Top.Mail.Ru

Ці можа быць «фаст-фуд» карысным? Беларускія навукоўцы працуюць над тым, каб было менавіта так

Калі ў мінулыя дзесяцігодзі харчовая індустрыя арыентавалася на колькасныя паказчыкі і масавую цэнавую даступнасць прадуктаў, сёння правілы мяняюцца.


Пакупнік стаў выбіраць асаблівыя прадукты. Напрыклад, ён ужо думае пра зніжэнне энергетычнай каштоўнасць ежы, пры гэтым шукае тавары з павышаным утрыманнем бялку, узбагачаныя мікраэлементамі і клятчаткай. Ён звяртае ўвагу на зніжэнне цукру і солі, сінтэзаваных дабавак на карысць натуральных тэхналагічных інгрэдыентаў. Расце запыт на прадукты «хуткага перакусу», але сучасны спажывец чакае новага «фаст-фуду», які будзе ўпісвацца ў канцэпцыю здаровага харчавання.

Як новыя запыты задавольваюцца дзякуючы распрацоўкам навуковых цэнтраў, даведаліся ад саміх вучоных на міжнароднай канферэнцыі «Інавацыйныя тэхналогіі ў харчовай прамысловасці».


Ці каштавалі вы аквафабу?

Навукова-практычны цэнтр па харчаванні толькі ў кірунку дзіцячага і функцыянальнага харчавання на сёння распрацаваў і ўкараніў больш як 250 унікальных рэцэптур. Сюды ўваходзяць спецыялізаваная сокавая прадукцыя, плодаагароднінныя кансервы для харчавання немаўлят, дашкольнікаў і школьнікаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца кандытарскім вырабам, таксама эструдзіраваным прадуктам новага пакалення без дабаўлення цукру, дзе салодкасць і структура дасягаюцца дзякуючы тэхналогіям, выкарыстанню фруктовых пюрэ, дэкстрозы, прабіятычных харчовых валокнаў.

Распрацавана 41 рэцэптура плодаагародніннай кансерваванай прадукцыі, сярод якой ферментаваныя садавіна і агародніна, а таксама пекцінаўтрымліваючыя прадукты, супы-пюрэ. Кансерваваныя прадукты вырабляюцца і на аснове нуту як крыніцы расліннага бялку.

Адзін з найважнейшых кірункаў, якія знаходзяцца пад увагай вучоных, — распрацоўка спецыялізаванага лячэбнага харчавання. Цэнтр можа пахваліцца больш чым двума дзясяткамі такіх прапаноў. Гэта нізкабялковыя і безглютэнавыя вырабы, кашы, бульбяное пюрэ, сумесі для выпечкі, макаронныя вырабы. Беларускія вучоныя заўважылі і запатрабаваны ў інтэрнэце харчовы трэнд — «аквафабу» — вадкасць, якая застаецца пасля варэння або кансервавання бабовых. У працэсе гатавання ў ваду пераходзяць бялкі, крухмал, пекціны. Дзякуючы гэтаму яна набывае вязкасць, добра ўзбіваецца і можа выкарыстоўвацца як раслінны аналаг яечнага бялку. Нашы навукоўцы прапануюць вытворчасць новага сухога высокабялковага прадукту.


Безлактозная «малочка» і малочныя цукеркі

Паводзіны сучаснага спажыўца, які «разбэшчаны» шырокім асартыментам, прадстаўленым на паліцах, прымушаюць вучоных працаваць як над зменамі смаку традыцыйных прадуктаў, так і над пошукам новых рэцэптур. Нават функцыянальнае харчаванне сёння становіцца разнастайным. Так, беларускімі вучонымі распрацавана лінейка безлактозных прадуктаў. Закрыты практычна ўвесь асартымент. Гэта цэльнамалочныя, кісламалочныя прадукты, сыры і нават марожанае.

Вучоныя распрацоўваюць прадукты спецыялізаванага прызначэння для тых, хто займаецца спортам, разумовай дзейнасцю. Клапоцяцца пра пашырэнне асартыменту для цяжарных і кормячых жанчын, людзей з пэўнымі захворваннямі. Вядуцца работы, звязаныя з вытворчасцю прадуктаў для актыўнага доўгажыхарства, узбагачаных вітамінамі, амегай. Дзецям можна прапанаваць прадукты з дабаўленнем казінага малака. Распрацоўваецца харчаванне для хлопчыкаў і дзяўчынак з павышаным індэксам масы цела. Нават прысмакі сёння мяняюцца. Вучоныя ганарацца такой карыснай навінкай, як малочныя цукеркі.


Не каўбаса, а стэйкі і снэкі

Сярод сучасных «мясных» трэндаў — попыт на гатовую ежу. Па-ранейшаму ў спажыўцоў больш запатрабаваныя каўбасныя вырабы, пры гэтым унутры дадзенай групы прадукцыі перавагі змяняюцца — вырасла пакаленне, якое замест варанай каўбасы выбірае прадукты для перакусу «на хаду». Расце попыт на прэміум прадукты: спажывец рублём галасуе за якасць і асаблівасць прадукту. Таму сёння на паліцах ужо актыўна прадстаўлены стэйкі са свініны і ялавічыны, у тым ліку мармуровай, снэкі з ялавічыны і мяса птушкі. З’явіўся і новы запыт — сёння людзі гатовы плаціць за кармы «прэміум класа» для хатніх гадаванцаў, і чаму б ім не прапанаваць такі айчынны мясны прадукт.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю