Top.Mail.Ru
193

Мароз да -33 градусаў: ці адменяць урокі ў школе?

Ці могуць адмяніць школьныя заняткі з-за маразоў, расказалі ў Міністэрстве адукацыі.



Па прагнозах на 2 лютага, тэмпература паветра ўначы і раніцай у некаторых раёнах краіны дасягне 31–33 градусаў марозу. 

Рашэнне аб прыпыненні заняткаў у школе прымаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады ў выпадку, калі ў 7 гадзін раніцы будзе зафіксавана тэмпература паветра на адзнацы мінус 25 градусаў і ніжэй і хуткасць ветру больш за 3 м/с. У сувязі з гэтым мясцовыя органы кіравання адукацыяй загадзя даводзяць да бацькоў інфармацыю аб арганізацыі навучальных заняткаў і падвозе навучэнцаў.

У Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі паведамілі, што не дапускаецца правядзенне навучальных заняткаў па фізічнай культуры, спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўляльных мерапрыемстваў з вучнямі на адкрытым паветры пры тэмпературы паветра ніжэй за 15 градусаў марозу і хуткасці руху паветра больш за 3 м/с.

У ведамстве таксама звярнулі ўвагу на тое, што кіраўнік установы адукацыі павінен абмяжоўваць працягласць прагулак або ўвогуле адмяняць іх для дзяцей у дрэннае надвор’е (напрыклад, мароз, пранізлівы вецер) і пры надзвычайных сітуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару. Прагулкі таксама скарачаюцца або адмяняюцца пры ветры хутчэй за 3 м/с і 15 градусаў марозу і ніжэй для дзяцей да 3 гадоў, мінус 18 градусаў і ніжэй — для дзяцей 3–7 гадоў, і пры 22 градусах марозу і ніжэй — для школьнікаў ад сямі гадоў і старэй. Пры гэтым у час прагулкі павінны быць забяспечаны рухальная актыўнасць дзяцей, адзенне і абутак, якія адпавядаюць умовам надвор’я.

У Мінадукацыі заўважылі, што з улікам умоў надвор’я ў канкрэтнай мясцовасці, а таксама адлегласці, якую дзіцяці неабходна адолець да ўстановы адукацыі, бацькі таксама маюць права прыняць рашэнне адпраўляць ці не адпраўляць вучня ў школу. Пры гэтым яны абавязкова загадзя павінны праінфармаваць аб гэтым класнага кіраўніка (выхавальніка дзіцячага садка). У такім выпадку па месцы знаходжання дзяцей павінны быць забяспечаны максімальна бяспечныя ўмовы. Калі дзіця застаецца дома, то дадатковыя дакументы ва ўстанову адукацыі падаваць не спатрэбіцца.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю