Top.Mail.Ru
340

Ці можна скараціць тэрмін замены ліфта ў жылым доме?

Ад жыхароў, кватэры якіх размешчаны на верхніх паверхах, часам паступаюць нараканні, што занадта доўга вядуцца работы па замене ліфта. Ці можна скараціць часавы інтэрвал, пракаменціраваў дырэктар ЖКГ Заводскага раёна г. Мінска, дэпутат Мінгарсавета Міхаіл Варыкаш.


— Працягласць будаўніцтва, у тым ліку падрыхтоўчы перыяд, залежыць ад некалькіх фактараў, — растлумачыў Міхаіл Варыкаш. — Закладзеныя ў праекце тэрміны на замену аднаго ліфта, якія разлічваюцца з улікам тэхнічных патрабаванняў, складаюць 3,5-4 месяцы. На практыцы іх атрымліваецца скараціць удвая — прыкладна да 1,5-2 месяцаў, з іх будаўніча-мантажныя і пусканаладачныя работы займаюць 1-1,5. Паскорыць гэты працэс нельга нават чыста фізічна: у шахту ліфта не змесцяцца больш за тры работнікі. Далей — абследаванне і выдача заключэння Дзяржпрамнагляду. У склад прыёмачнай камісіі, акрамя спецыялістаў гэтай арганізацыі, таксама ўваходзяць прадстаўнікі абслугоўваючых прадпрыемстваў — «Белліфт» і «Ліфтсэрвіс» у залежнасці ад раёна горада, ЖКГ раёна, тэхнагляду, МНС і завода-вытворцы «Магілёўліфтмаш». Калі маюцца заўвагі, падрадчык іх ухіляе, і праверка праводзіцца паўторна. Усё гэта патрабуе часу. Трэба разумець, што ліфт — гэта тэхнічна складаны аб’ект падвышанай небяспекі. У ходзе яго замены неабходна здзейсніць шэраг працэдур згодна з устаноўленым рэгламентам.

У большасці выпадкаў акт прыёмкі падпісваецца з першага разу, вытворчы брак ці некамплектнасць выяўляюцца рэдка, адзначыў кіраўнік.

— Трэба аддаць належнае падрадным арганізацыям — усё робяць якасна, да таго ж ход работ кантралююць наглядныя органы. Падрадчык вызначаецца па выніках таргоў з прыцягненнем «Тэндэрнага цэнтра Мінгарвыканкама», — дадаў Міхаіл Варыкаш.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю