Top.Mail.Ru

Ці магчыма меншай колькасцю сродкаў стварыць паўнавартасны макіяж?

Аптымізуем касметычку


• Крэмавы хайлайтар выкарыстоўваем уласна як хайлайтар, а таксама ў якасці ценяў для павек. Гэта выдатны прыём для дзённага макіяжу, але — у маладым узросце. У сталым — хайлайтар здольны падкрэсліць навіслае павека і ў цэлым узроставыя змены зоны вачэй. І ў любым узросце пад вочы лепш наносіць сродкі без бліскавак. 

• Абысціся ўвогуле без набыцця хайлайтара дапамогуць светлыя цені «з мігаценнем» — колеру шампанскага або бэжавыя з шымерам. Можна паэксперыментаваць з крэмавымі або сухімі ценямі пры скульптурыраванні твару. 

• Бляск для вуснаў можна выкарыстоўваць і як памаду, і ў якасці румян. Памада на скулы замест румян — класіка яшчэ з часоў нашых бабуль. А румянамі, асабліва насычаных тонаў, замяняем памаду: дамагаемся патрэбнай ступені насычанасці колеру, пяшчотна ўбіваючы падушачкамі пальцаў пігмент у скуру вуснаў.

• Цінт для вуснаў некаторыя візажысты раяць выкарыстоўваць для стварэння румянцу. Але тут патрэбны пэўны спрыт, каб растушоўка была натуральнай: ёсць небяспека наставіць плям на шчоках, калі цінт дастаткова вадкі. Чым больш крэмавая тэкстура ў цінта, тым прасцей яго выкарыстанне ў якасці румян і нават ценяў. Велізарны плюс прадукту — стойкасць, якой хопіць на цэлы дзень. Сёння ёсць і танальныя цінты — іх, змяшаўшы з тонам, можна выкарыстоўваць для карэкцыі твару.



  1. Празрыстым гелем для броваў пры неабходнасці фіксуем дробныя валаскі ў прычосцы, калі няма пад рукой сродку для ўкладкі. 
  2. Аловак для вуснаў, калі вы ўпэўнены, што ён з гіпаалергенным складам (гэта важна для воднай лініі), дапушчальна прымяніць і ў зоне вачэй. 
  3. Танальны крэм спрацуе замест кансілера: дапаможа кропкава схаваць недахопы — цёмныя «кругі» пад вачамі або пачырваненні. 



Дарэчы

Тры апошнія мейкап-трэнды з сусветных подыумаў 

• Памада колеру фуксія вярнулася да нас яшчэ летась, але сёння яна — на піку папулярнасці. Мадэлі фарбуюць ёю не толькі вусны, але і павекі, скроні і нават бровы. Зразумела, што такі мейкап — толькі для модных паказаў. А вось патэсціраваць фуксію на вуснах, можа, і варта. 

• Мы доўга вучыліся «маляваць» далікатны румянец на выступаючай частцы скул, плаўна растушоўваючы яго да скроняў, каб атрымаць эфект ліфтынгу. Пара забыцца на гэта! У цёплым сезоне — 2026 у модзе «здаровы прыродны румянец» — па цэнтры шчакі. Гэта, дарэчы, малодзіць. І выглядае больш натуральна. 

• Блакітныя цені, здаецца, засталіся ў 1990-х. А вось і не: гэта хіт надыходзячага лета. Але — ніякага рэтра і настальгіі. У ХХІ стагоддзі блакітныя цені (абавязкова матавыя!) дапаўняем таксама блакітнай тушшу для веек або спалучаем з яркімі, выразнымі чорнымі стрэлкамі.

Алена ВАСІЛЬЕВА,

«Алеся»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю