Top.Mail.Ru

Ці лёгка сабраць дзіця да школы?

Дрэс-код для шкаляра

З гэтага навучальнага года беларускія школьнікі пяройдуць на дзелавы стыль аддзення. Айчынны легпрам сёння прапануе для іх калекцыі на любы густ і колер. Шырокі выбар пазіцый у пастаўшчыкоў з Расіі, краін СНД, Кітая, Турцыі. Абутак і ўсё астатняе таксама падабраць не праблема. Тыдзень назад журналіст «Звязды» разам са спецыялістамі інспекцыі Дзяржнагляду па Магілёўскай вобласці правяралі якасць тавару (глядзі № 157 ад 16 жніўня). Гэтым разам нас цікавіў цэнавы фактар і, каб знайсці аптымальныя варыянты, мы пабывалі на школьным рынку Магілёва, наведалі крамы, пагутарылі з зацікаўленымі. Дзелімся вопытам.

У стылі аверсайз

22-20 копия.jpg

Міністэрствам адукацыі прадпісаны для школьнікаў дзелавы стыль, які рэгламентуе пэўны набор адзення. Для хлопчыкаў гэта пінжак, камізэлька, штаны, кашуля з кароткімі або доўгімі рукавамі, гольф, гальштук. Для дзяўчынкі — пінжак, камізэлька, спадніца, штаны, блузка з кароткімі або доўгімі рукавамі, гольф, сарафан, сукенка. У зімовы час гардэроб можна папоўніць трыкатажным світарам. Засталося толькі вызначыцца з цэнамі. Накіроўваемся ў адзін з магілёўскіх гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Падлеткі пачынаючы з 12 гадоў, а некаторыя і раней, аддаюць перавагу не дзіцячым аддзелам крам, а модным буцікам. Нават пры выбары школьнага адзення яны набываюць рэчы ў папулярным сёння стылі аверсайз. Гэта адзенне свабоднага крою, вельмі аб’ёмістае, быццам бы знятае з чужога пляча.

  • Магіляўчанка Юлія Падольская дачку Марыю, якая ідзе сёлета ў 7 клас, пачала збіраць у школу з сярэдзіны ліпеня. Прызнаецца, што вялікіх зніжак, як перад пачаткам новага навучальнага года, у гэты час яшчэ няма, але можна трапіць на прыемныя ва ўсіх адносінах акцыі: напрыклад, шорты на фізкультуру, якія каштавалі 60 рублёў, ёй пашчасціла купіць усяго за 10 (аддала яна, як і трэба, 60 рублёў, але пасля пакупкі 50 вярнуліся на дысконтную картку). Вельмі выгадная прапанова.

— Плюс ад ранняй падрыхтоўкі да школы ў тым, што можна рабіць гэта не спяшаючыся і пазбегнуць перадвосеньскага ажыятажу, калі ў горад вяртаюцца з адпачынку дзеці і пачынаюцца іх праменады з бацькамі па крамах, — расказвае Юля. — Вядома, што адзенне лепей купляць бліжэй да пачатку заняткаў, каб дзіця, якое знаходзіцца ў стадыі актыўнага росту, не вырасла з вопраткі да таго, як пачне яе насіць. Па блузкі і спадніцу мы пайшлі ў канцы ліпеня. У адным з буцікоў купілі штаны-палаца за 75 рублёў, модную спадніцу ў шырокую складку з кішэнямі, якія праглядаюцца знізу, дзве кашулі — з кароткімі і доўгімі рукавамі. Гардэробчык абышоўся нам прыкладна ў 240 рублёў. Дачка арыентуецца на стыль аверсайз, дзякуючы якому можна купляць рэчы на некалькі размераў большыя. Гэта дазволіла сэканоміць на камізэльцы і яшчэ адной спадніцы, якія мы набылі летась. У «Мегатопе» купілі модныя лакіраваныя туфлі за 120 рублёў, хаця можна было знайсці і за 60. Але дачцэ вельмі спадабаліся гэтыя.

На школьны рынак, прызнаецца Юля, не звярталася: лічыць, што там лепей адзяваць вучняў малодшых класаў. Меней за ўсё праблем было са сшыткамі і канцтаварамі. Выратавалі танныя сеткавікі, дзе гэты тавар прадаецца з мінімальнай нацэнкай. Некаторых дзяўчынак вабяць абгорткі з малюнкамі, але для Марыі гэта не прынцыпова. Красоўкі для фізкультуры знайшлі на маркетплэйсе за 60 рублёў. Засталося толькі выбраць заплечнік. Маці з дачкой прыглядзелі ў інтэрнэт-краме тры варыянты.

Чакаюць, калі тавар падвязуць. Сярэдняя цана — 80–90 рублёў. Можна, канешне, падабраць нешта і танней, пачынаючы ад 50, але гэта, як правіла, не лепшы варыянт. Якасны тавар стартуе ад 90 рублёў.

Юля таксама дала карысную падказку, дзе купляць дапаможнікі па школьных прадметах. Тут трэба ведаць канкрэтных аўтараў, а гэтую інфармацыю настаўнікі выкідваюць у агульны чат дзесьці ў канцы жніўня — адразу ж вакол указаных выданняў пачынаецца нездаровы ажыятаж, і бывае вельмі цяжка купіць патрэбную кніжку. Суразмоўніца ўдакладняе, што ёй прыходзілася нават з Мінска заказваць, бо настаўніца папракала, што вучаніца прыходзіць на ўрок непадрыхтаваная. Цяпер Юля замаўляе дапаможнікі ў папулярнай кніжнай інтэрнэт-краме.

Гайда на рынак

З 1 жніўня ў Магілёве на пляцоўцы ААТ «Магілёў Атракцыёны» па Пушкінскім праспекце працуе школьны базар, дзе тавар, па інфармацыі ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама, прапануюць 40 суб’ектаў гаспадарання. Тут у шырокім асартыменце адзенне і абутак для хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту, спартыўны трыкатаж, заплечнікі, канцтавары і іншыя школьныя прылады. Да 31 жніўня рэжым работы аб’екта з 11.00 да 19.00 без перапынкаў на абед і выхадных.

22-17 копия.jpg

Людзей у будны дзень тут няшмат, але практычна ў кожнай палатцы нехта нешта прымярае. Адна з магілёўскіх крам прапануе адразу і адзенне, і канцтавары, і нават ніжнюю бялізну.

— У нас можна цалкам сабраць дзіця да школы, — усміхаецца прадавец Алена. — Кашулю для першакласніка ў нас можна купіць нават за 13 рублёў. Для падлеткаў — пачынаючы ад 40.

Па словах суразмоўніцы, нарасхват ідуць камізэлькі ўсіх колераў. У школах і гімназіях гэта рэч № 1. Каштуюць яны ў гэтага ўласніка ад 30 да 40 рублёў. А вось касцюмы цяпер амаль не купляюць, прызналася Алена. Бяруць у асноўным асобна штаны, кашулі, спартыўныя фуфайкі.

У палатку ўваходзіць цэлае сямейства — маці з дачкой і сынам. Знаёмімся бліжэй. Жанчыну завуць Святлана, яе дзіця Каця — сямікласніца, Іван — пяцікласнік.

— На базар прыйшлі, таму што тут танней, — кажа Святлана. — Стратэгічны запас да школы робім з канца мая. Хлопчыка апрануць лягчэй. Тыя ж штаны прыглядзелі за 30 рублёў, столькі ж каштуе кашуля на яго, крыху даражэйшы абутак. Адзенне для дзяўчынкі каштуе больш.

Налятай, патаннела

22-18 копия.jpg

Амаль у кожнай палатцы тавары са зніжкамі. Нехта прадае штаны за 40 рублёў, нехта за — 20. Яшчэ ў адной палатцы распродаж кашуль. Назіраю за дзяўчынай, якая прымярае белую кашулю і модную ў складкі спадніцу, бабуля стаіць побач і захапляецца, ёй убор падабаецца, як, дарэчы, і ўнучцы. «Бяром усё», — кажа пенсіянерка прадаўцу і працягвае 110 рублёў. «Атрымала пенсію і пайшла з унучкай па крамах, яна сёлета ў восьмы клас ідзе, — расказвае жанчына. — Глядзелі адзенне і ў краме, але ёй там нічога не спадабалася. На рынку знайшлі самы прывабны і танны варыянт. Як для яе шытае. Не шкада было і грошы аддаваць».

Сапраўды, выбар на рынку добры. І цэны даволі дэмакратычныя. Прыгожая сукенка тульскай вытворчасці, напрыклад, каштуе 85 рублёў, кітайскі спартыўны касцюм — 95 рублёў, дзявочыя кашулі і спадніцы ў сярэднім — 55 рублёў, штаны — 65-70, хаця ёсць і таннейшыя, пачынаючы ад 35. Да навучальнага года застаецца нямногім больш за тыдзень, і зніжкі на тавар прапаноўваюцца ўсё часцей.

22-19 копия.jpg

Спецыялісты інспекцыі Дзяржнагляду, між тым, нагадваюць, што трэба звяртаць увагу не толькі на знешнюю прыгажосць, але і клапаціцца пра здароўе школьніка. Бо яму за партай сядзець амаль цэлы дзень у тым школьным адзенні, якое купіце. Перавагу лепш аддаваць тавару з натуральных валокнаў. Пры набыцці заплечніка, асабліва для вучняў малодшых класаў, правярайце, каб былі ў наяўнасці святлоадбівальныя элементы, артапедычная спінка, надзейныя лямкі, і важыць ён павінен не болей чым 700 грамаў. Для вучняў старшых класаў вага дапускаецца да кілаграма. Жадаем не памыліцца з выбарам. Бо як адзенеце дзіця, такі і настрой у яго будзе. Мы ж жадаем усім толькі добрага настрою!

Нэлі ЗІГУЛЯ

фота аўтара

У тэму

Дысцыплінуе і выхоўвае

Напярэдадні навучальнага года пытанне школьнага адзення вельмі актуальнае і важнае для бацькоў, школьнікаў, педагогаў, і яно значна шырэйшае і глыбейшае, чым проста акуратны выгляд вучня. Школа — не толькі веды, гэта выхаванне ў самым шырокім сэнсе, і знешнасць дзіцяці ў гэтым працэсе адыгрывае далёка не апошнюю ролю. Адзенне дзелавога стылю настройвае на працоўны лад, дысцыплінуе, не адцягвае ад вучобы, служыць згуртаванню калектыву і фарміруе карпаратыўную этыку. У канчатковым выніку — выхоўвае гонар за сваю школу, упэўнены намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ.

— Падыходы, якія былі выпрацаваны Міністэрствам адукацыі раней у частцы знешняга выгляду школьнікаў, захаваюцца і ў 2025/2026 навучальным годзе, але ўжо на заканадаўчым узроўні. Як усе мы ўжо ведаем, з 1 верасня ўступае ў сілу новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, дзе замацавана норма, якая рэгламентуе прысутнасць навучэнцаў на вучэбных занятках у адзенні дзелавога стылю. Выключэнне складаюць выпадкі, прадугледжаныя санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі, — гаворка ідзе пра ўрокі фізічнай культуры і працы. Самі патрабаванні да адзення дзелавога стылю вызначаны Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, — зазначыў намеснік міністра.

Па яго словах, адзенне дзелавога стылю ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваецца ўжо больш за 10 гадоў. Сёлета ва ўсіх школах і гімназіях па ўзгадненні з навучэнцамі і іх бацькамі прыняты рашэнні па колеравай гаме школьнага адзення — сіні, чорны, шэры, бардовы. Вызначаны яе адзіныя элементы: камізэлька, штаны, пінжак, кашуля, спадніца, сарафан, сукенка, блузка.

— Усё гэта робіцца калегіяльна — навучэнцамі, бацькамі, педагагічнымі работнікамі, — растлумачыў Аляксандр Кадлубай. — Улічваецца спецыфіка ўстановы адукацыі і практыка, якая ўжо склалася, у частцы школьнай формы. Галоўнае — камплект адзення павінен быць шматфункцыянальным, гігіенічным, зручным і, вядома, адпавядаць сучасным кірункам моды.

Ён таксама канстатаваў, што канцэрн «Беллегпрам» распрацаваў шырокі асартымент школьнага адзення, каталог якога ёсць на сайце Мінадукацыі і абнаўляецца штогод. З прапанаваных узораў кожны школьнік можа выбраць канкрэтную мадэль з улікам асаблівасцяў фігуры і ўласнага густу і дапоўніць яго адзінымі элементамі, якія вызначаны кожнай школай.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю