Top.Mail.Ru

Ці магчыма перавесці «садовы» домік у жылое памяшканне, калі ён не ў садаводчым таварыстве, а ў вёсцы?

Надзея Мікалаеўна пражывае ў в. Васілінкі Слуцкага раёна. Жанчына марыць аб тым, каб перавесці свой садовы домік у «жылы», але мясцовыя ўлады не даюць на гэта дазвол. Як паведаміла жанчына, у 1992 годзе па рашэнні райвыканкама ёй індывідуальна выдзелілі ўчастак паміж жылымі дамамі ў вёсцы. «Там можна было пабудаваць садовы домік, займацца садоўніцтвам: я так і зрабіла. Плаціла падатак у сельсавет. А ў 2002-м перавезла ў Васілінкі бацькоў. Каб зарэгістраваць іх у доміку, напісала заяву ў сельсавет — маму і тату прапісалі. Ніхто тады не сказаў, што так рабіць нельга ці немагчыма». Пасля яна паспрабавала прапісаць сястру, але атрымала адмову. І вось ужо чатыры гады Надзея Мікалаеўна спрабуе вырашыць праблему, зрабіла дакументы, але ўсё без выніку. Са сваім пытаннем жанчына прыйшла на прыём да старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі...



У 2021 годзе да Надзеі Мікалаеўны прыехала з Украіны сястра. «Яна хацела зрабіць від на жыхарства, з гэтым пытанняў не ўзнікла. Потым я вырашыла прапісаць сястру ў садовым доміку, але мне ўжо кажуць, што па законе нельга — трэба пераводзіць садовы домік у жылое памяшканне. Пачала гэтым займацца. Чатыры гады хаджу па розных інстанцыях, каб вырашыць праблему: і ацэнку дома зрабіла, і тэхпашпарт, але толку ніякага. Нібыта няма такога закона, і кропка. Маёй маме ўжо 97 гадоў, калі яе не стане і ў доме ніхто не будзе прапісаны, мне давядзецца дорага плаціць за газ...»

Заяўніца здзіўляецца: многія цяпер, карыстаючыся «зямельнай амністыяй», узаконьваюць самавольныя пабудовы, пераводзяць нежылое памяшканне ў жылое. Чаму ёй нельга? «Кажуць, што да майго доміка гэта не адносіцца, таму што там праведзены газ, камунікацыі. Маўляў, трэба ўсё вярнуць у першапачатковы стан (а па факце разбурыць дабудаваную кухню, ванную, прыбіральню), паставіць печку. Але хіба гэта адзінае выйсце з сітуацыі?» — наракае жанчына.

Як адзначыў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аляксей Новікаў, уся праблема ў тым, што домік заяўніцы не ўваходзіць у садовае таварыства: «Калі б яна была ў таварыстве, магла б узяць даведку ў старшыні і пасля перавесці дом у жылое памяшканне. Але ў дадзеным выпадку ў Надзеі Мікалаеўны такой магчымасці няма, бо яна атрымлівала ўчастак пад будаўніцтва індывідуальна, яе домік знаходзіцца ў межах вёскі. З іншага боку, увесці садовы домік як жылы мы таксама не можам, бо па факце гэта нямэтавае выкарыстанне ўчастка».

Ён прапанаваў прыняць у эксплуатацыю жыллё Надзеі Мікалаеўны як садовы домік: «Заяўніца возьме адпаведную даведку ў сельсавеце. Такім спосабам яна сыдзе ад факта самавольнага будаўніцтва і вырашыць пытанне аб пераводзе садовага доміка ў жылы». Аднак начальнік Слуцкага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Аляксей Бандаровец засумняваўся: ці будзе дастаткова ў дадзенай сітуацыі толькі даведкі ад сельсавета...

«Так, на самай справе, па адміністрацыйнай працэдуры, каб зарэгістраваць самавольнае будаўніцтва ў садовым доміку, неабходная альбо даведка садаводчага таварыства, альбо рашэнне райвыканкама аб дазволе зарэгістраваць самавольныя пабудовы. Садаводчага таварыства няма. Ёсць населены пункт, у якім знаходзіцца зямельны ўчастак для вядзення індывідуальнага садаводства, таму і атрымаўся прабел. 

І такая сітуацыя, якую мы, згодна з дзейным заканадаўствам, закрыць не можам — няма магчымасці. 

А яшчэ сёння ў грамадзянкі зарэгістраваны гэты садовы домік, але ў ім ёсць самавольнае будаўніцтва. 

Само ж самавольнае будаўніцтва, самавольная перапланіроўка не зарэгістравана», — растлумачылі падчас прыёму грамадзян.

«Трэба ў любым выпадку шукаць выйсце, — катэгарычны губернатар Аляксей Кушнарэнка. — Будзем ствараць прэцэдэнт на карысць Надзеі Мікалаеўны. Чалавек пабудаваў дом у адпаведнасці з заканадаўствам. Яна ж не вінаватая, што будавала домік не ў садовым таварыстве, а ў межах вёскі. Нам трэба быць ініцыятарамі заканадаўчых змен. Тым больш, калі такога роду выпадкаў нямала. Звернемся па гэтай сітуацыі ў Дзяржкаммаёмасць, будзем таксама выступаць з ініцыятывай змяненняў у заканадаўстве, паколькі падобны выпадак не адзінкавы».

Як высветлілася, такая праблема сёння існуе ў Слуцкім і Салігорскім раёнах Мінскай вобласці і ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

У тэму

Мясцовыя органы ўлады сёння праводзяць вялікую работу для таго, каб у далейшым аказаць садзейнічанне насельніцтву ў выкарыстанні механізму «зямельнай амністыі», якая дазваляе ўзаконіць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі. «У 2022 годзе ўступіў у сілу абноўлены Кодэкс аб зямлі. Пасля гэтага была праведзена інвентарызацыя зямельных участкаў і зверка фактычна занятых меж з юрыдычнымі. Падчас апошняй па Мінскай вобласці было выяўлена каля 120 тысяч такіх участкаў. Наперадзе — вялікая работа, але заканадаўства дазваляе займацца ёю ў спакойным тэмпе, аказваючы садзейнічанне насельніцтву ў афармленні дадзеных участкаў», — адзначыла член Савета Рэспублікі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.

Copy of Наталья Якубицкая.JPG

Яна таксама звярнулася да жыхароў Мінскай вобласці і парэкамендавала ім скарыстацца ўнікальнай магчымасцю ў спрошчаным парадку ўзаконіць участкі. «Гэта не проста афармленне ўчастка, але і шэраг гарантый па яго захаванні ў тым ліку пры атрыманні ў спадчыну. Устанаўленне дакладных меж участкаў з дакументальным афармленнем іх — гэта яшчэ і абарона ад зямельных спрэчак», — паведаміла кіраўнік дэпутацкага корпуса Міншчыны.

Наталля Якубіцкая падкрэсліла: «Мясцовыя органы ўлады не толькі выяўляюць самавольна занятыя ўчасткі, але і вывучаюць праблемы, якія ўзнікаюць у рэгіёнах па пытаннях землекарыстання. Гэты вопыт у будучыні можа стаць асновай для карэкціроўкі артыкулаў закона. І мы абавязкова ім скарыстаемся. Будзем працаваць, збіраць пытанні, якія сёння, можа, яшчэ не дапрацаваныя, і ўносіць змяненні ў Кодэкс аб зямлі», — падагульніла сенатар.

Дарэчы, летась Мінскім абласным Саветам дэпутатаў праводзіўся маштабны семінар, на якім старшыняў сельсаветаў нацэлілі на ўзаемадзеянне грамадзян па легалізацыі і афармленні зямельных участкаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю