Гарадскі пасёлак Карма лічыцца льняной сталіцай Гомельшчыны. Таму гэтай культуры тут надаюць асаблівую ўвагу, і яе ўборка ўпэўнена набірае тэмп. Першыя гектары пачалі церабіць і ў Рагачоўскім раёне. Менавіта сёлетні ўраджай павінен стаць першай сыравінай для абноўленай вытворчасці Кармянскага льнозавода. Як арганізавана гэтая праца, ад чаго залежыць пачатак уборкі і якія віды на ўраджай, карэспандэнт «Звязды» даведалася непасрэдна на полі.
КУП «Кармалён» сёлета ўбірае лён у Кармянскім і Рагачоўскім раёнах. На старце кампаніі гаспадарка накіравала восем адзінак тэхнікі на церабленне лёну на Рагачоўшчыну. Сярод тых, хто першым выйшаў у гэтым сезоне ў поле, — механізатар Алег ГЛУШАКОЎ.

Усё пад кантролем
— Я ўжо пятнаццаты сезон на ўборцы толькі на гэтай машыне, а ўсяго ў гаспадарцы — 38 гадоў. Адзіны запіс у працоўнай кніжцы, — расказвае ён падчас невялікага перапынку ў рабоце. — Пачынаем працаваць з сямі гадзін раніцы. У полі — да васьмі-дзевяці вечара, калі дазваляе надвор’е. Тэхніка ў нас добрая, бельгійская, але нашай айчыннай зборкі. Як па мне, самаходныя камбайны ўвогуле значна лепшыя ў рабоце, чым прычапныя агрэгаты. Але галоўнае — пастаянна сачыць за машынай.
За рулём ільноўборачнага камбайна Алег Глушакоў працуе адзін. Таму падчас змены яму даводзіцца не толькі сачыць за ходам уборкі, але і пастаянна кантраляваць стан тэхнікі. Рабочыя органы забіваюцца рэшткамі лёну і пустазелля — машыну неабходна рэгулярна спыняць для ачысткі.
Не менш важнай з’яўляецца і падрыхтоўка машыны перад выездам. Штодзённая ачыстка, змазка і праверка ўсіх вузлоў дазваляюць пазбегнуць паломак у разгар сезона, падкрэслівае механізатар:
— Лён мяне жыццю навучыў. Галоўнае — заўсёды і ўсюды трэба адказна працаваць! Усё жыццё ў гэтай рабоце. За столькі гадоў ужо прывык і да тэхнікі, і да лёну. Лепш за ўсё працаваць, калі на вуліцы каля 20 градусаў, бо тады і машына не пераграваецца, і чалавеку лягчэй у кабіне. Перашкода для нас толькі дождж, бо тады церабіць нельга, гэта ўжо правіла.
Прадукцыйнасць у рабоце, адзначае Алег Глушакоў, вядома, заўсёды залежыць ад стану пасеваў:
— Вельмі радуе, калі лён вырас роўны і чысты.
За дзень механізатар убірае ў сярэднім 8–9 гектараў, а пры спрыяльных умовах — да 12–13.

Строгая вытворчая дысцыпліна
У працы з гэтай культурай адметны сам прынцып цераблення. Бо лён не зразаецца, а льноўборачная машына акуратна падхоплівае сцёблы спецыяльнымі захопамі, выцягвае іх разам з каранёвай часткай, выраўноўвае ў адным кірунку і ўкладвае ў роўную стужку, тлумачыць галоўны аграном КУП «Кармалён» Валерый ШАФЕРАЎ:

— Пасля цераблення лён застаецца на полі, дзе пад уздзеяннем расы, сонца, дажджоў і глебавых мікраарганізмаў праходзіць натуральнае вылежванне. На гэтым этапе асаблівае значэнне мае раса, бо пры дастатковай вільготнасці пачынаюцца натуральныя працэсы, дзякуючы якім валакно паступова аддзяляецца ад сцябла.
Рашэнне аб пачатку цераблення прымаецца толькі пасля штодзённага кантролю пасеваў і лабараторных даследаванняў. Узоры адбіраюцца непасрэдна ў полі, і калі паказчык аддзялення валакна дасягае прыкладна 30 %, спецыялісты даюць дазвол на пачатак работ.
— Да ўборачнай кампаніі тэхніка падрыхтавана, — рапартуе Валерый Шафераў і асабліва падкрэслівае, што церабленне лёну патрабуе строгай вытворчай дысцыпліны.
Цяпер галоўны аграном КУП «Кармалён» усю працоўную змену побач з механізатарамі ў полі. Ён сам прайшоў вялікую школу працаўнікоў-ільнаводаў — больш за 25 гадоў прапрацаваў механізатарам. Два гады таму, па стане здароўя, не змог выходзіць у поле за штурвалам камбайна, але не здаўся, атрымаў вышэйшую адукацыю і стаў галоўным аграномам у роднай гаспадарцы. Тут, дарэчы, усё жыццё прапрацавала і яго маці, а цяпер і дачка.
Пасля завяршэння «палявога этапу» лён спрасуюць у рулоны і даставяць на сыравінную базу гаспадаркі, дзе ён будзе захоўвацца і паступова ісці на перапрацоўку.
Задачы пастаўлены сур’ёзныя
Як адзначыў першы намеснік старшыні Кармянскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей АЛЬШЭЎСКІ, у гэтым сельгассезоне лідар па вытворчасці льновалакна ў Гомельскай вобласці — КУП «Кармалён» — вырошчвае культуру на амаль трох тысячах гектараў:
— У Кармянскім раёне — 2338 гектараў і 624 — у Рагачоўскім, дзе на пачатку кампаніі і разгарнуліся асноўныя работы. Віды на ўраджай добрыя. Разлічваем атрымаць больш за 35 цэнтнераў трасты з гектара. Лён добра расце, таму спадзяёмся на годны вынік. Разлічваем нарыхтаваць больш за 10 тысяч тон ільнотрасты. Але такі вынік магчымы толькі пры строгім выкананні тэхналогіі. Задачы пастаўлены вельмі сур’ёзныя і на ўзроўні вобласці, і краіны, таму ніякіх адступленняў быць не павінна. Перш за ўсё — дысцыпліна і дакладнае выкананне тэхналогій на кожным этапе работ.
Калі паспрыяе надвор’е, завяршыць цалкам уборку льну і на тэрыторыі Рагачоўшчыны, і ў Кармянскім раёне гаспадарка плануе прыкладна за месяц.
Важная падзея гэтага сезона для кармянскіх ільнаводаў — завяршэнне будаўніцтва новай вытворчай лініі па выпуску доўгага і кароткага льнянога валакна. Калі будаўніча-мантажныя работы на вытворчасці завершаць у запланаваны тэрмін, менавіта ўраджай гэтага сезона стане першым, які паступіць на перапрацоўку на новую лінію.
Наталля КАПРЫЛЕНКА