Top.Mail.Ru

Ці гатовыя лясгасы супрацьстаяць пажарам?

У агні броду няма

Лес — выдатны рэлакс у любую пару года. Аднак у цёплы перыяд, асабліва калі даўно не было дажджоў, рэзка ўзрастаюць рызыкі ўзнікнення пажараў. І ў большасці выпадкаў вінаваты ў гэтым людзі, якія ігнаруюць меры засцярогі. Таму, у залежнасці ад сітуацыі, уводзяцца абмежаванні на наведванне лясоў. Цяпер яны дзейнічаюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Не губляюць пільнасці і тыя, хто ў сілу службовых абавязкаў закліканы прыглядаць за нашым зялёным багаццем. Як ахоўваюць яго ад пажараў, мы даведаліся на прыкладзе Чавускага лясгаса.

Нялішняе ўзмацненне

Менавіта тут знаходзіцца адзіная ў Магілёўскай вобласці ўзмоцненая ПХС (пажарна-хімічная станцыя), якая пераехала сюды з Бялыніцкага раёна. Як растлумачыў дырэктар Чавускага лясгаса Аляксандр ПАДАБЕД, зроблена гэта ў мэтах бяспекі, паколькі адсюль бліжэй за ўсё да лясоў Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага раёнаў, закранутых Чарнобылем. Тут сканцэнтраваная ўся неабходная для пажаратушэння тэхніка і амуніцыя, каб аператыўна папярэджваць нават невялічкія ўзгаранні.

Акрамя пажарных напорных рукавоў, ранцавых апрысквальнікаў, ёмістасцяў для вады і гэтак далей, ёсць палаткі, спальнікі, палявая кухня, душавыя кабінкі. Гэта на той выпадак, калі плошча ўзгарання пашырыцца да больш чым 5 гектараў і барацьба з агнём зацягнецца. У такіх выпадках задзейнічаная вялікая колькасць людзей і яны павінны быць як мага бліжэй да месца пажару. Ствараецца палатачны гарадок і лесаводы жывуць там, пакуль не спыняць стыхію.


Сярод інвентару — тарфяныя ствалы для тушэння падземных пажараў, якія лічуцца самымі небяспечнымі. Зверху быццам бы ўсё нармальна, але, калі дзейнічаць неасцярожна, можна праваліцца і апынуцца ў агністай пастцы. У наяўнасці і вогнетрывалае спецадзенне.

— У гэтых касцюмах можна камфортна адчуваць сябе, нават калі тэмпература дасягне 300 градусаў, — удакладняе начальнік ПХС Уладзімір САЎЧАНКА.

Пры пашырэнні пажару паведамленне перадаецца галоўнаму ляснічаму вобласці, — дадае вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Фёдар ЯРАСЛАЎСКІ. — На месца адразу ж выязджае каманда ў складзе пяці чалавек — начальнік ПХС, кіроўца, работнікі. Калі нельга абысціся сваімі сіламі, запрашаюцца суседнія лясніцтвы або лясгасы. Такія пажары на асаблівым кантролі, аб іх паведамляецца ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

«Лясны вартавы»

Апроч узмоцненай ПХС у Чавускім раёне, у Магілёўскай вобласці дзейнічае яшчэ 29 ПХС другога і першага тыпаў, а таксама 102 пункты з наборам усяго неабходнага супрацьпажарнага інвентару. Плюс спецыялізаваная тэхніка: 64 пажарныя аўтамабілі, 4 усюдыходы, прычапныя механізмы.

У лясной гаспадарцы ёсць таксама свая радыёсувязь, якая працуе на асаблівай частаце. На сёння тэрыторыя Магілёўскай вобласці цалкам ахоплена сістэмай маніторынгу і ранняга выяўлення лясных пажараў «Лясны страж». Яна дапамагае своечасова выяўляць узгаранні.

Па словах начальніка аддзела Магілёўскага ДВЛГА Антона БАЛЬШАКОВА, першае сёлета ўзгаранне было зафіксавана ў канцы сакавіка на тэрыторыі Бабруйскага раёна:

— А наогул, ёсць тэндэнцыя да зніжэння колькасці пажараў.

Галоўны ляснічы Чавускага лясгаса Уладзіслаў БАБЫЛЁЎ прадэманстраваў магчымасці пажарна-хімічнай станцыі 2-га тыпу, якая тут дыслацыруецца. 

У гаражы — тры аўтамабілі для тушэння агню. У якасці лясных ратавальнікаў задзейнічаны восем чалавек. Яны не пажарныя — звычайныя лесаводы, але валодаюць усімі неабходнымі навыкамі па ліквідацыі ўзгаранняў. Непасрэдна на станцыі ўстаноўлена пяць камер сістэмы маніторынгу «Лясны вартавы», пад усёвідушчым вокам якіх знаходзіцца ўся тэрыторыя лясгаса і сумежных Быхаўскага, Горацкага, Чэрыкаўскага, Магілёўскага раёнаў. Як толькі сістэма маніторынгу вызначае небяспечны ачаг, дзяжурны па радыёсувязі звязваецца з ляснічым участка, дзе ўзнікла небяспека, а каманда рыхтуецца на выезд.

«Гэта заўсёды страшна!»

Каб наглядна прадэманстраваць дзеянні ўтаймавальнікаў агню, у Чавускім лясгасе правялі своеасаблівы майстар-клас з імітацыяй тушэння пажару. І хоць усё было не па-сапраўднаму, адчувалася трывога. Асабліва, калі занепакоіліся птушкі. Пакуль лесаводы ліквідавалі невялікія ачагі ўзгарання, над палянай кружылі два перапалоханыя буслы. Яны супакоіліся толькі тады, калі полымя было ўтаймаванае. Нават апусціліся на зямлю, каб абследаваць траншэі, якія былі зроблены для лакалізацыі пажару.

Лесавод Валянцін АЎСЕЕЎ, які працуе ў складзе пажарнай каманды ўжо шэсць гадоў, кажа, што, калі гарыць лес, гэта заўсёды страшна:

— Бо гінуць лясныя жыхары, церпіць прырода. Я асабіста бачыў, як ратаваліся ад агню казулі. Вельмі сумнае відовішча!


Асабліва небяспечна, калі пажар — верхавы. У гэтым выпадку трэба валіць лес, каб прыпыніць стыхію, тлумачыць ён.

— Узгаранне ў лесе — гэта практычна заўсёды чалавечы фактар, — рэзюмуе намесніца генеральнага дырэктара Магілёўскага ДВЛГА Ірына ЦЫСЕЛЬСКАЯ. — Як, зрэшты, і смецце. Яго стала ў лясах менш, але ўсё яшчэ хапае. Людзі быццам бы не разумеюць, што ў спякоту справакаваць пажар можа нават шкло ад разбітай бутэлькі. Пры гэтым усе лічаць, што паход у лес — гэта іх асабістае права, а вось пра свае абавязкі забываюць.

Лясгасы рэгулярна папярэджваюць насельніцтва наконт лясных пажараў, але, на жаль, парушальнікі знаходзяцца. Дарэчы, з пачатку пажаранебяспечнага сезона да адміністрацыйнай адказнасці ўжо прыцягнуты дзясяткі грамадзян.

Майце на ўвазе

Перад паходам у лес спецыялісты рэкамендуюць даведацца актуальную інфармацыю на афіцыйным сайце Мінлясгаса, дзе аператыўна абнаўляюцца даныя аб сітуацыі ў лясах і ўвядзенні мер абмежавальнага характару. Інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў увесь час актуалізуецца. Таксама адпаведную інфармацыю можна ўдакладніць у мясцовых райвыканкамах і лесагаспадарчых установах.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю