Яшчэ гадоў 10-15 таму турызм пазіцыянаваў сябе як эканоміка ўражанняў. Ключавымі пры фарміраванні тураў і маршрутаў лічыліся яркія эмоцыі спажыўца, а галоўным крытэрыем поспеху — уменне ператварыць адпачынак кліента ў захапляльнае дзейства. Убачыць раней нябачанае, пакаштаваць раней некаштаванае, адчуць раней ніколі не адчутае — такім было патрабаванне. Сёння запыт турыстаў «пасталеў».
У апошнія гады адным з ключавых у сферы турызму стаў аспект гуманізацыі, адзначалі прафесіяналы індустрыі турызму і адпачынку падчас ІІІ Міжнароднага турыстычнага форуму, які прайшоў у беларускай сталіцы. Безумоўна, і запыт на яркія станоўчыя ўражанні нікуды не сышоў. Але сучасны турыст чакае ад экскурсавода, аўтара турыстычнага маршруту або нават шматдзённага туру ў тым ліку (і часта ў першую чаргу) магчымасці развіцця сваёй асобы, падкрэсліла доктар эканамічных навук, прарэктар па развіцці праграм магістратуры і аспірантуры
Расійскай міжнароднай акадэміі турызму, член Камітэта развіцця ўстойлівага турызму Расійскага саюза туріндустрыі Таццяна РАСОХІНА. У сістэме развіцця турызму сёння з’явіўся новы элемент — і гэта аспект гуманізацыі. Сучасны турызм трансфармуе і развівае асобу, падкрэсліла эксперт. І гэта запыт не толькі дзяржаўных структур. Гэта пажаданне непасрэдных спажыўцоў. Турызм толькі ўражанняў і эмоцый застаўся ў мінулым, сёння вандроўнікі хочуць даведвацца пра нешта новае, атрымліваць непаўторны інтэлектуальны і духоўны досвед. І задача людзей, што працуюць у сферы турызму, — фарміраванне такіх развіццёвых прадуктаў.
Ад Магілёва да Юпітэра
Калі ад тэорыі перайсці да практыкі, то менавіта на гэты запыт — паўнавартасна адпачыць, вырвацца са звыклага «дня сурка» і пры гэтым стаць больш адукаванай і рознабаковай асобай — у першую чаргу накіраваны новыя беларускія турыстычныя прадукты. Новыя маршруты, як правіла, маюць варыянты больш працяглы і скарочаны, які дазваляе ўбачыць за пару гадзін найбольш знакавыя славутасці рэгіёна. Так, напрыклад, турыстычная праграма «Магілёў — абіцель льва» прадугледжвае альбо шэсць гадзін агляду славутасцяў аднаго з найстаражытнейшых і найпрыгажэйшых гарадоў нашай краіны, альбо пяць дзён. Першы варыянт уключае палац Каніскага (Віленскае барока), Свята-Мікольскі манастыр, сабор Успення Дзевы Марыі. За пяць дзён госці цалкам паглыбяцца ў непаўторны вайб горада, павандруюць па яго наваколлях.
Ёга-туры і рэтрыты — адзін з модных кірункаў сучаснага турызму: медытацыі, песні і мантры ў антуражы некранутай прыроды... Сёння па ўсё гэта не трэба ехаць у Індыю, можна здзейсніць этнападарожжа і ў Беларусі. Сярод новых распрацовак гомельскіх экскурсаводаў — маршрут «Этнасцежка». Экскурсія аб’ядноўвае дэндратэрапію, міфалогію, варажбу, медытацыі, чаяванне і знаёмства са старадаўнімі мясцовымі абрадамі. Навагрудак робіць стаўку на містыку, і гэта вельмі запатрабавана ў першую чаргу моладдзю. Ідэя літаральна «ляжала на паверхні», бо гісторыя гэтага горада поўная таямніц і легенд. Экскурсія «Начная містэрыя. Дамініканцы Навагрудка» распрацавана нядаўна, але ўжо паспела «абрасці» ўласнымі легендамі. Пра яе чулі нават за межамі нашай краіны.
— Госці прыязджаюць і з Сочы, і з Краснадара, — адзначае прадстаўнік турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Навагрудка Ульяна Вайтовіч. Праграма экскурсіі трымаецца ў сакрэце: інакш «будзе нецікава». Вядома толькі, што частка падзей адбываецца ў тысячагадовай крыпце, частка — пад велічныя гукі аргана.
У Навагрудку, як мы ўжо адзначалі, неверагодна прыдатная глеба для «готыкі» і «містыкі». Напрыклад, там ёсць дзве версіі цудатворнага вобраза Божай Маці (праваслаўная і каталіцкая), найстаражытнейшы ў краіне касцёл і найстаражытнейшы мужчынскі манастыр. А акрамя таго — адзіная ў свеце фігура Маці Божай цяжарнай. Баранавічы акрамя новага экскурсійнага праекта — таямнічага начнога квэсту, які арганізоўвае Музей чыгункі і які ўжо карыстаецца папулярнасцю, развіваюць гастранамічны турызм. Не, гэта не старадаўняя мясцовая кухня, а дзень сённяшні рэгіянальнай гастраноміі. «Лодачкі» з Баранавічаў вядомыя моладзі і ў іншых населеных пунктах нашай краіны. Гэта стрытфуд, нацыянальная варыяцыя хот-дога.
У Беларусі шмат населеных пунктаў з дзіўнымі назвамі: Юпітэр і Марс, Балі, Манголія і Дублін... Не так даўно было модна ездзіць па такіх вёсках, рабіць сэлфі каля дарожных паказальнікаў з гэтымі і іншымі неверагоднымі назвамі і выкладваць у Іnstagram. Калі не паспелі далучыцца да мэйнстрыму, самы час зрабіць гэта: Паставы запрашаюць у беларускі Парыж. У праграме маршруту «Ад Лынтуп да Парыжа. Падарожжа па Пастаўскім краі» — старадаўнія сядзібы, цэрквы і касцёлы, а таксама апошні ўстаноўлены ў Савецкім Саюзе помнік Леніну і сапраўдны беларускі вадаспад: па ім, калі хопіць духу, можна сплавіцца на байдарцы.
Яшчэ адзін трэнд сучаснага турызму — роўныя магчымасці для ўсіх. Ваўкавыск распрацаваў новы маршрут з акцэнтам на інклюзіўнасць, для людзей са слабым зрокам і слыхам. Праект сапраўды ўнікальны, першы ў нашай краіне. Распрацаваны маршрут спецыялістамі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Экскурсіі праводзяцца на беларускай і рускай мовах, а таксама з дапамогай шрыфту Брайля і жэстаў.
Ад Дагестана да Амана
Калі ўсё ж вабяць далёкія краіны, новых цікавых напрамкаў для беларускіх турыстаў таксама дастаткова. Частка з іх, дарэчы, — добра забытае старое.
— Адпачынак у Дагестане сёння набірае папулярнасць у беларускіх турыстаў, — распавёў памочнік кіраўніка кампаніі «Dag Tour» Марат БАЙРАМАЎ. — З Беларусі ў сакавіку лёталі ў Дагестан два рэйсы, у красавіку іх стала тры.
Адпачынак у Дагестане — гэта пяцізоркавыя гатэлі (ёсць і больш бюджэтныя варыянты), кажа суразмоўнік. Гэта пляжны «лянівы» варыянт і горныя лыжы для тых, каму проста ляжаць на шэзлонгу сумна. Гэта шматдзённыя і аднадзённыя экскурсіі, унікальныя гістарычныя і прыродныя помнікі. Дадатковы аргумент на карысць гэтага напрамку — гастраномія.
Яшчэ адзін незаслужана забыты напрамак, які беларусы сёння адкрываюць нанова, — Узбекістан.
— Наша краіна можа прапанаваць самыя розныя віды турызму — ад аздараўленчага да экстрэмальнага, гісторыка-культурнага, падзейнага, — кажа спецыяліст Камітэта па турызме Узбекістана Наргіс ЗІКРЫЯХАДЖАЕВА. — Зімой папулярныя нашы гарналыжныя курорты з трасамі рознай складанасці, восенню і летам наша краіна — гэта багацце садавіны, вясной — кветкавы рай.
Хочацца забрацца яшчэ далей? Тады Аман! Краіна сёння мае прамыя авіязносіны з Мінскам. Самалёты ўзнімаюцца ў неба чатыры разы на месяц і бяруць курс на Салалу, на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна. Грамадзянам Беларусі віза не патрэбна пры знаходжанні ў краіне 14 дзён.