну, то цяпер прапануецца знізіць яе да 20, 17 і 15 кіламетраў у гадзіну адпаведна. 

Самая нізкая хуткасць мяркуецца ў цэнтральнай частцы горада, дзе інфраструктура нават з улікам прынятых мер бяспекі не дазваляе эксплуатаваць сродкі персанальнай мабільнасці на павышаных хуткасцях. Паводле слоў начальніка УДАІ Мінгарвыканкама, усе ўстановы адукацыі горада Мінска лічацца зонамі забароны для руху на пракатных сродках персанальнай мабільнасці. Унесены таксама новыя зоны забароны для руху ў выглядзе сквераў і паркаў адпачынку.

У ходзе абмеркавання надзённай тэмы дэпутаты Мінгарсавета выказалі прапановы па бяспецы выкарыстання сродкаў персанальнай мабільнасці. 

Сышліся на тым, што, акрамя тэхнічных абмежаванняў, патрабуецца значная выхаваўчая работа, каб выпрацаваць ва ўсіх удзельнікаў руху неабходны ўзровень павагі адзін да аднаго. Дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій, дэпутат Мінскага гарадскога Савета Георгій Козел прапанаваў стварыць ролікі сацыяльнай рэкламы, якія тлумачаць, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць не ўбачыць электрасамакатаў, размешчаных у неналежным месцы, альбо не пачуць папераджальны званок. Гэту прапанову падтрымаў прадстаўнік адной з шэрынгавых кампаній растлумачыў, што падобны ролік, які быў запушчаны ў Расіі, дапамог паменшыць колькасць парушэнняў, што датычацца забароны на язду ўдваіх на адным сродку персанальнай мабільнасці.

Падводзячы вынікі, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран прапанаваў усім удзельнікам пісьмова аформіць свае прапановы і накіраваць іх у Мінгарсавет для выкарыстання ў наступнай рабоце. Вядома, цяпер гэтай балючай тэме будзе дадзены ход.

Фота тэлеграм-канала «Мінгарвыканкам».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю