Ці можна навучэнцам, для якіх патрабуецца стварэнне асаблівых умоў, прыносіць тэлефоны на ЦЭ, расказала журналістам начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Каржова, перадае БелТА.
«У мінулым годзе ўзнікалі пытанні з допускам у пункт правядзення цэнтралізаванага экзамену навучэнцаў, для якіх патрабуецца стварэнне асаблівых умоў, у першую чаргу для навучэнцаў, хворых на цукровы дыябет, з парушэннем слыху або апорна-рухальнага апарату. Таму ў інструкцыю па арганізацыі і правядзенні ЦЭ былі ўнесены адпаведныя змены. Так, удзельнікі экзамену, якія ў 11-м класе выкарыстоўваюць прылады, у тым ліку мабільнай сувязі, з праграмным забеспячэннем для кантролю стану здароўя, дапускаюцца ў аўдыторыю з гэтымі прыладамі. Пры гэтым дадатковыя медыцынскія даведкі падаваць ва ўстанову адукацыі не патрабуецца», — патлумачыла Ірына Каржова.
Паводле яе слоў, інфармацыя, якая пацвярджае выкарыстанне такіх прылад, уносіцца ўстановай адукацыі пры ажыццяўленні рэгістрацыі навучэнцаў на ЦЭ. Гэта ж катэгорыя навучэнцаў можа не прымаць удзел у жараб'ёўцы месцаў для размяшчэння ў аўдыторыі правядзення экзамену. Размяшчэнне такіх навучэнцаў ажыццяўляе педагагічны работнік, які знаходзіцца ў аўдыторыі, дзе праходзіць ЦЭ.
«Удакладнены патрабаванні да калькулятараў, якія можна выкарыстоўваць пры выкананні экзаменацыйнай работы па хіміі і фізіцы. Калі раней дазвалялася выкарыстоўваць калькулятар, які не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі, то цяпер у інструкцыі выразна прапісана: можна выкарыстоўваць просты, аднарадковы калькулятар, які дазваляе выконваць толькі арыфметычныя дзеянні — складанне, адніманне, дзяленне, множанне, здабыванне квадратнага кораня», — дадала Ірына Каржова.Акрамя таго, з гэтага года педагог, які выкладае прадмет, па якім праводзіцца экзамен, не павінен знаходзіцца ў аўдыторыі. Узмоцнены патрабаванні, якія датычацца таго, што ўдзельнікам ЦЭ не дазваляецца выносіць з аўдыторыі і пункта правядзення ЦЭ запісы са зместам заданняў на любым носьбіце. Праносіць у аўдыторыю любыя матэрыялы таксама забаронена. Як і ў мінулыя гады, мабільныя тэлефоны неабходна пакінуць у спецыяльна выдзеленым для гэтага месцы.