Нягледзячы на вядомасць гісторыі (у тым ліку дзякуючы бліскучым ролям Яўгена Лявонава, Мікалая Карачанцава і Міхаіла Баярскага ў экранізацыі 1975 года) ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры вырашылі яе ўвасобіць на сцэне, рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Аксёнкіна прадставіла прэм’еру напрыканцы тэатральнага сезона.

Можна дакладна прагназаваць поспех пастаноўкі ў людзей больш сталага веку: яны могуць памятаць і параўноўваць. А моладзь будзе адкрываць для сябе нечаканы сюжэт, які сёння можа падавацца крыху нерэальным: змянілася жыццё і стасункі паміж людзьмі, праўда, гэта не значыць, што перавяліся наіўныя і даверлівыя «сарафанавы», якія збоку падаюцца дзівакамі. А што да авантурыстаў-падманшчыкаў, то яны цяпер больш прагматычныя. Але ж хто ўпэўнены, што не можа быць студэнта, які па сітуацыі дзеля цёплага начлегу раптам вырашыў правучыць дарослага дзядзьку, паводзіны якога падаюцца не надта маральнымі?..
Студэнт-медык Уладзімір Бусыгін жа і сам паступае зусім не сумленна, апынуўшыся з выпадковым знаёмым недзе на ўскраіне, калі электрычкі да горада ужо не ездзяць. Трэба шукаць начлег, а ўсе адмаўляюць. І толькі ў адной кватэры яшчэ не спяць. Тата Андрэй Сарафанаў заклапочаны станам сына, які рызыкуе не скончыць школу з-за раптоўнага кахання да дзяўчыны, якая нашмат старэйшая і працуе ў судзе. Менавіта да яе тата юнака ідзе позна ўвечары, каб дамовіцца пра прыязнасць да сына, які пагражае з’ехаць з дому. Гэта калі ведаць абставіны, а збоку ўсё выглядае зусім інакш. Гэтым і вырашылі скарыстацца Бусыгін і яго выпадковы знаёмы па мянушцы Сільва, падмануўшы Сарафанава і яго дзяцей. А тыя нібыта і самі рады быць падманутымі ў тым, што Валодзя — старэйшы сын Андрэя Рыгоравіча, пра якога бацька проста не ведае. Вася і тата з задавальненнем прызнаюць у ім свайго. Сястра Ніна спрабуе выказаць сумневы, але вельмі хутка сама пачынае сімпатызаваць маладому чалавеку. Як жа яму выбрацца з такой сітуацыі?..
І смех, і грэх, як кажуць. Таму што ў нас на вачах усё яшчэ больш заблытваецца: павёўшы ноч за душэўнымі размовамі з «татам», студэнт вырашыў затрымацца на дзень і нават паглядзець на жаніха Ніны, які павінен прыйсці ўвечары, каб забраць яе з сабой на Сахалін. Аўтар пісаў п’есу як камедыю — фактычна так і ёсць, але з-за складаных адносін герояў і пэўнай засяроджанасці на іх псіхалогіі, у рэжысёра Таццяны Аксёнкінай атрымаўся больш меладраматычны ўхіл, але без залішняга абцяжарвання. Зрэшты, гэта тое, што прыцягвае ў маладзёжны тэатр пэўную катэгорыю гледачоў. На сваіх надзейных прыхільнікаў спрацавалі, стварыўшы спектакль пра добрыя пачуцці і сапраўдную чалавечнасць, якая робіць людзей вельмі блізкімі, нават роднымі, нягледзячы на рэальнае паходжанне.
Канешне, каб данесці такія думкі са сцэны і ўвасобіць вампілаўскія вобразы, патрэбны акцёры пэўнага ўзроўню. І варта парадавацца за Юрыя Шэланкова, які бліскуча сыграў бацьку-Сарафанава. Нібыта на яго пісалася і ставілася! (Хоць у маладзёжным тэатры ёсць яшчэ адзін выканаўца гэтай ролі — Сяргей Шаранговіч, артыст зусім з іншым тэмпераментам, таму, відаць, гэта будзе іншы варыянт адной і той жа пастаноўкі). Для больш дакладнага ўвасаблення сэнсу мае вялікае значэнне дуэт таты-Шэланкова і яго наваяўленага сына (падчас прэм’еры яго іграў Аляксей Вінаградаў), які адчувае: перад ім харошы чалавек у няпростых абставінах, на якія можна паўплываць, і пачынае актыўна ўваходзіць у справы сям’і. Харызматычны гандлёвы агент Сямён-Сільва Уладзімір Бажкоў, які ходзіць з гітарай і спявае. Наогул песенныя эпізоды, якіх у спектаклі некалькі, ажыўляюць дзею (хоць і робяць спектакль крыху больш працяглым).

Пра музычнае афармленне паклапаціўся Міхаіл Коранеў. Нібыта з нейкага далёкага жыцця прыйшла песня Акуджавы «Дзяжурны па красавіку», якую спявае Вася Сарафанаў (на яго ролю прызначаны маладыя артысты Дзмітрый Стасюк і Дзяніс Нейра-Любецкі), безумоўна, яе пазнае частка публікі, а моладзь можа і пацікавіцца, што за музыка гучала раней. Яна пасуе антуражу, які мы бачым на сцэне — а гэта то далёкі прыгарад з ліхтарамі, паштовымі скрынямі ды тэлефоннымі будкамі, то кватэра Сарафанавых, дзе ўсё вельмі сціпла: стол, да якога падстаўляюцца розныя крэслы, частка сценкі з прыхожай з торбамі і рэчамі, «парадная» частка з партрэтамі кампазітараў і палічкай для кларнета, на якім іграе тата. Сцэнічная прастора хутка і лёгка трансфармуецца дзякуючы рашэнню мастака-пастаноўшчыка Таццяны Мацкевіч.
Мастак па касюмах Лідзія Малашэка апранула герояў у строі, якія не прывязаныя да часу: то бок, падобная гісторыя магла б здарыцца калі заўгодна, таму што для людзей важная любоў — менавіта яе шукаюць кожны па-свойму) ўсе дзеці Сарафанава і яго названы старэйшы сын. А ў таты, якога лічаць няўдачнікам, яе — на ўсіх з лішкам. На ўсіх дзяцей гэтага свету. Не кожны шчасліўчык мае такое вялікае сэрца. Не дзіва, што юнак — па-сутнасці — таксама добры чалавек, гатовы адкрыць сваё сэрца і прыляпіцца да гэтага дома, нягледзячы на тое, што ёсць рызыка, што падман будзе раскрыты. Да чаго гэта прывядзе ў выніку, варта паглядзець. А пасля яшчэ звярнуцца да фільма, каб належным чынам ацаніць нашых артыстаў.
Фота аўтара